Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/22
← 21. Вожык | 22. Маладыя ліскі Апавяданьне Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
23. Рысь → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладыя ліскі. |
22. Маладыя ліскі.
Выкапаў чалавек з нары двух маленькіх ліскоў ды прынёс дадому. Яшчэ здалёк сустрэлі бацьку дзеці ды глядзелі, што гэта ён нясе ў мяшку пад пахаю. Выпусьцілі перш аднаго. Сьмешны быў маленькі зьвярок: мызка вострая, сам маленькі, рыжанькі, хвосьцік калматы. Глянуў ён на дзяцей ды, мусіць, засаромяўся, бо апусьціў вочы ўніз. Выпусьцілі і другога ліска. Глянулі яны адзін на аднаго ды стрымгалоў кінуліся ў цёмны куток.
Як ні стараліся дзеці выпараць іх адтуль, нічога не памагала, толькі праз некалькі дзён пачалі яны вылазіць з-пад полу. Есьці ўзяліся адразу. Вельмі любілі яны маладых варанят або якое-небудзь мяса. Удзень, калі ў хаце было ціха, ліскі вылазілі з-пад полу ды пачыналі дурэць. Яны лавілі мух, прыціскаючы іх лапкаю. Пабегаўшы па хаце, ліскі пачыналі дурэць самі з сабою: бегалі, куляліся, дужаліся. Калі хто- небудзь бывала засьмяецца, то яны кулём кідаліся ў свой куток. Уначы яны так моцна дурэлі, што не давалі спаць.
Гаспадар вынес іх на гору. Там, думаў ён, замінаць нікому ня будуць, і ім самім ляпей будзе. Гэтага і трэ’ было ліском. Хоць малыя, але хітрыя. Увесь час, як былі ў хаце, шукалі яны здарэньня, каб уцячы, але ня было як. А на гары знайшлі яны пад стрэхай дзірку ды паскідаліся абое на землю. Азірнуўшыся навокала, яны адразу памчаліся ў лес, што відаць быў недалёка.