Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/15

14. Верны прыяцель 15. Восень
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
16. Мурашкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




15. Восень.

Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна што дзень;
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.

Збожжа пажатае з ніваў пазвожана;
Голыя гоні самотна ляжаць;
Неба дажджліваю хмарай абложана;
Траўкай ня грае сваёй сенажаць.

Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі;
Кусьця бяз лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі на сэрца ляцяць.
Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
„Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў налядяць“

Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечна-зялёны свой кажуць убор;
Днямі зімовымі цёмна-імглістыя
Будуць чарнець навакол наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзьведзь непакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог;
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца:
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць;
Хэўра за хэўрай на рэчцы зьмяняецца;
Зранку крычаць, на вадзе лапацяць.

А. Гарун.