Беларускі правапіс (1943)/II/А/3
← В. Правапіс пераносу словаў | § 3. Правапіс прадметнікаў Падручнік Аўтар: Антон Лёсік 1943 год |
§ 4. Правапіс прыметнікаў → |
Частка II
А. Правапіс часьціцаў мовы і часьцінак
§ 3. Правапіс прадметнікаў
І. Правапіс ненацісьненых е і я у прадметніках
Правіла 33. Ненацісьненае е у марфалёгічных формах прадметнікаў пішацца:
1) у назоўным і вінавальным склонах адзіночнага ліку ніякага роду: поле, зельле, сьнеданьне, насеньне, чытаньне, здарэньне, пытаньне і г. д.
2) у клічным склоне мужчынскага роду: браце, голубе, суседзе, дубе і пад.
3) у творным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду: гаем, краем, локцем, цесьцем, полем, зельлем, сьнеданьнем, чытаньнем, здарэньнем, пытаньнем і г. д.
4) пры цьвярдой аснове у месным склоне адзіночнага ліку усіх родаў і у давальным склоне жаноцкага роду:
|
5) У назоўным склоне множнага ліку мужчынскага роду з суфіксамі ін і ове, прыкл.:
|
Правіла 34. Ненацісьненае я пішацца у наступных марфалёгічных формах прадметнікаў:
1) у назоўным склоне адзіночнага ліку жаноцкага роду: доля, воля, песьня, вішня і г. д.;
2) у назоўным склоне адзіночнага ліку ніякага роду на мя і ў назовах маладых жывёлінаў: імя, племя, цемя, дзіця, цяля, парася;
3) у родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду: прыяцеля, вучня, дурня, злодзея, як: каня́, лася́, поля, зельля, чытаньня, сьнеданьня, як: жыцьця́, быцьця́;
4) у творным склоне адзіночнага ліку жаночага роду: доляю (й), воляю (й), песьняю (й), вішняю (й) і г. д.
5) у родным склоне множнага ліку усіх родаў на яў-(аў), калі націск ня падае на канчатак: ву́чняў, ло́кцяў, зе́мляў, здарэ́ньняў, сьне́даньняў і г. д.;
6) у давальным склоне множнага ліку усіх родаў, калі націск ня падае на канчатак, напр.: ву́чням, ло́кцям, зе́млям, здарэ́ньням, сьне́даньням і г. д.
7) у творным склоне множнага ліку усіх родаў: пня́мі, лася́мі, ву́чнямі, ло́кцямі, зе́млямі, здарэ́ньнямі і г. д.;
8) у месным склоне множнага ліку усіх родаў з націскам не на канчатку: аб ву́чнях, ло́кцях, зе́млях, здарэ́ньнях, сьне́даньнях і г. д.
ІІ. Правапіс канчаткаў у прадметніках
Правіла 35. У формах роднага склону адзіночнага ліку прадметнікаў мужчынскага роду ужываюцца два канчаткі: -а (я) або -у (ю) у залежнасьці ад іхнага значаньня.
1) -а (я) пішацца, калі прадметнікі азначаюць прадметы непадзельныя, частка якіх ня можа назвацца імём цэлага прадмету, г. знач.:
а) прадметы жывыя: сына, брата, вала, вужа, салаўя;
б) рэчы і прылады: сшытка, стала, сярпа, бота, плуга, а таксама: пня, дуба, клёна;
в) назовы частак цела: локця, пальца, ілба, кіпця, языка;
г) назовы месяцаў: кастрычніка, лістапада, сьнежня, студня, чэрвеня;
д) назовы мераў, грошай: мэтра, літра, фунта, пуда, рубля, франка;
е) памяншальныя: лясочка, кавалачка, садочка.
2) -у (ю) пішацца ў прадметніках мужчынскага роду, калі яны азначаюць прадметы падзельныя, г. зн. такія, частка якіх можа назвацца імём цэлага прадмету:
а) назовы матар’ялаў і зьяваў: пяску, вугалю, попелу, дажджу, сьнегу, гароху, бобу, дзёгцю, дыму, туману, а таксама: агню, грому, ветру;
б) разумовыя паняцьці: розуму, жалю, болю, суму, страху, голасу, клопату, запалу, поступу, факту, друку;
в) прадметы зборныя: люду, натоўпу, народу, лесу, рою, лому;
г) прадметнікі іншамоўнага паходжаньня: дакумэнту, тому, пляцу, інстытуту, тэхнікуму, працэнту;
д) словы, якія цяжка падвесьці пад які-небудзь выпадак: краю, сьвету, твару, сьледу.
- УВАГА 1. Некаторыя прадметнікі маюць падвойныя канчаткі: з маста і з мосту, аўса і аўсу; ніводнага каменя, але у полі многа каменю; мы спыніліся каля дуба (канкрэтны прадмет), але: стол зроблены з дубу (матар’ял).
- УВАГА 2. У геаграфічных назовах у вадных выпадках дапушчаецца канчатак -у (ю), у другіх -а (я), а у трэйціх тыя і другія, прыкл.:
- з Менску, з Слуцку, з Полацку, з Дону, але з Барысава, з Рагачова, з Міра, з Кіева;
- з Гомелю і з Гомеля, з Бэрліна і з Бэрліну, з Парыжа і з Парыжу.
Правіла 36. У творным склоне адзіночнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ом (ём), не пад націскам -ам, -ем,: стало́м, рыбако́м, гумно́м, канём, салаўём, жыцьцём, гальлём; з наро́дам, са сло́вам, ло́кцем, кра́ем, га́ем, по́лем, чыта́ньнем.
Правіла 37. Творны склон прадметнікаў жаноцкага роду на а (я) мае канчаткі пад націскам -ою (ёю), або -ой (ёй), а не пад націскам -аю (яю) або -ай (яй), прыкл.: сахо́ю і сахо́й, вадо́ю і вадо́й, зямлёю і зямлёй, ха́таю і ха́тай, до́ляю і до́ляй, пе́сьняю і пе́сьняй.
Калі-ж аснова канчаецца на зычны, дык творны склон адзіночнага ліку жаночага роду можа мець канчатак -у (ю), прычым, калі зычны перад канчаткам стаіць пасьля галоснага, дык ён падвойваецца, а калі пасьля зычнага, дык не падвойваецца, прыкл.: соль — соляй і сольлю, сталь — сталяй і стальлю, моладзь — моладзяй і моладзьдзю, медзь — медзяй і медзьдзю, гразь — гразёю і гразьзю, печ — печай і печчу, ноч — ночай і ноччу; але радасьцяй або радасьцю, старасьцяй або старасьцю, маладосьцяй або маладосьцю, косьцяй (касьцёю) або косьцю.
Правіла 38. Прадметнікі у месным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі:
1) -е ва усіх родах з асновамі на цьвярды зычны, прыкл.: стол — на стале, дуб — на дубе, горад — у горадзе; галава — на галаве, сасна — на сасьне, яма — у яме, дарога — на дарозе; акно — на вакне, гумно — у гумне, слова — у слове, волава — аб волаве;
2) э маюць прадметнікі жаноцкага роду з асноваю на к, калі націск прыходзіцца на канчатак: рука — у руцэ́, рака — на рацэ́.
- УВАГА. У наступных словах дапушчаецца канчатак э побач з іншымі: у дварэ́, на дварэ́ (або у двары́, на двары́), на гарэ́ (або на гары́), на малацэ́ (або на малаку́), на языцэ́ (або на языку).
3) і маюць прадметнікі усіх родаў з асноваю на мяккі зычны, а у мужчынскім родзе і на й, напр.: конь — на кані, пень — па пні, агонь — у вагні, локаць — на локці; край — у краі, Дунай — на Дунаі, гай — у гаі, звычай — аб звычаі; зямля — на зямлі, кузьня — у кузьні, песьня — аб песьні; поле — на полі, зельле — у зельлі, жыцьцё — у жыцьці.
4) На -ы у месным склоне канчаюцца:
а) прадметнікі усіх родаў з асноваю на зацьвярдзелы зычны (ж, ч, ш, ц, р, дж): нож — на нажы, ключ — аб ключы, кош — у кашы, канец — на канцы, бор — у бары, дзяжа — у дзяжы, печ — на печы, душа — на душы, вуліца — на вуліцы, гара — на гары; плячо — на плячы, вогнішча — у вогнішчы, сонца — на сонцы, мора — у моры.
- УВАГА. Прадметнікі мужчынскага роду з рознымі асновамі як зацьвярдзелымі, так і з цьвярдымі і мяккімі, калі азначаюць асобу чалавека, дык у месным склоне маюць канчатак -у (ю): Лукаш — пры Лукашу, Грыгор — на Грыгору, цясьляр — аб цесьляру, токар — аб токару, немец — аб немцу, японец — аб японцу, а таксама: аб Лявону, аб Тарасу, на Ігнату, аб Міхасю, пры кавалю і г. д.
б) канчатак ы у давальным і месным склонах маюць усе прадметнікі жаноцкага роду з асноваю на к, калі націск ня прыходзіцца на канчатак, прычым к чародуецца з ц, напр.: матка — пры матцы, дачка — аб дачцы, рэчка — у рэчцы, шапка — у шапцы, казка — у казцы, граматыка — у граматыцы, навука — у навуцы і г. д.
- УВАГА. Усе прадметнікі жаноцкага роду адзіночнага ліку у давальным склоне маюць тыя самыя канчаткі, што і у месным склоне.
5) На у канчаюцца прадметнікі мужчынскага і ніякага роду з асновамі на к: на суку, пры чалавеку, аб ваўку, у Менску, у Слуцку, на веку, на воку, у малаку.
- УВАГА 1. Калі прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць аснову на г ці х, дык месны склон можа мець таксама канчатак у, як і з асноваю на к: у стра́ху, на парогу, у кажуху, у вуху, на рагу (вуліцы), але: на розе (вала).
- Калі-ж г, х чародуюцца з гукамі з, с, дык тады будзе канчатак е: у стра́се, на парозе, у кажусе, у вусе.
- УВАГА 2. У прадметніках усіх родаў з асноваю на г, х у месным склоне, а у жаноцкім родзе і у давальным г, х чародуюцца з гукамі з і с, прыкл.: луг — на лузе, гарох — у гаросе, вуха — у вусе, дарога — дарозе і на дарозе, кніга — кнізе і у кнізе, страха — страсе і на страсе.
Правіла 39. Прадметнікі усіх родаў у назоўным склоне множнага ліку маюць канчатак у цьвярдых і зацьвярдзелых асновах ы, у мяккіх і пасьля г, к, х — канчатак і: народ — народы, авадзень — авадні, хата — хаты, песьня — песьні; мора — моры, поле — палі, парог — парогі, дарога — дарогі, воўк — ваўкі, жонка — жонкі і жанкі (апошняе — тое самае, што і «жанчыны»); кажух — кажухі, страха — стрэхі.
Але: селянін — сяляне, грамадзянін — грамадзяне, мешчанін — мяшчане і інш. (гл. прав. 33; 5).
- УВАГА. Наступныя прадметнікі з цьвярдою асноваю у назоўным склоне множнага ліку заўсёды маюць канчатак і, аня ы: люд — людзі, гон — гоні і побач той і другі: калена — калені і калены, чорт — чэрці і чарты, сусед — суседзі і суседы (два, тры суседы).
Правіла 40. Прадметнікі мужчынскага і ніякага роду у родным склоне множнага ліку маюць пад націскам канчаткі — оў (ёў), а не пад націскам ва усіх родах — аў (яў), напр.: вало́ў, стало́ў, ласёў, пнёў, кавалёў, палёў, наро́даў, наста́ўнікаў, гу́мнаў, мо́раў, кні́гаў, рэ́чаў, пры́яцеляў, але́няў, зада́ньняў, пыта́ньняў, сьне́даньняў, ві́шняў, ма́зяў, ла́зьняў і г. д.
Але у прадметніках жаноцкага і ніякага роду, а у некаторых словах і мужчынскага роду могуць быць формы аднае асновы, прыкл.: рагоў і рог, гадоў і год (пяць год), пяць чалавек, сялян, мяшчан; вокнаў і вокан або вакон, хатаў і хат, сохаў і сох, хваляў і хваль, а таксама: задач, школ, вуліц, хвоек, жнеек, рук, ног, гор і г. д.
Правіла 41. Прадметнікі мужчынскага роду у родным склоне множнага ліку маюць канчатак -ай (яй) не пад націскам, а пад націскам ей толькі у словах: грош — грашай, конь — коняй, гон — гоняй, але: люд — людзей, госьць — гасьцей, лапаць — лапцей, чорт — чарцей.
Правіла 42. У прадметніках жаноцкага роду з канчаткамі на зычны могуць быць канчаткі -аў (яў) толькі не пад націскам. У націсьненых-жа канчатках будзе -эй, ей, прыкл.: мы́шаў, пе́чаў, сенажа́цяў, су́вязяў, асаблі́васьцяў, уласьці́васьцяў, але: мышэ́й, пячэ́й, курэ́й, касьце́й, гусе́й, сьвіне́й.
- УВАГА: 1. Прадметнікі жаноцкага роду з асноваю на в, л, м, н, р, асабліва калі гэтыя гукі стаяць па зычных, маюць толькі канчатак -аў (яў), прыкл.: клятва — клятваў, брытва — брытваў, мятла — мётлаў, пальма — пальмаў, патэльня — патэльняў, студня — студняў, кузьня — кузьняў і г. д.
- 2. Прадметнікі жаноцкага роду на -ня заўсёды маюць толькі поўныя канчаткі: песьня — песьняў, вішня — вішняў, лазьня — лазьняў.
- 3. Прадметнікі, у якіх пры адкіданьні канчатку павінна атрымацца нескладовае ў або й, заўсёды маюць толькі поўныя канчаткі: слова — словаў (а ня слоў), умова — умоваў, станцыя — станцыяў (а ня станцый).
- 4. Калі прадметнікі ніякага роду маюць перад канчаткам зьбег зычных або падоўжаныя зычныя, дык у родным склоне множнага ліку канчаюцца на аў (яў), прыкл.: выдавецтваў, брацтваў, заданьняў, пытаньняў, падарожжаў і г. д.
Правіла 43. Калі аснова канчаецца на злучэньне двух ці больш зычных, дык паміж зычнымі зьяўляюцца устаўныя гукі, пад націскам о (ё), а не пад націскам а, е, напр.: кросны — красён, вёдры — вёдзер — і вядзёр, землі — зямель, палотны — палоцен і палацён, вокны —во́кан і вако́н, жорны — жо́ран і жаро́н, сарочкі — саро́чак і сарачо́к, сястра — сясьцёр, вёска — вёсак, жнейка — жнеек.
Правіла 44. Вінавальны склон множнага ліку прадметнікаў усіх родаў, якія абазначаюць назовы жывёлы, падобен да назоўнага склону, а да роднага склону падобен толькі тады, калі прадметнікі абазначаюць асобу, чалавека, напр.: пасу коні, паю валы, дояць каровы, стрыглі авечкі, кармлю цяляты, ганю парасяты і г. д.
Але: шануюць бацькоў, люблю братоў, паслалі жанок, бачылі сясьцёр, гадую дзяцей.
Правіла 45. У давальным склоне множнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ом (ём), а не пад націскам -ам (ям); жаноцкі-ж род на а (я) заўсёды мае канчатак -ай (ям), прыкл.: каму? чаму? вало́м, стало́м, пнём, ласём, палём; наро́дам, паро́гам, ло́кцям, це́сьцям, здарэ́ньням, пыта́ньням, а таксама: рука́м, нага́м, ха́там, со́хам і г. д.
Правіла 46. Творны склон прадметнікаў множнага ліку ва усіх родах мае канчаткі -амі (ямі), (часам і проста -мі) незалежна ад націску, прыкл.: стала́мі, наро́дамі, рука́мі, ха́тамі, сёламі, пня́мі, ло́кцямі, ві́шнямі, зе́млямі, касьця́мі і касьцьмі́, людзя́мі і людзьмі́.
Правіла 47. У месным склоне множнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ох (ёх), а не пад націскам -ах (ях). Прадметнікі жаноцкага роду на -а (я) у гэтым склоне заўсёды маюць канчаткі ах (ях), напр:
на стало́х, аб вало́х, на пнёх, аб ласёх, на палёх, у наро́дах, на паро́гах, у мо́рах, у вазёрах, на ло́кцях, аб це́сьцях, у зада́ньнях, пры пыта́ньнях, у рука́х, нага́х, на касьцёх, у ха́тах, на со́хах, у ма́зях і г. д.
- УВАГА. Калі прадметнікі мужчынскага роду маюць форму роду жаноцкага на -а (я): стараста, дзядзька, старшыня, судзьдзя, а таксама паэта, патрыёта, дык такія прадметнікі у назоўным, родным і вінавальным склонах адзіночнога ліку маюць і формы жаноцкага роду: (няма) старасты, дзядзькі, старшыні, судзьдзі, паэты, патрыёты; (бачу) старасту, дзядзьку, старшыню, судзьдзю, паэту, патрыёту.
- У давальным, месным і творным склонах адзіночнага ліку гэтыя прадметнікі з цьвярдою асноваю маюць формы мужчынскага роду, а з мяккаю асноваю — формы жаноцкага роду, прыкл.: давальны і месны склон (каму?, аб кім?): дзядзьку, старасту, паэту, патрыёту, але: старшыні, судзьдзі, як: вішні, песьні.
- Творны склон: дзядзькам, старастам, паэтам, патрыётам, але: старшынёю, судзьдзёю.
- У множным ліку прадметнікі мужчынскага роду з канчаткам а (я) скланяюцца так, як і без канчатку: старасты, старшы́ні, старастаў, старшы́няў, старастам, старшыням і г. д.
Правіла 47’. Пад уплывам беларускіх прыметнікаў на -істы, -ысты — прысадзісты, завівасты, плячысты пазычаныя з чужых моваў прадметнікі на -іст прынялі на канцы ы: арганісты, цымбалісты, гімназісты, сэмінанарысты, сацыялісты; капіталісты.
Гэтыя прадметнікі скланяюцца, як прыметнікі.
|
|
ІІІ. Правапіс некаторых суфіксаў у прадметніках
Правіла 48. а) Памяншальна-ласкальныя прадметнікі маюць суфіксы -ак, -ік, -ык, у якіх галосныя гукі вымаўляюцца нявыразна. Калі у родным склоне нявыразны гук выпадае, дык пішацца -ак, а калі не выпадае, дык пішацца -ік, -ык, прыкл.: ельнічка — ельнічак, галасочка — галасочак, сакалочка — сакалочак, чаўночка — чаўночак, садочка — садочак; століка — столік, саколіка — саколік, дожджыка — дожджык, хлопчыка — хлопчык, дубчыка — дубчык, ключыка — ключык, каменчыка — каменчык.
2) У памяншальна-ласкальных суфіксах -аньк, -еньк, перад к пішацца ь (мяккі знак): зоранька, вішанька, песенька.
3) Калі прадметнік канчаецца на нь, дык ь (мяккі знак) перад суфіксамі -чык і -шчык не захоўваецца, прыкл.: камень — каменчык — каменшчык, струмень — струменчык, а таксама: бэтон — бэтоншчык, барабан — барабаншчык.
Але пасьля л мяккі знак пішацца: тачыльшчык.