Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/11

10. Зямля, на каторай мы жывём 11. Камень
Абразок
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
12. Навальніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Камень (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




11. Камень.

Такіх прыгожых месц, якім быў гэты кусок, рэдка дзе можна знайсьці. Прынамсі, так думаў доўганосы бусел, каторы меў тут, на старадроўні, пышны палац. А бусел усё-ж такі трэцца па сьвеце, і на яго словы можна мець увагу.

Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасьвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям’ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасьліва, і гэтым самым як-бы падцьвярджалі, што тут і сапраўды ня кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці. І хто ведае, быць можа, чым часьцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуваньне цаны жыцьця, тым ясьней яго сьветлыя мамэнты.

Але самым шчасьлівым жыхаром быў тут, ведама, камень — так злажылі і згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і другія. І праўда, як ні моцныя дубы, а ўсё-ж такі іх матлашылі і сушылі вятры, іх паліла сонца, на іх меціліся цяжарныя хмары з залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час навальніцы на іх каранёх тапталіся людзі. Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваіх берагох пад косамі гарачага сонца і агаляла сваё пяшчанае жоўтае дно. Яе чыстае лона ня раз заносілася сьмецьцем, гразёю і розным брудам няпрошаных гасьцей-ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі раз даводзіцца яму, старому, перадрыжэць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, як увойдзе сюды з бліскучаю сякерай на плячох бязьлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы і для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзьнешся досыць, стоячы на гнязьдзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сьцюжу?

А каменю што? Кажуць-жа: моцны, як камень, цьвёрды, як камень, трывалы, як камень, і маўклівы, як камень. Дык што яму дзееца тут? Ляжыць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні жар для яго ня страшныя. Блісьне сонца, дзьмухане вецер — і сухі камень, і цёпла яму. І выбраў-жа, шэльма, — спалі яго сьнег! — і месца прыўдалае! Тут і рэчка табе відаць, і лес, і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязьмежным прасторы сініх нябёсаў. А колькі жыцьця навокал яго! Чорнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх ды пачнуць такія гамонкі, што толькі і можна пачуць іх увясну. Лясная жаўранка прылятае сюды начаваць, і, пэўна, гэта каменю пяе яна такія прыгожыя песьні, што душа млее. Што-ж, шанцуе яму і толькі! Кожнаму свая доля…

Так казалі суседзі шчасьлівага каменя, а ў сэрцы ўсё-ж не завідвалі яму. Аднаго толькі не маглі сьцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слаўцом ня выявіў свае радасьці, што ня мала ўсіх тут зьдзіўляла.

Т. Гушча.