Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/18

§ 17. Правапіс прыслоўяў § 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 19. Правапіс складаных слоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў.

Правіла 49. 1) Складаныя злучнікі пішуцца зьлітна, напр.: абы (=а+бы), або (=а+бо), ажно (=а+ж+но), ато (=а+то), аднож (=ад+но+ж), нібыта (=ні+быць+то), нібы (=ні+бы), альбо (=аль+бо), каб (=ка+б), быццам (=дзеяслоў „быць“ з зваротным займеньнікам „ся“), нашто (=на+што), зашто (=за+што), затым (=за+тым), затое (=за+тое), штоб (=што+б), прынамсі (=пры+нам+сі), чымсі (=чым+сі) — апошнія два злучнікі з неазначальнаю часткаю „сі“; у зваротным займеньніку будзе „ся“ (чымся — займеньнік).

2) Складаныя злучнікі: нашто, зашто, затым, затое, штоб — трэба адрозьніваць ад займеньнікаў з прыназоўнікамі або дапаможнікамі, бо займеньнікі пішуцца асобна ад другіх слоў; напр.: „нашто дарма траціцца“ — „на што паставіць лямпу“. „Затым казак гладак, што пад’еў ды набак“ — „За тым домам быў вялікі сад“. „Кося, кося, штоб толькі злавіць удалося. Што-б ты даў за гэта?“ У першых сказах словы: нашто, затым, штоб — злучнікі; а ў другіх сказах словы: на што, за тым, што-б — займеньнікі і дзеля таго напісаны асобна ад прыназоўнікаў „на“, „за“ і дапаможніка „б“ (бы), прычым „што-б“ напісана з злучком, бо:

3) дапаможнікі б—бы, ж—жа, то, небудзь пішуцца з папярэднім словам з злучком, напр.: добра было-б, каму-б гэта даць; рад-бы, пайшоў-бы, а мой-жа ты суседзька! Ды куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся? Ці-то птушка кінула зярнё, ці-то ветрам занясло яго? Што-то будзе, што-то будзе? Што-небудзь, хто-небудзь, якое-небудзь, каторая-небудзь, дзе-небудзь, калі-небудзь і г. д.

4) Калі-ж гэтыя дапаможнікі сходзяцца разам, то яны паміж сабою злучком ня зьвязваюцца; напр.: куды-ж бы мне пайсьці? вот быў-бы ж рад! то-то б была радасьць!

Увага. Дапаможнікі „б“ „ж“ стаяць посьля галосных, а „бы“, „жа“ — посьля зычных; напр.: які-б, чаму-ж; ён-бы пайшоў, дай-жа мне і г. д.

5) Дапаможнік „няўжо“ сустракаецца ў форме „няўжо-ж“ і „нёж“, напр.: Пойдзеш ты туды? — Няўжо-ж не! (=Нёж не!)

Практыкаваньне 58. Сьпісаць і заўважыць правапіс набраных курсывам слоў.

Ня зыч ліха другому, каб не давялося самому. Ці-то птушка тая кінула зярнё, ці-то заняслося бураю яно? Сам ня ведаю, чым мілы, чым вы сэрцу любы, выхаванцы веку, сілы, маладыя дубы! Чымся мілым, чымся родным ад вас павявае, аж мне сэрца ў сьпеў лагодны ціха ахінае (Я. Кол.). Які-б то быў крук, каб выпусьціў з рук. Чымсі з благім квасам, дык лепей з вадою, абы не з бядою. Хоць з вадою, абы не з бядою. За што купіў, за тое і прадаў. І паху яго штоб ня было тут! Каб-жа то была праўда! Каб воля, знайшоў-бы сабе поле. Калі-ж бы я што калі каму якое, а то я ніколі нікому нічога, — дык за што-ж мне тое? Каму за шутку прымаюць, а другому за тое-ж шкуру зьдіраюць. Касіць-бы касіў, калі-б хто косу насіў. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Ня тут-то было. Нібы-то была жывая вада. Рад-бы даць шага на малебен, да самому патрэбен. Сьвініна — псіна, дрозд — саланіна, да калі-б к гэтаму дразду да кусок сала, то-то-б была патрава. Хоць Міхайла абы-б не папіхайла. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Што-б было з нашаю чайкай, калі-б мы ехалі ў ёй подчас буры па моры? Вагар стаў-бы пералівацца цераз край, і нам не ўдалося-б вярнуцца пад бераг, асабліва, калі недалёка ад берагу ёсьць падводнае каменьне. Разгарыся, вячэрняя зорка, перад раньняю разгарыся! Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнейкамі, расхадзіся! Адмыкай-жа высокія церамы залатымі ключмі, адмыкай-жа! Засьцілай-жа тонкімі абрусамі цясовыя сталы, засьцілай-жа! Да вітай-жа першую жнейку-пастацяначку, да вітай-жа! Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі і елі. Ад таго месца да места пяць вёрст. Што нам да таго, што ён няўзоркі! А датаго, ён яшчэ ня ў сталых гадох. Тады-то і было, як па вадзе плыло. Ці ўсё-то спажыць, што ў чужой клеці ляжыць! Нашто козамі сена травіць? Нашто ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? У ёй і крупы драныя, і кускі ламаныя. Грошы круглы, адтаго і коткі. Дай свае табакі, ато ад чужое нос баліць (прыказка). Высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў; борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё апошняе разьвітаньне. Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень! Няма двара, няма хаткі, штоб было бяз жаднай звадкі.