Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/13

12. Навальніца 13. Першае гора
Апавяданьне
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
14. Наша дзяржава
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першае гора (Лёсік).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




13. Першае гора.

Першае гора сустрэла Цішку, як яму было толькі шэсьць гадкоў. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Любіў хлопчык сваю сястру, а цяпер вот пайшла яна ў чужую хату. Доўга Цішка маркоціўся па сястрыцы і часта хадзіў да яе. Урэшце яму так цяжка стала без сястры, што і жыцьцё ня міла. „Вазьмі мяне, Кася, за сынка!“ кажа ён раз сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?“ Бяда хлопчыку: маці шкода! Заплакаў Цішка, але такі паставіў на сваім: забраў свае цацкі, кашулькі, нават і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Марылька не дала, ды пайшоў.

Прышоў да Касі. Селі вячэраць. Зноў яму маркотна стала: захацелася паглядзець, як там, дома. І яны, мусіць, вячэраюць. Вышаў Цішка з хаты, падбег пад акно да сваіх, а ўсе за сталом сядзяць: скраю — бацька, каля яго — матка, а пры мацеры — Марыля, і кот Рудзька на лаўцы сядзіць. А з Марылькаю заўсёды Цішка сядзеў. Раптам яму зрабілася так шкода ўсіх, што ён кінуўся пад акном ды моцна заплакаў. Выбегла маці ды ўнесла яго ў хату. „Чаго ты, чаго ты, дурненькі?“ пыталася маці. „Калі-ж я ўжо ня ваш, а мне там маркотна“, плакаў Цішка, а маці сьмяялася і цалавала Цішку.