§ 6. Правапіс займеньнікаў § 7. Правапіс дзеясловаў
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 8. Правапіс прыслоўяў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 7. Правапіс дзеясловаў

І. Правапіс е (ё) і я у марфалёгічных формах дзеяслова

Правіла 75. Ненацісьненае е (ё) у марфалёгічных формах дзеяслова запісваецца то літараю е, то я.

1) е пішацца у наступных формах:

а) у 2-й і З-й асобе адзіночнага ліку і у 1-й асобе множнага ліку дзеясловаў І-га спражэньня, напр.: чыта́еш, чыта́е, чыта́ем, як і пад націскам: нясе́ш, нясе́;

б) у 2-й асобе множнага ліку І і ІІ-га спражэньняў, а таксама у 2-й асобе множнага ліку загаднага ладу у канчатку -це: чыта́еце, хо́дзіце, як і пад націскам: несяце́, сядзіце́ і нясе́це, прасе́це і г. д.;

в) у дзеяпрыметніках з суфіксам -ен: зроблены, высьветлены, вынесены, выяўлены і г. д.

2) я пішацца у наступных формах:

а) у 2-й асобе множнага ліку дзеясловаў І-га спражэньня: з націскам на канчатку: несяце́, ведзяце́, везяце́ і г. д., як у першым складзе перад націскам, але: ве́еце, се́еце, як пасьля націску;

б) у 3-й асобе множнага ліку ІІ-га спражэньня: хо́дзяць, но́сяць, во́дзяць, як глядзя́ць, сядзя́ць;

в) у дзеяпрыслоўях, вытвараных ад дзеясловаў І-га спражэньня: хо́дзячы, гле́дзячы, се́дзячы і г. д.;

г) у дзеяпрыметніках з суфіксам -ян: пасе́яна, зьве́яна, расстрэляны (ад расстраля́ць).

ІІ. Правапіс дзеяслоўных канчаткаў

1. Форма цяперашняга і будучага простага часу

Правіла 76. Формы 2-е асобы адзіночнага ліку дзеясловаў цяперашняга або будучага простага часу канчаюцца у І-м спражэньні на -еш як пад націскам, так і не пад націскам, а пасля зацьвярдзелых пад націсксм на -эш, а не пад націскам на -аш; у ІІ-м спражэньні гэтыя формы канчаюцца на -іш, -ыш, напр.:

нясе́ш чыта́еш
вядзе́ш ду́маеш
бярэ́ш пі́шаш
арэ́ш ка́жаш
сядзі́ш хо́дзіш
крычы́ш гаво́рыш.

Правіла 77. Формы 3-е асобы адзіночнага ліку канчаюцца у І-м спражэньні на -е (ць), а пасьля зацьвярдзелых пад націскам на -э (ць), а не пад націскам, на -а (ць). У ІІ-м спражэньні гэтыя формы канчаюцца на -іць, -ыць (або не пад націскам на е, а).

нясе́(ць) чыта́е(ць)
вядзе́(ць) думае(ць)
бярэ(ць) піша(ць)
арэ(ць) ка́жа(ць)
сядзіць хо́дзіць(ходзе)
крычыць гаво́рыць(гавора).

УВАГА: Поўныя формы (на -ць) у І-м спражэньні пажадана ужываць толькі тады, калі наступнае слова пачынаецца на галосны гук (у тым ліку і ётаваны): вязець авёс, але вязе жыта, чытаець адозву, але чытае кнігу, бярэць яго, але бярэ пэнсію.

Кароткія формы (бяз -ць) у І-м спражэньні (ходзе, гавора) — ужываць не пажадана.

Правіла 78. У формах 1-й асобы множнага ліку дзеясловаў І-га спражэньня канчатак -ём пад націскам і не пад націскам ем, а пасьля зацьвярдзелых пад націскам -ом, а не пад націскам -ам. У дзеясловах ІІ-га спражэньня гэтыя формы маюць канчаткі -ім, -ым.

нясём бу́дзем
ідзём по́йдзем
бяро́м пішам
аро́м ска́жам
глядзім ко́сім
крычы́м гаво́рым.
УВАГА. Дапушчаюцца у І-м спражэньні і формы з зацьвярдзеньнем іншых, не зацьвярдзелых зычных, асабліва пад націскам на канчатку: нясом, вязом, жном, мном (лён), ідом, брыдом, часам: будам, пойдам.

Правіла 79. У 2-й асобе множнага ліку ужываюцца формы для І-га спражэньня пад націскам -яце (яцё), не пад націскам -еце, а пасьля зацьвярдзелых — пад націскам -аце (ацё) і не пад націскам ужываецца форма -аце. У І-м спражэньні гэтыя формы маюць канчаткі пад націскам -іце (іцё), ыце (ыцё), а не пад націскам -іце (ыце).

несяце́(ё) бу́дзеце
ідзяце́(ё) пой́дзеце
бераце́(ё) пішаце
араце́(ё) ска́жаце
глядзіце́(ё) ко́сіце
крычыце́(ё) гаво́рыце

Правіла 80. Формы З-е асобы множнага ліку у І-м спражэньні маюць канчаткі -юць, -уць, у ІІ-м спражэньні -яць, аць.

лію́ць чыта́юць
п‘ю́ць абду́маюць
нясу́ць пішуць
вязу́ць ска́жуць
сядзя́ць ко́сяць
маўча́ць гаво́раць.

Правіла 81. У зваротных дзеясловах да дзеяслоўных формаў дабаўляецца часьціца -ся: вучышся, вучымся, мыюся, мыешся, мыемся, мыецеся і г. д.

Але калі часьціца -ся злучаецца з дзеясловам 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку або з інфінітывам, які канчаецца на -ць, дык заміж -цься вымаўляецца і пішацца -цца, з падвойным -ц, напр.: ву́чыцца — ву́чацца — вучы́цца, мыецца — мыюцца і мыцца.

Калі-ж стаіць пасьля зычных, дык пішацца адно ц: здасца, наесца.

УВАГА: У беларускай мове заўсёды ужываецца поўная форма -ся; скарочаная форма -сь сустракаецца толькі у вершах старых паэтаў і там зьяўляецца уплывам расейскае мовы: «І хлопцы толькі пасьмяялісь ды вон за дзьверы паімчалісь».

2. Форма загаднага ладу

Правіла 82. Калі дзеяслоў загаднага ладу у 2-й асобе адзіночнага ліку канчаецца на мяккі зычны (мае на канцы ь — мяккі знак) — будзь, кінь, стань, дык застаецца і у 1-й і 2-й асобе множнага ліку: будзьма, кіньма, станьма, будзьце, кіньце, станьце.

Калі-ж дзеяслоў канчаецца на цьвярды зычны, дык ь — мяккі знак ня пішацца: рэж — рэжце, еж — ежце, прамоў — прамоўце і г. д.

Правіла 83. Калі дзеяслоў загаднага ладу у 2-й асобе адзіночнага ліку канчаецца на зычны або на й, дык у 1-й асобе множнага ліку дадаецца канчатак -ма: будзь — будзьма, кінь — кіньма, пасунься — пасуньмася, рэж — рэжма, чытай — чытайма, гуляй — гуляйма, ведай — ведайма і г. д.

Правіла 84. Калі дзеяслоў загаднага ладу у 2-й асобе адзіночнага ліку канчаецца на і, ы, то у 1-й і 2-й асобе множнага ліку і чародуецца з е, а ы з э, прычым у 2-й асобе канчатак будзе -ем (эм):

ідзі! ідзем! ідзеце!
нясі! нясем! нясеце!
бяры! бярэм! бярэце!
ары! арэм! арэце!

ІІІ. Правапіс дзеяслоўных суфіксаў

Правіла 85. Калі дзеяслоў цяперашняга ці будучага простага часу у 1-й асобе адзіночнага ліку канчаецца на ую (юю), дык у прошлым часе і у неазначальнай форме ён будзе мець суфікс -ава, або ява, на які падае націск, прыкл.:

начую начава́ў начава́ць
будую будава́ў будава́ць
пілую пілава́ў пілава́ць
малюю малява́ў малява́ць
плюю плява́ў плява́ць.

А калі націск ня падае на суфікс, дык дзеяслоў у 1-й асобе адзіночнага ліку канчаецца на ваю, прычым суфікс -ва у прошлым часе і у неазначальнай форме захоўваецца, але без галоснага або ы), прыкл.:

акле́йваю акле́йваў акле́йваць
запісваю запісваў запісваць
вычэ́рпваю вычэ́рпваў вычэ́рпваць
выслу́хваю выслу́хваў выслу́хваць
высьме́йваю высьме́йваў высьме́йваць.

Калі-ж суфікс -ва стаіць пасьля двух ці больш зычных, прычым апошнімі зычнымі перад суфіксам будуць р, л, н, дык пасьля р пішацца -ава або -ыва, а пасьля л, н -ява або іва, прыкл.:

выветраваю(ываю) выветраваў(ываў) выветраваць(ываць)
адыграваю(ываю) адыграваў(ываў) адыграваць(ываць)
адрозьняваю(іваю) адрозьняваў(іваў) адрозьняваць(іваць)
запэўняваю(іваю) запэўняваў(іваў) запэўняваць(іваць).
УВАГА: У дзеясловах аднаскладовых, як: біць, ліць, піць, шыць, мыць гукі і, ы належаць да караня і таму у словах: выбіваю, заліваю, выпіваю, зашываю, вымываю — суфікс -ва, а ня -іва, ыва.

Правіла 86. Калі ад дзеяслова закончанага трываньня з суфіксам -ава, -ява утвараюцца пры дапамозе суфікса -ва дзеясловы незакончанага трываньня, дык ад абодвых суфіксаў атрымліваецца -оўва, еўва, г. значыць, суфіксы -ав (а), -яв (а) замяняюцца на -оў, ёў, прыкл.:

выкарыстаў выкарыстоўваў
загартаваў загартоўваў
адбудаваў адбудоўваў
абсталяваў абсталёўваў
заваяваў заваёўваў
усхваляваў усхвалёўваў.

Правіла 87. 1) Суфікс -ен пішацца у дзеяпрыметніках залежнага стану, утвораных ад дзеясловаў, неазначальная форма якіх канчаецца на -іць, -ці: узброіць — узброены, высьветліць — высьветлены, спыніць — спынены, вывезьці — вывезены, прынесьці — прынесены, скласьці — складзены, пасаліць — пасолены.

2) Суфікс -ян пішацца у дзеяпрыметніках, утвораных ад дзеясловаў з неазначальнай формай на яць, напрыклад: пасеяць — пасеяны, зьвеяць — зьвеяны, разьвеяць — разьвеяны, расстраляць — расстрэляны.

УВАГА. У тых выпадках, калі неазначальная форма дзеясловаў у незакончаным трываньні мае на канцы -яць, а у закончаным -іць, залежныя дзеяпрыметнікі прошлага часу утвараюць ад закончанага трываньня, напр.:
вымаўляць вымавіць вымаўлены
высьвятляць высьветліць высьветлены
ухваляць ухваліць ухвалены
узгадняць узгодніць узгоднены.

Правіла 88. Дзеяпрыметнікі прошлага часу залежнай формы як поўныя, так і кароткія, заўсёды пішуцца праз адно н: прачытаная — прачытана, зробленая — зроблена, напісаная — напісана і г. д.

Правіла 89. У дзеяпрыслоўях суфікс -ячы пішацца у тых выпадках, калі дзеяпрыслоўе вытварылася ад дзеяслова ІІ-га спражэньня з канчаткам -яць: ходзяць — ходзячы, носяць — носячы, возяць — возячы, косяць — косячы.