Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/35

§ 34. Знакі прыпынку пры чужаслоўі § 35. Кругасказ
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 36. Абагульненьне правіл аб ужываньні знакаў прыпынку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 35. Кругасказ.

Правіла 14. 1) Кругасказ (пэрыод) звычайна складаецца з дзьвюх часьцін — з павышэньня і паніжэньня. Павышэньне ад паніжэньня найчасьцей аддзяляецца або двукроп’ем, або коскай з працяжнікам; напрыклад:

№ 1)

Ці коска зазвоніць ў лугох раніцою,
Ці песьню дзяўча запяе,
Ці конік ў дарозе праскочыць трусцою,
Ці вецер ў палёх зазлуе,
Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
Ці грукне над лесам пярун, —
Ўсё водгук знаходзіць ў бязьмежных абшарах,
Ўсё іх дакранаецца струн.

Я. Колас.

2) Па ліку параўнальных думак кругасказы бываюць; а) двухсустаўныя, б) трохсустаўныя, в) чатырохсустаўныя і г. д. Суставы кругасказу аддзяляюцца адзін ад другога або коскай, або кропкай з коскай, у залежнасьці ад іх пашыранасьці; напрыклад, у кругасказе № 1 суставы аддзелены адзін ад другога коскамі, а ў наступным кругасказе больш пашыраныя суставы аддзелены кропкай з коскай, а рэшта — коскай:

№ 2)

Калі асеньнія навіны
Зьмянілі сад; калі з бяроз
Рваў лісьце вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой;
Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечару пажар
Палаў між бура-сівых хмар;
Калі асеньні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш залезны дах, —
Тады да лета Вераніка
Ад нас зьнікала ў інстытут.

М. Багдановіч.


№ 3)

Калі-ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет праз небасхіл,
І улягаўся вулак пыл, —
Мы ўсе пяялі каля хаты,
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сьціхлы двор.

М. Багдановіч.

№ 4

Ці куры ў хаце сваім дурам
Падымуць часам шурум-бурум;
Ці абярэцца з іх якая,
Зьнячэўку пеўнем засьпявае
Для большай важнасьці, вагі;
Ці дзесь крумкач разок, другі
У небе крумкне смутна, глуха;
Ці ў юшках песьню завіруха
Зацягне жаласна, нудліва;
Ці загугукае страхліва
Злы гэты дух — сава-начніца —
У кустох альховых над крыніцай,
Гугукне так, што сэрца ные,
Што аж сабака і той завые, —
Усё гэта — дрэннае злучэньне,
Праявы страшнай абвяшчэньне.

Я. Колас.