Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/29

§ 28. Знакі прыпынку пры пабочных словах § 29. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 30. Знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 29. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе.

І. Коска.

Правіла 7. 1) Калі падобныя члены зьлітага сказу ня зьвязаны ніякімі злучнікамі, то аддзяляюцца коскамі, за выключэньнем апошняга члена, пасьля якога коска ня ставіцца; напр.: Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць. Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня.

2) Але коска ня ставіцца, калі два падобныя члены зьвязваюцца злучнікам і альбо злучнікамі ды, да, або, ці, якія таксама можна замяніць злучнікам і; напр.: Перад ім цьвілі і пахлі лугі і нівы залатыя. Сонца высока стаіць на небе ды (=і) бяз жалю паліць землю. Прыляцела ластаўка з далёкага выраю ды (=і) зашчабятала. Жыў сабе дзед да (=і) баба. Жыта жнуць, вяжуць, сушаць, звозяць у гумны або (=і) складаюць у копы. Жыта сушаць на сонцы ці (=і) дома на печы ды (=і) мелюць у жорнах або (=і) ў мліне.

3) Коска ставіцца, калі аднакія члены зьвязаны злучнікамі: а, але, ды (=але), да (=але); напр.: Саха і барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Жыта злажылі, ды (=але) не надоўга. Шырокі двор, да (=але) невялікі збор.

4) Таксама ставіцца коска, калі злучнікі паўтараюцца, напр.: Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні кветак, ні грыбоў. Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесені. То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны.

5) Калі другі выказьнік у зьлітым сказе выражае пазьнейшае дзеяньне або вынік з першага, то ставяць коску нават перад адным злучнікам і; напр.: З захаду насунулася цёмная хмара, ды закрыла ад людзей гарачае сонца. Ідзе жняя, і весела пяе. Я быў хворы, і ня мог прысьці на лекцыі.

Увага 1-ая. Трэба адрозьніваць злучнік і ў зьлітым сказе ад злучніка і, якім пачынаецца новы сказ з сваім асобным дзейнікам; тады перад і ставіцца коска. (Сонца прыгрэе, і сьнег растае. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара).

Увага 2-ая. Злучнік „і“ можа быць памацняльным словам, напр.: Вот і ўсё. Вот і добра. І туз часам ваду возіць.

У такіх разох злучнік „і“ часта мае значэньне прыслоўя „нават“, „таксама“, напр.: Няўжо-ж ты і (=нават) гэтага ня ведаеш? Прышло і (=таксама) лета.

Практыкаваньне 7. Сьпісаць ды заўважыць знакі прыпынку ў зьлітым сказе.

Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Назіму абміраюць і вужакі, і жабы, і яшчаркі. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню, але сьвяціла яшчэ горача. Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць. Песьні, крык і гоман слухаў дзед Завала. І зелень, і кветкі, і песьні, і неба вясёлая яснасьць. Тут былі і старыя, і малыя, бабы і дзеці. Вераб’і і вароны, і галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Вербы і вольхі калышуцца глуха. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засьвістаў. Цьвёрдую глебу рэж, уздымай. Надышла хмара з громам, з маланкаю. Зацьвіла яблыня, сьліва і груша. Весела і хутка, мінюта ў мінютку сойдзе нам час. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пранёсься ў небе першы гром. Над лесам бліснула яркая, борздая маланка ды на́крыж перасекла хмару. Павеяў вецер, і пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Край неба блішчаў шырокаю чырвонаю стужкаю. Цемната ўсё гусьцела і гусьцела ды закрывала ад вачэй і, поле, і лес. Зоркі блішчалі і пераліваліся дзіўным блескам. Круглы месяц запаліў ліхтарык ды ціха сьвяціў над чорнай зямлёю. Поле, луг і гай, і лес схаваліся ў цьме і ночы. Дрэвы, гумны, хаты абліліся ціхім сьветам месяца.

Сядзіць наш дзядзька, пазіхае і служку-стоража чакае. Ляціць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Чалавек бачыць вачыма, чуе вушамі, нюхае носам. З гліны людзі робяць цэглу, гаршкі, а з пяску — шкло. На чужыне птушкі гнёзд ня ўюць, песень не пяюць, а толькі цярпліва чакаюць, калі кончыцца наша зіма. Мор і голад, і паводкі іх спалохаць не маглі. Лес наступаў і расступаўся, лужком зялёным разрываўся. Садок быў, праўда, невялічкі: дзьве вярбіны да тры дзічкі. За хатай поле пачыналася, дзе рос авёс, ячмень і грэчка.

ІІ. Двукроп’е, працяжнік і кропка з коскай у зьлітым сказе.

Правіла 8. Часам перад аднакімі членамі ў зьлітым сказе стаіць слова, якое абагульняе гэтыя члены; тады перад пералічэньнем іх ставіцца:

А) Двукроп’е, калі слова, што абагульняе, стаіць з іншымі якімі-небудзь словамі; напр.: З гліны чалавек робіць такія рэчы: цэглу, гаршкі, гарнушкі, міскі і талеркі.

Б) 1) А калі слова, што абагульняе, стаіць адно, бяз іншых якіх-небудзь слоў, то ставіцца працяжнік; напр.: Усюды — направа і налева быў парадак там і лад.

2) Працяжнік ставіцца яшчэ, калі такое слова стаіць пасьля пералічэньня аднакіх членаў, напр: Хата і сені, лава і печ старая — усё ня так, як дома.

3) Таксама ставіцца працяжнік тады, калі зьліты сказ пачынаецца доўгім радам аднакіх членаў. (Абломкі хат, бярвеньне, кроквы, старыя шулы, пажыткі людзкія, сарваныя навальніцай масты, труны з размытых могілак — плылі па вуліцах).

Увага. Калі ў зьлітым сказе няма слова, якое абагульняла-б аднакія члены, то перад імі ніякага знаку ня ставіцца. (Увосень усе птушкі вылятаюць у вырай, астаюцца толькі вераб’і, галкі, вароны, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак).

В) Кропка з коскаю. Значна пашыраныя аднакія члены ў зьлітым сказе аддзяляюцца часам кропкай з коскай заместа коскі. (Апусьціў Алесь галоўку; у ручках клуначак трымае; кулачкамі ўціхамоўку вочкі выцірае).

Практыкаваньне 8. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку пры аднакіх членах у зьлітым сказе.

І ў Сымонкі прад вачыма ўсталі родныя куткі: хата бацькава, радзіма, жыцьця раніцы дзянькі. У вадзін год яны радзіліся, разам расьлі, разам гулялі, разам вучыліся і разам пасьвілі скацінку ў полі. Чуецца говар мне сьпелае нівы — ціхая жальба палёў, лесу высокага гоман шчасьлівы, песьня магутных дубоў. Сын каля камінку корчык падкладае, з бацькавай работы вочак ня спушчае. Ціха цячэ ў нас Нёман, і ціха і смутна, як час па растаньні. Ня імчыцца ён з рызыкай уперад, ня шуміць, ня гудзе і ня пышыцца сілай, а паволі, ступою, як скуты журбою, льлецца, як срэбра, па родным грунце. Міл яму ціхі гаёк каля лесу, любы зялёныя доўгія ніўкі, мілы лясы, пяшчаныя выдзьмы, горы, азёры, лугі, сенажаці, люб яму і жоўты пясочак на ўласным беразе. Першыя кветкі, зялёная травіца, сьпевы птушак — усё паказвала, што пачалася вясна. На полі часьцей сталі паказвацца людзі то з бараною, то з сахою, то з возам гною. Усе гаспадарскія прылады: калёсы, сані, барана, вупраж на каня — усё было наладжана ды трымалася ў парадку. І гэты смагай лес засланы, і родны Нёман, і курганы, і хвайнякі, і грушы ў полі — усё блізка сэрцу яго стала. Як усё тут мудра збудавана, як чыста, хораша прыбрана! У кожны міг каня-чыгункі зьяўлялісь новыя малюнкі: слупы мігцелі верставыя, дарожкі, сьцежачкі крывыя, лясы, гаёчкі вынікалі, і цэркві вежамі блішчалі. Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед: і ноч, і дзень, і цьма, і сьвет; і песьні кліч, і сьмерці цьвет. Нашы хаты, вёскі, сёлы сівым мохам абрасьлі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і іншыя. Пачаліся на полі работы: прышлі жнеі з сярпамі, касцы з касамі, гаспадары з жнівяркамі. Прыемна глядзець на мора, стоячы на беразе або едучы на параходзе. Ляцяць птушкі ў вырай розна: жураўлі — ключамі, гусі — наўскось радком, качкі — папярочнымі роўнымі радкамі, а шпакі і салаўі — чародкамі. Выходзіў меншы брат увечар на двор, браў сваю скрыпку, садзіўся на прызьбе каля хаты ды граў. Старшы брат пазіраў сьмела, гаварыў скора, мову меў адменную. Лозы, алешнік, касацісты дзягіль, ажыньнік, маліньнік, аер з ачаротам — стаіць над вадою разгатай сьцяною. Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцьці. Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы.

ЗАДАЧКА З-яя. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску.

Усё хаваецца ад холаду і дажджу. Увосень усё чарнее ды траціць свой колер. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць і стагнаць. Кляновае і дубовае лісьцё гаспадыні зьбіраюць ды пякуць на ім хлеб. Засыпаюць назіму і п’яўкі смаўжы чарвякі жукі і мухі. Застаюцца зімаваць з намі толькі галкі вароны сарокі цецярукі дзятлы ды яшчэ некаторыя птушкі. Каровы козы зайцы і ўся іншая траваедная жывёла есьць бадай што заўсёды а лісы ваўкі левы тыгры і іншыя мясаедныя зьвяры ядуць рэдка і доўга могуць цярпець голад. Яшчэ даўжэй без яды жывуць рыбы і розныя казулькі. Жывёлы даюць чалавеку мяса малако шкуры воўну тлустасьць і шэрсьць. Птушкі нясуць чалавеку яйкі і даюць пер’е і пух. Чалавек арэ поле сее збожжа садзіць капусту моркаў буракі і іншае. З дрэва чалавек будуе хаты робіць віціны і патрэбнае судзьдзё. Карова конь сабака воўк мядзьведзь не пазнаюць нічога калі не панюхаюць. Падыдуць яны да магілы стануць на калені горка плачуць і доўга пазіраюць на той камень пад якім ляжыць іх сын. Потым скажуць нешта адно аднаму зьдзьмухнуць пыл з каменнага прыклада паправяць галінку ў дрэва ды зноў шэпчуць пацеры і ня могуць пакінуць месца гэтага адкуль ім бліжэй да сына свайго да ўспамінкаў аб ім. Глуха трывожна шуміць асака. Сьвішча плача і галосіць завіруха злая. І зямля і лес пануры Новы Год віталі. У полі песьні шум і гоман. Сьпевам дружным ціхім звонам поўніцца ўвесь луг. Шумеў і лес і луг з травою і ўсе расьліны на зямлі. Коска серп крывы працу скончылі. Згінулі сьцюжы марозы мяцеліцы.

ЗАДАЧКА 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску або двукроп’е.

Болей слухай а меней гавары. У госьцях добра а дома ляпей. Гара з гарою ня сходзяцца а чалавек з чалавекам заўсёды. Думы за гарамі а сьмерць за плячамі. Хоць з вадою абы не з бядою. Лісьце пажоўкла ды патроху асыпаецца на дол. Абы дзень прайшоў ды да нас прышоў. Ідзі да ня баўся. Праз некалькі дзён поле зазелянела ды зноў выглядае сьвежа і прыгожа. Дуб вялік да дуплават. Высока падняў да зьнізу не падмураваў. За маё жыта ды мяне-ж пабіта. Збожжа сушаць на сонцы ці на печы ды мелюць у жорнах ці ў мліне. Доўг не раве а спаць не дае. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню але сьвеціць яшчэ горача. Не бяда, што чорна абы была праворна. З гліны робяць такія рэчы цэглу гаршкі міскі і талеркі. Астаюцца зімаваць у нас гэткія птушкі вароны галкі вераб’і дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. На восень прыпадаюць такія месяцы жнівень верасень і лістапад. Шмат якія зьвяры ў самы халодны час засыпаюць як напрыклад касматы мядзьведзь і вожык. Гаварылі браты аб усім аб горкай сваёй долі аб праўдзе аб жыцьці. За сталом сядзела ўся сям’я з краю — бацька каля яго — матка а пры маці — Наста з братам. Ляцяць птушкі ў вырай розна неаднолькава жураўлі — ключамі гусі — наўскось радком качкі — папярочнымі роўнымі радамі а шпакі і салаўі — чародкамі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы казьлякі асавікі лісіцы сыраежкі і іншыя. Зайцы бываюць двух сартоў шаракі і белякі.