§ 7. Правапіс дзеясловаў § 8. Правапіс прыслоўяў
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 9. Правапіс прыйменьнікаў і прыставак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 8. Правапіс прыслоўяў

Правіла 90. Прыслоўі з прыйменьнікамі пішуцца зьлітна, прыкл.:

пазаўчора, пазаўтра, пазалетась, назаўсёды, напотым, надарэмна, зьнячэўку, нанава, завідна, поначы, нанач, сосну, сосьмеху, вобземлю, подчас, замуж, за́раз (але: за ра́з забраў), потым, улетку, узімку, зранку, змалку, знадворку, здалёк, удаўжкі, спадыйспаду, зраньня, наўцёкі, навыперадкі, напаверх, бясконца, насустрач, паасобку, патрошку, спрадвеку, спрасонку.

Правіла 91. Калі прыслоўе вытварылася ад прадметніка ці прыметніка, дык каб адрозьніць прыслоўе з прыстаўкаю ад падобнага прадметніка ці прыметніка з прыйменьнікам, трэба кіравацца наступным:

а) слова пішацца асобна, калі пасьля яго стаіць прадметнік у родным склоне: з пачатку дня, з пачатку месяца; але: спачатку чыталі (прыслоўе);

б) калі пры прадметніку ёсьць дапасаваны да яго прыметнік або пасьля прыйменьніка можна паставіць склонавае пытаньне: у ночы зімнія, у восень халодную, у дзень летні; але: гэта здарылася увосень, ехаў уночы (прыслоўе); на палавіну году, але: выканалі работу напалавіну (прыслоўе), выйшлі бяз шуму, бо можна паставіць пытаньне: без чаго? іду дахаты, але: да (чаго?) хаты паўгадзіны хады.

Правіла 92. Прыслоўі з прыстаўкамі у, на, па маюць на канцы е, калі яны вытвараны ад прадметнікаў у месным склоне: уверсе, унізе, неўзабаве, нарэшце, наверсе, папраўдзе, пакрысе.

УВАГА: Слова паводля трэба пісаць з я на канцы, як і для, якое уваходзіць у склад яго. Таксама і посьля, а ня «посьле», як і пад націскам: пасьля́, якое, наагул, лепш ужываць.

Правіла 93. Прыслоўі, якія становяць сабою формы даўнейшых дзеяпрыслоўяў цяперашняга часу, маюць на канцы я, напр.: нехаця, наўмысьля, адумысьля, загадзя, ледзьвя, як: хаця́, пасьля, а таксама у прыслоўях: сёньня, або сягоньня, зраньня, удвая, утрая.

Правіла 94. Часьціца не пішацца зьлітна у прыслоўях: не́як, не́дзе ( = дзесьці), не́куды ( = кудысьці), не́адкуль, не́хаця, не́калі ( = калісьці), з націскам на не, а таксама у прыслоўях, з якімі не утварае новае паняцьце і гэта паняцьце можна замяніць сынонімам, напр.: нядобра (дрэнна), нялёгка (цяжка), нядорага (танна), нявысака (нізка), недалёка (блізка).

Але калі робіцца працістаўленьне двух паняцьцяў, дык не (ня) пішацца асобна: Работа выканана ня зусім добра, але і ня дрэнна.

Правіла 95. Прыслоўе з прыйменьнікам па заўсёды пішацца зьлітна: папросту, памалу, паблізку, а таксама: патрошку, паасобку, пановаму, павясеньняму, пасяброўску, пабеларуску, панямецку, парасейску; памойму, патвойму, панашаму, папершае, падругое, патрэйцяе, павоўчы і г. д.

Правіла 96. Паміж паўторнымі прыслоўямі пішацца злучок: раз-по-раз, перш-на-перш, гады-у-рады, калі-ні-калі, як-ні-як, дзе-ні-дзе, ледзьве-ні-ледзьве; ледзь-ледзь, чуць-чуць, больш-менш, сям-там, час-ад-часу, блізка-блізютка, туды-сюды, сяды-тады.

Таксама пішуцца праз злучок прыслоўі з часьцінкамі абы, небудзь: абы-дзе, абы-як, калі-небудзь, як-небудзь.