Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/4

§ 3. Правіла 3. Мяккі знак і апостраф. Нескладовае у (ў) у слове перад галоснымі § 4. Літары „ў“, „й“ і прыдыханьне
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 5. Правапіс зычных гукаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 4. Літары Ў, Й і прыдыханьне.

Правіла 4. Літары Й і Ў. Літары Й і Ў пішуцца тады, калі гукі і і у ня твораць асобнага складу, напрыклад: рай, мой, вайна, хвойка; быў, воўк, кароўка, пісаў.

Практыкаваньне 5. Сьпісаць і словы з літарамі й і ў падчыркнуць.

Паехаў мой сынку на вайну. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Ані вухнуў, ані рухнуў. А воўку памоўка, а воўк тут. Мы знайшлі малога зайчыка. Ня руш нічога і ня бойся нікога. Будзь здароў, як рыжык бароў. Май усяго даволі, а бяды ніколі. Або пан, або прапаў. На межы расла хвойка. Бярэш кароўку, бяры і вяроўку. Мы чыталі байку пра зайца. Поўнач пеўні пракрычалі. У нашага барана роўная воўна. З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць. Стукаў дзяцел і жаўна. Прыветна сонейка глядзіць. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыне. Май — каню сена дай, а сам на печ уцякай. Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Над палямі змрок прарваўся, па нізе расплыўся. Міма хмурынка прайшла. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Уецца павуціна. Стагі на лузе вежамі жаўцеюць. Роўненькім шнурочкам жураўлі на вырай ляцяць над лясочкам. Салавей у гаі сьвістаў.

Правіла 5. А. Калі гук у стаіць асобна ці на пачатку слова, дык бывае то складовым, то нескладовым.

1) Ў (нескладовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны гук. Напрыклад: Пусты ўлетку нашы сёлы. Было ў бацькі тры сыны.

2) Калі прыназоўнік у стаіць у сказе паміж галоснымі, то дае ў вымове в, але пішацца ў (нескладовае), напр.: Каза ўлезла ў агарод (заместа „в агарод“). Снапы сушылі ў азяродах (заместа „в азяродах“). Два мядзьведзі ў аднэй (заместа „в аднэй“) бярлозе ня месьцяцца.

3) У (складовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на зычны гук, або калі перад у стаіць які-небудзь знак прыпынку, а таксама на пачатку пісьма. (Над ракой туман узьняўся. Чуцен сьвіст у полі. Усюды зелена, усё расьце, усё наліваецца).

Увага: У вершах дзеля разьмеру можа быць ў заместа у — і наадварот. Напрыклад:

Чыстых хмарак валаконцы
Сталі у кружочак
Вышай лёсу, проці сонца
І сплялі вяночак.

(Я. Колас).

4) Пачатковае у ў чужых словах у нашай мове (ніколі не чаргуецца з ў, напр.: унівэрсытэт, унівэрсал, узурпатар, Уран, Угоршчына і г. падобн. Б. Гук і, стоячы асобна ці на пачатку слова, таксама бывае складовым і нескладовым, але пішацца заўсёды і (складовае), напр.: Пуста і гола ўсюды. Прышло і лета. Няволя і плача і скача. Павінную галаву і меч ня іме. Золата і ў попеле відаць. Конік, сошка і араты мерна ідуць па полі. Мы ішлі, яны ідуць.

Практыкаваньне 6. Работа даўно скончана. Пуста і гола ўсюды. Пачарнеў шырокі луг. Яны ўвайшлі ў хату. Хмарка на небе ўзышла. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Сонейка толькі што ўзышло. Бацька і маці вярнуліся з поля. Аднаму і ў кашы няспорна. Птушкі ў лесе шчабяталі. На ўзгорку расла грушка. У чужое шчасьце ня мухай упасьці. У родным краі, як у раі. Салавей сьпяваў ў гаі. Аўдзей усё між людзей. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Сіла і салому ломіць. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. Воўка ногі кормяць. Хто дбае, той і мае. Сабраліся хлопцы ўвечар. Увосень багат і верабей. Дабро для ўсіх — наш правадыр. Хто быў нічым, той стане ўсім. Ужо прамінулі няўзгоды пакутныя. Вот узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Куды ні глянь — усюды зелена. Ён яго і поіць, і корміць. Тухнуць агні, і ўсё заціхае. Агні патухлі, ўсё заціхла. Вот табе і на! Цесна зьбіліся нашы хаты, як авечкі ў летні жар. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Баламутка на ўсякія штукі хутка. Даль паўнютка ціхай смуты. Лес туманам заснаваўся. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. Вецер увосень жудою шуміць.

Правіла 6. 1) Калі слова пачынаецца з галоснага гука о, у ці э пад націскам, то перад імі ставіцца прыдыханьне в або г: вочы, вокны, возера, Ворша, вуха, вугаль, гэты.

Прыдыханьне можа стаяць і ў сярэдзіне слова паміж дзьвюма галоснымі: навука, павук, цівун.

2) Нескарочаны прыназоўнік у (складовы), стаўшы перад словам, што пачынаецца гукам а, падвойваецца і дае ў вымове ув, але в пішацца зьлітна з наступным словам, як прыдыханьне, напр.: у ваднае мацеры пяць сыноў. Дом у вагні. Сем варот у вадзін агарод. Працуй да поту, а еж у вахвоту.

3) Перад злучэньнем двух або трох зычных на пачатку слова зьяўляецца прыстаўны гук і або а: іржа, імгла, імжака, ільняны — альняны, Альбоў (горад), аўторак, аржаны — іржышча; лён — ільну, леў — ільвы, ільву, лоб — ілба.

Практыкаваньне 7. Навука лепей за багацьце. Навука дае чалавеку розум. Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. У ваднае мацеры пяць сыноў (пальцы). Пастушкі разлажылі агонь. Дом у вагні. Ні акон, ні дзьвярэй — поўна хата людзей (гарбуз). На адно вуха глуха, а на другое ня чуе. Іржуць коні за Сулаю. Увосень лётае павуціньне. Ці Лявон, ці не Лявон, а з раду ня вон. Іржа залеза есьць. Вузел быў хітра завязаны. Сьляпому вочы завязаны. За вачыма сьвету ня бачыць. З ільну ткуць палатно. На прыгуменьні стаяў азярод. Снапы сушылі ў азяродзе. Снапы сушаць у вазяродах. Вокны адчынілі. У вадчыненым акне разьбілася шыба. Прыехаў мой брацейка з Альбова, пытаецца — сястрыца ці дома? З пахмурнага неба сыпалася імжака. Дзеці знайшлі асінае гняздо. У васіным гнязьдзе былі ашчыны. У сад вяла вузенькая сьцежка. Халодная восень прышла. Халодны асеньні вецер. Аржаная каша сама сябе хваліць. Жыта пасеялі на ільнянішчы. Сем варот у вадзін агарод. Коні імчаліся наўскапыта. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце. Воран ворану воч ня выклюе. Дзеці забілі вужаку. Воўк залезны, а хвост альняны (іголка і нітка). Каменны вугаль дастаюць з зямлі. Імглін — павятовы горад на Магілеўшчыне. Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Ніводнае зернятка не прапала. Радзівон касіў грэчку. Два мядзьведзі ў аднэй бярлозе ня месьцяцца. У ваднэй дзежачцы два цесьцечкі (яйцо). Аколіцы Вільні вельмі прыгожыя.

ЗАДАЧКА 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, у або ў.

Яны —вайшлі — хату. Хмарка на неба —зышла. Птушкі — лесе шчабяталі. Пусты —летку нашы сёлы: —се на полі за сярпом. Былі — бацькі тры сыны, да —се-ж яны Васілі. Жар гарыць — печы. Салавей сьпяваў — садзе. У родным краі, як — раі. Ціха на полі — палудзень гарачы. На —згорку расьце хвойка. Многа тут гразі — нягоду, многа пылу — летні жар. Аўдзей —сё між людзей. Сонейка толькі што —зышло. Нешта зьвініць — небе тоненькім срэбным звонікам. Жураўлі —гары крычаць. Куды ні глянь — —сюды зелена. Цесна зьбілісь нашы хаты, як авечкі — летні жар. Збожжа без пары пажоўкла — полі. Вада — рэчках абмялела. Вот —зышла —жо першая вячэрняя зорка. Пачуецца сабачы брэх, і —сё заціхае. Хлопцы надумаліся пайсьці — грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі — іх вачох. Гаснуць агні па хатах, і — вёсцы наступае цішыня. Месяц яшчэ ня —зышоў. Са страхам —зышоў Міхась на ганак школы. — школе яшчэ нікога ня было. За вёскай — полі прытуліліся могілкі. Могілкі — полі адны-адзінюткі. На —зьмежку расла груша. Цяжка —здыхнуўшы, збаны пастаўлялі, клункі на межы паклалі жнеі. Шчыраю рукою ўбрала лета —весь белы сьвет. Сабраліся хлопцы —вечар. Страхі найчасьцей здараюцца —начы. — чужое шчасьце ня мухай —пасьці. Баламутка на —сякія штукі хутка.

Практыкаваньне 8. Перапісаць і заўважыць правапіс гуку і.

Прышло і лета. Бацька і маці вярнуліся з поля. Мы ішлі на рынак. Ён яго і поіць і корміць. Стукаў дзяцел і жаўна. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Калі не наеўся, то і не наліжашся. Моцна сьпіць шырокая рака: глядзіш і здаецца, што яна мёртвая. Але гэта толькі здаецца: пад ковамі лёду ідзе работа, кіпіць жыцьцё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі. Варушыцца рака: чуе і яна вясну новага жыцьця. Трасе яна сваімі дужымі плячамі, і лёд ломіцца і трашчыць. На беразе стаіць цэлая куча народу. Тут і старыя, і малыя, мужчыны і дзеці. Аднаму і ў кашы няспорна. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. Альбо іграй, альбо грошы аддай. Было ліха ды і пагоршала. Самі сьлёзы ідуць. Вот табе і на! З чаго хлеб, з таго і пірагі. Дудар дудару дарма іграе. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся. Ужо і халодная восень прышла. Толькі жыта маладое расьце і руніцца. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. Пуста і ціха ўсюды. Сьпяць зімою купчастыя бярэзіны і магутныя дубы. Сьпяць і заўсёды зялёныя хвоі і яліны. Кусты і дрэвы таксама здаюцца нам зімою мёртвымі. Лісьце дрэву непатрэбна ўвосень, і яно іх скідае. Абміраюць назіму і вужакі, і жабы, і яшчаркі. Золата і ў попеле відаць. Калі грыбна, дык і хлебна. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. Яны падлятаюць, крычаць і лапочуць крыльлем. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. Мяккі сьнег лятае пухам і канца яму няма. Хто дбае, той і мае. Сіла і салому ломіць. Хай імчыцца наша песьня птушкай па-над гаем!