Беларусь бунтарская (1925)/Я малады

Я малады
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Сьцеражэцеся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я малады (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я МАЛАДЫ

Хто прайшоў — галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах).
Ну, а я малады — мне весела
Разагнацца ў мяцежную даль.

Мне жыцьцё — сусьветнае сьвята,
Мне прапоны — большы разгон.
Я цяпер без багацьця багаты
На зары квітнеючых дзён.

Гэта кроў не баіцца сьмерці,
Гэта сэрца распаліць лёд,
Гэтых думак кіпучага сьмерчу
Не абгоніць птушыны лёт.

Вось вышэй-бы за ўсіх узьняцца —
Я ўвесь — непакорны шквал.
Што-ж рабіць, калі дух юнацкі
Агарнуў ваяўнічы запал;

Што-ж рабіць, калі фарбы раніцы
У грудзёх завялі карагод;
Што рабіць, калі кроў барабаніць —
Заклікае ісьці у паход?

Хто прайшоў — галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах).
Ну, а я малады — мне весела
Разагнацца ў мяцежную даль.