Падсудным не даюць першага слова Прысяга сьведкаў
Публіцыстыка
Аўтар: Кастусь Езавітаў
1926 год
Дапрос сьведкаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прысяга сьведкау.

Усяго выклікана было па справе 120 сьведак. З іх сьведак абвінавачываньня — 74 чалавека, а сьведак абароны — 46 чалавек.

Супроць 7 сьведак абвінавачываньня абарона робіць адвод, бо яны выстаўлены Пракурорам у самы апошні момант і абвінавачываныя нават ня былі паведамлёны аб гэтым да паседжаньня Суда.

Са сьведак абароны не зьявілася 3 чалавека, ды апрача таго адзін са сьведак абароны быў запісаны памылкова два разы, пад рожнымі парадкавымі нумарамі.

Гэткім чынам для судовага дапросу асталося 67 сьведак абвінавачываньня і 42 сьведкі абароны.

Сьведкі абвінавачываньня і абароны разьмешчаны па рожных пакоях.

Першымі выклікаюць у залю Суда сьведак абвінавачываньня. Робіцца паіменная пераклічка. Старшыня Суда напамінае аб абавязках сьведкі і аб кары, якая чакае даўшага на Судзе ілжывае паказаньне.

Сярод гэтых сьведак некалькі вучняў-дзяцей з вясковых беларускіх аснаўных школ. Дзеля таго, што ім менш за 14 гадоў, Суд звальняе іх ад дачы прысягі.

Сьведкі абвінавачываньня трымаюцца спакойна і з цікавасьцю разглядаюць падсудных, асабліва гр. К. Езавітава, у якога за 10 месяцаў сядзеньня ў турме адрасла вялікая чорная барада. Некаторыя з іх ветліва вітаюцца са знаёмымі падсуднымі.

Затым прыводзюць сьведак абароны. Кожды з іх, уваходзючы ў залю, перш за ўсё вітае абванавачываных. На ўсіх тварах адбіваецца спачуцьцё да сядзячых на лаве падсудных. У некаторых на вочах слёзы, усе страшэнна хвілююцца.

Большасьць сьведак абароны быўшыя і цяперашнія вучні беларускіх гімназій: Дзьвінскай і Люцынскай. Нават староннімі людзьмі адчуваецца шчырая духоўная блізкасьць гэтых сьведак да сядзячых на лаве іхніх настаўнікаў.

Быўшыя да гэтага зусім спакойнымі, абвінавачываныя пачынаюць хвілявацца. На іх моцнае ўражаньне робяць ухвіляваныя твары і сьлёзы іхніх выхаванцаў.

Нарэшце заканчываецца пераклічка і прысяга сьведак абароны. Старшыня Суда паўтарае свае тлумачэньні аб абавязках і адказнасьці сьведак і паведамляе іх, што сьведкі абароны сёнека дапрошаны ня будуць, а таму могуць пакінуць памешканьне Суда да наступнага ранку.

Пры гэтым ён папяраджае, што ніводзін са сьведак абароны ня можа і не павінен быць прысутным у зале.

Першымі Суд пастанаўляе дапрасіць сьведак абвінавачываньня.