§ 3. Правапіс прадметнікаў § 4. Правапіс прыметнікаў
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 5. Правапіс лічбоўнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 4. Правапіс прыметнікаў

І. Правапіс ненацісьненых е і я у прыметніках

Правіла 49. Ненацісьненае е пішацца:

а) у назоўн. і вінав. склонах адзіночнага ліку прыметнікаў ніякага роду: новае (гумно), старое (дзерава);

б) у родніям сконе адзіночнага ліку прыметнікаў жаноцкага роду: новае (хусткі), старое (хаты).

Ненацісьненае я пішацца у наступных формах:

1) У назоўным і вінавальным склонах адзіночнага ліку прыметнікаў ніякага роду і у назоўным склоне адзіночнага ліку жаноцкага роду:

сіняе (шкло), летняе (раньне), сіняя (папера), летняя (пара);

2) у родным склоне адзіночнага ліку ва усіх родах: летняга (дня), ранішняга (туману), сіняга (шкла), летняе (й) (ночы);

3) у давальным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага родаў: летняму (дню), сіняму (шклу);

4) у родным, давальным і месным склоне адзіночнага ліку жаноцкага роду: летняе і летняй (ночы);

5) у творным склоне адзіночнага ліку жаноцкага роду: летняю і летняй (ноччу);

6) у назоўным і вінавальным склонах множнага ліку прыметнікаў усіх родаў: новыя сталы, новыя кнігі, новыя гумны.

ІІ. Правапіс канчаткаў прыметнікаў

Правіла 50. У назоўным і аднолькавым з ім вінавальным склоне адзіночнага ліку прыметнікі мужчынскага роду маюць канчаткі пры цьвярдой аснове ы, а пры мяккой -і; новы год, летні дзень; жаноцкага роду -ая (яя): новая хата, летняя ноч; ніякага роду не пад націскам -ае (яе): но́вае гумно, сі́няе мора, а пад націскам -ое: старо́е гумно, сьляпо́е кацянё і г. д.

Правіла 51. У родным склоне адзіночнага ліку прыметнікі мужчынскага і ніякага роду пад націскам маюць канчатак -ога, не пад націскам пры цьвярдой аснове -ага, пры мяккой -яга: старо́га дуба, мало́га дзіцяці; разу́мнага чалавека, сьве́тлага сонца, сі́няга шкла.

У жаноцкім родзе пад націскам канчатак -ое, або ой, не пад націскам -ае (яе) або ай (яй): маладо́е або маладо́й яблыны, но́вае або но́вай кнігі, ле́тняе або ле́тняй ночы.

Правіла 52. У давальным склоне адзіночнага ліку прыметнікі мужчынскага і ніякага роду пад націскам маюць канчатак -ому, не пад націскам пры цьвярдой аснове -аму, а пры мяккой -яму: старому дубу, малому дзіцяці, разумнаму чалавеку, сьветламу сонцу, сіняму шклу; прыметнікі жаноцкага роду маюць канчатак пад націскам -ой, не пад націскам -ай (яй) старо́й мовы, маладо́й яблыны, новай кнігі, ле́тняй ночы.

Правіла 53. Прыметнікі жаноцкага роду у вінавальным склоне адзіночнага ліку маюць канчатак -ую (юю): новую кнігу, цёплую ноч, летнюю пару.

Правіла 54. Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду як у творным, так і у месным склонах адзіночнага ліку маюць канчаткі пры цьвярдой аснове -ым, а пры мяккой -ім: старым дубам і на старым дубе, сьветлым сонцам і аб сьветлым сонцы, сінім шклом і на сінім шкле.

Правіла 55. Прыметнікі жаноцкага роду у творным склоне адзіночнага ліку пад націскам маюць канчатак -ою або ой, не пад націскам пры цьвярдой аснове -аю або ай, а пры мяккай -яю або -яй: маладо́ю або маладо́й травою (й), но́ваю або но́вай хатаю (й), ле́тняю або ле́тняй ноччу.

УВАГА: Прыметнікі жаноцкага роду у месным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі, аднолькавыя з канчаткамі роднага і давальнага склонаў на -ой, -ай (яй): на маладо́й яблыне, у но́вай хаце, аб ле́тняй ночы.
Агульная увага пра поўныя і кароткія канчаткі прыметнікаў.
Поўныя канчаткі прыметнікаў жаноцкага роду (-ое, -ае, -яе у родным склоне, ой, аю, яю у творным склоне адзіночнага ліку) трэба ужываць, калі наступнае слова пачынаецца на зычны гук, а кароткія (ой, ай, яй у гэтых двух склонах) — калі наступнае слова пачынаецца на галосны (у тым ліку і ётаваны); прыкл.: новае хаты — новай адзежы, новаю хатаю — новай адзежаю.

Правіла 56. Прыметнікі усіх родаў у назоўным і аднолькавым з ім вінавальным склоне множнага ліку пры цьвярдой і зацьвярдзелай асновах маюць канчатак -ыя, а пры мяккой і пры задняязычнай аснове (на г, к, х) — канчатак -ія: старыя дубы, новыя кнігі, разумныя словы; летнія дні, сінія моры; даўгія дні, сухія галіны, кароткія словы і г. д.

Правіла 57. Прыметнікі усіх родаў у множным ліку маюць аднолькавыя канчаткі, напр.:

1) у родным склоне -ых пры зацьвярдзелай і цьвярдой аснове, іх пры мяккай і пры задняязычнай аснове (на г, к, х): старых дубоў, новых кніг, разумных словаў, летніх дзён, сініх мораў; даўгіх шляхоў, сухіх галін, кароткіх словаў;

2) у творным склоне канчаткі -ымі, -імі: старымі дубамі, новымі кнігамі, разумнымі словамі, летнімі днямі, сінімі морамі, даўгімі днямі, сухімі галінамі, кароткімі словамі і г. д.;

3) у месным склоне прыметнікі маюць канчаткі, аднолькавыя з родным склонам -ых, -іх, прыкл.: у старых дубох, у новых кнігах, на разумных словах; аб летніх днёх, у сініх морах, пры даўгіх днёх, на сухіх галінах, у кароткіх словах г. д.

ІІІ. Правапіс суфіксаў у прыметніках

Правіла 58. а) Калі карэнь прадметніка канчаецца на н, і ад гэтага прадметніка утвараецца прыметнік з суфіксам н, дык у напісаньні прыметніка захоўваецца два н: корань — карэнны, сьцяна — насьценны, ячмень — ячменны, камень — каменны, конь — конны, чыгун — чыгунны, машына — машынны, дзень — штодзённы, раён — раённы, рэмень — раменны, палатно — палаценны.

Але калі у васнове прадметніка няма н, дык у вытвараным ад яго прыметніку пішацца адно н: шкло — шкляны, дзерава — дзеравяны, дрэва — драўляны, хата — хатні.

б) Прыметнікі маюць падвойнае н таксама у суфіксах -енн, энн: вогненны, здаравенны, страшэнны.

УВАГА: Два н пішацца у прыметніках, утвораных ад прадметнікаў ніякага роду на мя: імя — іменны, займя — займенны і займеньнік, плямя — пляменны і пляме́ньнік, цемя — цемянна́я (косьць).

в) Прыметнікі са зьмяншальным або ласкальным значаньнем маюць суфіксы -еньк, эньк, -аньк, напр.: сіненькі, маленькі, беленькі, новенькі, даражэнькі, добранькі і г. д.

Пасьля зацьвярдзелых зычных пад націскам пішацца -эньк, не пад націскам -аньк, напр.: старэ́нькі, прыго́жанькі.

Пасьля задняязычных г, к, х звычайна пішацца -еньк: лёгенькі, мя́кенькі, сухе́нькі, ці́хенькі і г. д.

Правіла 59. Калі аснова скарочанага прыметніка мужчынскага роду канчаецца на злучэньне двух зычных, дык паміж гэтымі зычнымі зьяўляюцца галосныя о (не пад націскам а) або ё, (не пад націскам е), прыкл.: горкі — горак, чорны — чоран, тонкі — тонак, салодкі — саладок; поўны — повен, годны — годзен, жадны — жадзен, вінны — вінен, грозны — грозен — гразён, мудры — мудзер — мудзёр.

IV. Правапіс складаных прыметнікаў

Правіла 60. 1) Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць адценьні колераў, пішуцца зьлітна: цёмнасіні, сьветлазялёны, цёмнашэры, срабрыстазялёны і г. д.

2) Калі складаны прыметнік утвораны з прыметніка і прадметніка, дык таксама пішацца зьлітна: чарнагаловы, чарнавокі, шырокаплечы, даўганосы, белагаловы, касавокі, вялікдзень, дабраякасны (добрая якасьць), даўгавязы (доўгі вяз), даўгавечны (даўгі век) і г. д.

3) Калі паміж словамі, ад якіх вытварыўся складаны прыметнік, можна уставіць злучнік і, дык такі прыметнік пішацца праз злучок, напр.: фізыка-матэматычны (фізычны і матэматычны) факультэт, беларуска-нямецкі (беларускі і нямецкі) слоўнік, крухмала-патачны (завод), гандлёва-прамысловы (горад), адміністрацыйна-гаспадарскі (аддзел), гародна-малочная (зона), а таксама: паўдзённа-заходні (вецер), паўночна-усходні (бераг), Заходня- Эўрапэйскія (краі).