Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/19

18. Восень 19. Мяцеліца
Абразок
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
20. Навальніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мяцеліца (Колас, абразок).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




19. Мяцеліца.

Сівыя хмары неспакойна забегалі па небе, як вагар па вадзе. Узьняўся вецер. Густа і працяжна зашумеў стары лес. А хмары бягуць, сьцелюцца ніжэй, гладчэй, раўней ды аблягаюць усё неба. Пасыпаўся сьнег мільёнамі камячкоў дробнага мяккага пуху. Закружыліся яны халодным пылам. А вецер крапчэе, узьдзірае сьнег зьнізу ў полі, падымае яго ўгору ды круціць слупамі, і белы віхар сьнежнага пылу далёка прамчыцца па полі. Сьвішча вецер і ўсё, што ні сустрэне, абсыпае халодным сьнегам. Неба мяшаецца з зямлёю. Усюды, куды ні глянь, бель і бель, і ня можа вока акінуць гэту белую сьцяну. А як заліваецца вецер у полі! Сьвішча ён у платох, узьдзірае стрэхі на хатах, налятае на голыя адзінокія дрэвы, ірве кожную іх галінку, кожны сучок, і дрыжыць усім сваім целам беднае дрэва.

Што за песьні сьпяваеш ты, вецер? Многа нуды і жалю ў тваіх немых песьнях! Аддаюцца яны ў сэрцы дзікім разгулам нястрыманае злосьці, нудным стогнам пакутніка-бедака, горкімі сьлязьмі, нясуцешным жалем няшчаснае мацеры над магілай свайго дзіцяці, ціхаю скаргай долі чалавечай! Аб чым-жа ты плачаш, слабодны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям?!

Борзда насыпаюцца гурбы — сьнегавыя курганы. Гіне дарога, усё зьліваецца ў адну белую пялёнку. Страх нападае на падарожнага, якога захопіць бура ў дарозе.