Беларусь у песьнях (1920)

Беларусь у песьнях
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Язэп Фарботка
1920 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я. Фарботко.


БЕЛАРУСЬ
У
ПЕСЬНЯХ


1809—1919.


Менск.
1920.

Я. Фарботко.


Беларусь
у песьнях.


Літэратурна-гістарычны нарыс.



Менск,
1920 г.

I.

Хочучы азнаёміць нашае грамадзянства, а асабліва моладзь, закінутую сваёю доляю на чужыну і адарваную, дзякуючы гістарычным абставінам, ад родных хат, лясоў і поля, але ўсёю душою адданую свайму роднаму краю і народу, з тым абразом, які павінен быць ёй найдаражэйшым і найхарашэйшым, з абразом, які выяўляе сабою усё, што толькі можа быць мілым у сваёй Бацькаўшчыне, мы пачалі на страніцах Кіеўскае газэты „Беларускае Эхо“ друкаваць свой студыум беларускае новае літэратуры.

Гэты студыум і ёсьць той абраз, які, складаючыся з рознакалёрных і рознатонных асколкаў новае беларускае паэзіі, паэзіі першых беларускіх народных песьняроў, можна назваць, „Беларусьсю ў песьнях“, бо толькі песьняю можа звацца глыбокая думка з праўдзіва музычным тонам, вылажаная словамі на страніцах роднае пісьменнасьці. Ведама, німагчымасьць мець у той мамэнт пад рукамі ўсе патрэбныя матар‘ялы, — хварбы, з якіх укладаецца той ці іншы абраз, прыдавала таму абразу моʻ пэўную аднабокасьць, але ўсё-ж, хоць агульныя рысы роднага абразу павінны былі закінуць у сэрцы тых людзей, сыноў уваскрасаючага і адраджаючагося народу, сыньнюю любоў і прывязанасьць да свае, моʻ забытае нейкі час Маткі-Беларусі.

На жаль артыкул друкам дакончыць не ўдалося. Цяпер, карыстаючы з магчымасьці выпусьціць яго друкам у асобнай кніжцы, мы, перагледзіўшы і паправіўшы ўвесь матарʻял, згладзіўшы тую аднабокасьць і дапоўніўшы новымі аддзеламі — этапамі аж да апошніх часаў, выпушчаем у сьвет сваю скромную працу ня толькі для моладзі закінутае на чужыну, але у першы чарод для грамадзянства, жывучага на самой тэрыторыі Беларусі.

Паставіўшы сабе такія мэты, мы падзялілі ўсю кніжку на неколькі разьдзелаў, з якіх кожын мае сабе зусім асобны этап гісторыі беларускага руху і зусім асобны пэрыод разьвіцьця беларускае паэзіі.

Разам з тым, гэтыя этапы-пэрыоды, ідучы адзін за адным хронолёгічна і маючы форму асобных адбіткаў, павінны тварыць адзін суцэльны абраз — абраз Беларусі.

Ці дапялі мы гэтае мэты, хай судзяць тыя, хто зацікавіцца гэтаю працаю.

Прымаючы пад увагу, што беларускія кніжкі, асабліва тыя з якіх прыходзілося карыстаць пры выбарках матар‘ялаў, ня ў кожнага могуць быць пад рукой, а такжа зважаючы на тое, што ў беларускай новай літаратуры няма дагэтуль зборніка паэзіі розных аўтараў, дзе-б чытач мог знайсьці той ці іншы верш, мы стараліся браць такія вершы-песьні, якія па вялічыні сваёй маглі-б быць зьмешчаны бяз скарачэньня.

Каб даць, пэўнаго роду, зборнік выбраных вершаў розных аўтараў, — у гэтым была нашая другая мэта.

Толькі бяручы на увагу гэта, чытач не павінен дзівіцца, што іншыя вершы вышлі, быць можа, і подаўгі адносна зьместу.

Апошні разьдзел — разьдзел зусім асобны: гэта ўспамін аб зыйшоўшых з гэтага сьвету беларускіх песьнярох.

Памяці іх мы і пасьвячаем гэтую сваю маленькую працу, з моцнаю вераю, што яна прынясе сваю карысьць.

II.

Беларуская літэратура, г. зн. пісаная моваю „якою — як казаў у 1846 г. Ян Чачот у прадмове да свайго зборніка народных песьняў — у памяці нашай жывучыя яшчэ, старэнькія паны між сабой гаварыць любілі, якою дагэтуль гаворуць паны і аканомы з сялянамі, ў якой пісана калісь у нас акты ўрадовыя“, зьявілася на сьвет ужо даўно, але, дзякуючы гістарычным варункам у якіх знаходзілася Беларусь, доўга ёй прыходзілася заставацца няведамай шырокаму грамадзянству, шмат прышлося ёй перайці этапаў, пакуль, наканец, не заваявала сабе таго пачэснага і належнага месца, якое заняла і што раз больш займае ў апошнія часы.

Першым беларускім пісьменнікам XIX веку, аб якім дайшлі да нас весткі і творы якога сустракаюцца ўжо ў 1809 годзе, зьяўляецца Ян Баршчэўскі.

Але як Баршчэўскі, так і ўсе іншыя беларускія пісьменнікі першай палавіны 19-га веку (Манькоўскі, Рыпінскі) — гэта толькі людзі, хацеўшыя паказаць, што нядаўная дзяржаўная мова не павінна закідацца і заганяцца насільна гістарычнымі абставінамі ў курныя хаты. Яны бачылі сваім прарочым вокам паэтаў, што жывая мова цэлага народу не загіне, а расьцвіце ўзноў у свой час.

Да беларускіх пісьменьнікаў сярэдзіны 19-га веку трэба аднесьці Чачота, Сырокомлю (Кондратовіча), Дунін-Марцінкевіча.

Першы з іх найбольш вядомы як аўтар зборніка беларускіх народных песьняў, выданых з асобнаю, вельмі цікаваю, прадмоваю на грунце высьледкаў аб беларускай мове. У гэтым жа зборніку Чачот памясьціў і нізку сваіх арыгінальных вершаў, напісаных натолькі ў чыста народным духу, што іх трудна адрозьніць ад праўдзіва народных.

Сырокомля больш вядомы як польскі паэта (па мове твораў), але ўсё-ж пісаўшы ў чыста беларускім духу і наʻт шмат у беларускай мове. Гэта быў праўдзівы дэмакрата, якога праймала кожная вестка аб барацьбе за волю і які палаў думкаю аб агульным звольненьні ад прыгону „простых“ людзей. І ось дзеля гэтага весткі аб французскай рэвалюціі знайшлі одгук і ў творах Сырокомлі, а чым ён у 1848 годзе так пісаў:

Заходзіць сонца пагодняга лета,
Веіць вецер з заходніх нябёс;
Здароў будзь, вецер! з далёкага сьвета
Добрыя ж весьці ты да нас прынёс.
Здаровыя-ж будзьце, эй, добрыя весьці!
Там на Заходзе праліваюць кроў,
Б‘юцца для славы, свабоды і чэсьці,
І робяць вольных людзей з мужыкоў…

Сырокомля — гэта „лірнік вясковы“, браўшы з беларускіх сёлаў свае абразы і снаваўшы народнымі матывамі свае арыгінальныя песьні.

З усіх выжэйпамянутых песьняроў першым паэтам, паважна паглядзеўшым на беларускую мову, як на мову здатную да літэратуры, быў Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

Дунін-Марцінкевіч, добра разумеючы значэньне роднае мовы ў справе асьветы, пачаў адразу пісаць вялікшыя і паважнейшыя творы ў жывой беларускай мове. Дзеля гэтага ён перакладае на беларускую мову найвялікшы паэтыцкі твор таго часу і найлепшы адбітак быту беларускае шляхты — Міцкевічаўскага „Пана Тадэуша“. Адначасна зьяўляюцца адзін за адным яго арыгінальныя творы: сцэнічныя „Селянка“ і „Залёты“ і паэмы „Гапон“, „Шчэроўскія дажынкі“, „Купальля“, „Вечарніцы“ і шмат дробных вершаў, з якіх многія і дагэтуль ходзяць па Беларусі ў рукапісах.

Значэньне твораў Марцінкевіча, сказаў бы, скарэй пэдагогічна-выхаваўчае, чымся артыстычнае, бо ў сваіх творах Марцінкевіч хацеў „заахвоціць нашага беларускага мужыка і бедную шляхту да навукі“, а „багатых людзей нашае старонкі, што паводлуг Бога і сумленьня павінны-б памагчы адчыніць цёмнаму народу вочы“ да лепшых адносін да гэтых „простых людзей“.

Але значэньне твораў Марцінкевіча яшчэ і ў тым, што паэта простымі беларускімі народнымі словамі, роднаю моваю маляваў абразы беларускае прыроды, звычаі, погляды і думкі беларускага народу.

„Боршч з саланінай на стол паявіўся,
Кісла верашчака за ім з каўбасой,
Грэцкімі блінамі абрусок пакрыўся,
А далей крупнік з парасём стралой
Ляцеў у талеркі: вячэра сьвятая!
Бядзялася тут-жа лямешка густая,
Пансак, ягляная са скваркамі каша,
То яда мужыцка! — то пацеха наша!

Так апісвае паэта ў „Вечарніцах“ беларускую сьвяточную яду, якая прыгатоўлявалася пры абходзінах абраду „Дзядоў“.

У другім вершы простымі словамі выказвае пагляд цёмнага беларускага селяніна на пануючы над ім уціск „паноў“ і думку аб характары патрэбнае селяніну волі:

„Вясна голад перапала,
Ані солі, ані круп:
І скаціне корму мала,
І самому ані ў зуб.
На палацях дохнуць дзеці,
Жонка тры дні з дуру п‘ець,
І даўно парожна ў клеці,
І парожная асець.
Каліта ляжыць пад лаўкай,
А пры ёй парожны гляк; —
Ад Каляд мы з кумам Саўкай
Паціралі ў губе смак.
Але гора — ўжо спаўгора;
Цыц, нябога! трошкі цыц!
Вось нам вольнасьць дадуць скора
І, як птушкі, будзем жыць.
.......
Будзем роўныя з панамі,
Самі будзем мы паны,
І гарэлку піць збанамі,
І гуляць так, як яны.
Перастануць нашым братам,
Як скацінай таргаваць —
Напускацца ліхім матам,
Скуру з ног да карку драць.
Хоць халодна, хоць галодна,
Холад, голад ніпачом!
Эх! каб толькі нам свабодна!
На свабодзе аджывём.
Вось панам ня дужа лоўка:
Самым трэба працаваць!
Пабаліць ня раз галоўка,
Калі прыдзецца араць.
......
Мужык будзець не скацінай:
Ня раз скажэць пан з паноў:
„Пане Грышка, пане Міна!
Як-жа, васпан? ці здароў“

Дунін-Марцінкевічу прыпісваецца такаж аўтарства папулярнае і вельмі цікавае сатырычнае паэмы „Тарас на Парнасе“, але фактычная прыналежнасьць яе пяру Марцінкевіча апошнімі часамі зрабілася вельмі няпэўнаю.

Дунін-Марцінкевіча, па стылю і па чыстасьці ўжыванае ў яго творах беларускае мовы, справядліва лічаць бацькам беларускае краснае пісьменнасьці.

Бацькам-жа беларускіх пісьменьнікаў з праўдзіва народным характарам, з чыста беларускім нацыянальным духам і яшчэ больш чыстаю беларускаю моваю зьяўляецца Францішак Багушэвіч.



III.

Францішак Богушэвіч, пісаўшы пад прозьвішчамі Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі, ў сваіх творах, частка якіх сабрана ў двух зборнічках „Дудка беларуская“ і „Смык беларускі“, быў першым чалавекам што голасна адазваўся аб патрэбе нацыянальнага адраджэньня Беларускага народу, як народу сусім самадзельнага. Тлумачачы гэту патрэбу адраджэньня ў сваіх прадмовах да памянутых зборнікаў і падмацняючы свае думкі і пагляды характарыстычнымі абразкамі з жыцьця беларускага народу, ён стараўся ўлажыць у гэта тлумачэньне ўсю сваю праўдзіва беларускую народную душу.

І ось, прызываючы беларусаў да нацыянальнага адраджэньня, Богушэвіч перш за ўсё заахвочвае іх да навучэньня роднае мовы, бо „наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная як і другім добрым людзям і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо самі мы пусьцілі яе на зьдзек“.

Уважаючы заміраньне мовы за азнаку заміраньня народу, Богушэвіч кажа: „Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займае, а потым і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі!

Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото-ж гаворка, язык і ёсьць адзежа душы“.

І каб паказаць прыгожасьць і прыдатнасьць беларускае мовы, паэта „адважыўся напісаць сякія-такія вершыкі“. Паэзія Богушэвіча, аднак, не падобна толькі на „сякія-такія вершыкі“, як ён сам іх называе. У вершах шмат ёсьць абразоў добра і праўдзіва адбіваючых беларускае жыцьцё.

Пачынаючы сваю працу на карысьць найдаражэйшага яму Беларускага краю і народу і думаючы адразу загаварыць людзем у сэрцы, паэта хоча заграць на сваёй „Дудцы“ такую песьню,

„…Што усім будзе чутка,
Ад краю да краю!
Ой! то будзе граньне,
Як на павітаньне
І як на вясельле…
Ну дык грай жа, дудка!
Каб-жа была чутка,
Каб аж вушы драла;
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Заграй так вясёла,
Каб усе у кола
Узяўшыся ў бокі
Ды пашлі у скокі…“

Але сумнасьць і бяда, якая пануе ўвокал паэты па ўсёму краю, не дае магчымасьці граць граць доўга вясёлую песьню і паэта, кідаючы вяселую дудку, робіць

„…другую,
Жалейку смутную, —

якая трэба будзе

Каб так зайграла,
Каб зямля стагнала,
Вот каб як іграла:
Каб сьлязьмі прабрала,
Каб аж было жутка“…

бо як кінеш

„наўкола вокам,
Дык крывавым сокам,
Не сьлязой заплачаш
Як усё абачыш“…
(„Мая дудка“).

І быццам дзеля іллюстрацыі ўсяго раскінутага ўвокал паэта дае колькі абразкоў народнае бяды.

„Беднаж мая хатка, расселася з краю,
Меж пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу...
...............

Кепска-ж мая хатка, падваліна згніла,
І дымна і зімна, а мне яна міла;
Ня буду мяняцца хоць-бы і на замкі —
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі;
На страсе мох вырас, на маху бярозка...
Мільшая мне хатка, як чужая вёска„.

Паказаўшы беднату свае „хаты“, пад якою бязумоўна відаць увесь Беларускі край, паэта далей кажа аб тых прынадах, якія суляць яму, быццам помаччу ў беднаце, суседзі, заахвочваючыя адзін перад адным да пераходу беднага ў іхнія, чужыя для яго, хаты. Гэтыя суседзі — ніхто іншы як усходнія і заходнія народы — суседзі Беларусі, польскія і маскоўскія нацыяналісты, вёўшыя барацьбу за найбольшае выкарыстаньне цёмнага і беднага Беларусскага народу.

Але і тут паэта верыць у нацыянальную сьвядомасьць Беларускага народу і сьмела кажа ад яго імя:

„Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,
Не пайду да вас я, хіба у арэшце.
А хоць сілай навет адарвалі-б з дому,
Калісьці вярнуўся-б, як мядзьведзь да лому.
Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,
Усё-б я вярнуўся, хоць голы, ды босы!
Насек бы бярвеньняў, нацягаў бы моху,
Зноў-бы склеціў хату яккольвек патроху;
Зрабіў-бы камору, выкаваў-бы жорны, —
Усё-ж свой хлеб еў-бы, хоць бы сабе чорны!
Ну дык-жа адстаньце, на што я вам трэба:
Ці каб ваш хлеб есьці, ці рабіць вам хлеба?“
(„Мая хата“).

Творчасьць Богушэвіча ня толькі складаецца з абразоў цяжкое нядолі, але яна багата цэлым радком жартліва-сатырычных твораў, як напрыклад: „У судзе“, „У вастрозе“, „Здарэньне“, „Быў у чысцу", „Дзе чорт ня можа, там бабу пашле“, а таксама чыста гістарычна-бытавых, як „Хрэзьбіны Мацюка“, „Кепска будзе“, „Хцівец і скарб на Сьвятога Яна“ і інш.

Выстаўляючы на паказ народу ўсе гэтыя абразы ў іх праўдзівасьці, хоць моʻ і вельмі цяжкой дзеля разгляду, Богушэвіч стараўся ўнясьці сьвет у цёмныя курныя хаткі і загаварыць у сэрцы, што бʻюцца пад шэрымі апраткамі. З страшэннай жальбою ён кажа:

„Ой, нашто-ж мне дана тая мая мова,
Як я ня умею сказаць тое слова,
Каб яго, пачулі, каб яго пазналі,
Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі;
Каб і разыйшлося то слова па сьвеце,
Як праменьня сонца цёплага у леце;
Каб на тое слова ды людцы зрадзелі,
Так як тыя дзеткі на сьвятой нядзелі;
Каб-жа тое слова ды людцоў зьяднала,
Каб на тое слова ворагаў ня стала,
Каб людцы прызналі братоў ды братамі —
Дзяліліся доляй і хлеба шматамі“…

Але зараз-жа праконваецца паэта, што адраджэньне людзкіх душаў і зьнішчэньне нізкіх інстынктаў аказваецца ня лёгкай працай, бо

„Даўней, кажуць, Праўда на сьвеце хадзіла,
Жабруючы-ж зьмерла, а людцы схавалі,
Камянем накрылі, зямлю пааралі,
Каб ня чуць, ня ведаць аб ёй ані весьці,
Ды цяпер і кажуць: „Праўда ў небе дзесьці!“
Ды пашлі-ж ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку сьлязьмі залітую!
Пасылаў ты Сына, яго не пазналі:
Мучылі за праўду, сілай паканалі;
Пашлі-ж цяпер Духа, да пашлі-ж бяз цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела!“

Быццам у дапаўненьне да тога, што праўду самі „людцы схавалі, каб ня чуць, ня ведаць аб ёй ані весьці“, Богушэвіч падкрэсьлівае, што „надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане, дык і за крамнай вопраткай, і за ляксаванымі ботамі, гоніцца і ўсё маркоціцца!“ І ў гэтай пагоне і маркоце народ сам закінуў і забыў родныя песьні, а замяніў іх прынесенымі з места і з чужыны.

І ось дзеля заахвочаньня да ўспаміну роднае песьні Богушэвіч дае колькі штучных песьняў, думаючы імі, блізкімі па духу да народных беларускіх, замяніць чужыя і паказаць багацьце народнае паэзіі.

„Люлі, сынок, люлі, люлі!
Бо ўжо курачкі паснулі.
Можа будзеш калі панам,
Ці вялікім капітанам,
Людцоў Божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў сьвеце жыці;
Будуць клясьці як ліхога,
Прасіць смертанькі ад Бога.
Люлі, сынок, люлі, люлі!
Бо ўжо курачкі паснулі.
Тагды матка прыйдзе ў госьці:
Сын выкіне стары косьці;
Жабруючы пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць Матку Боску,
Каб забыцца ёй аб сыне,
Каб ня ведаць дзе ён згіне.
Люлі сынок, люлі, люлі!
Бо ўжо курачкі паснулі.
Ой ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала…
Люлі, сынок, люлі, люлі!“
(„Калысанка“).

Гэткія балючыя словы ўкладае паэта ў вусны маткі, пяючай над калыскай свайго сына. Матка — гэта ніхто іншы як Матка-Беларусь, сыны якой — інтэлігэнція, адзеўшыся ў „крамную вопратку і ляксаваныя боты“ другіх народаў, страціўшы свае сілы і здольнасьць на працу на чужых нівах, адракаліся ад роднае зямлі.

У другім вершы паэта, вуснамі сьвядомага сына Беларусі, кажа:

„Маліся, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі ня быў;
........
Каб людзей прызнаваў за братоў,
А багацтва сваё меў за іх.
Каб за край быў умерці гатоў,
Каб ня прагнуў айчызны чужых.
Каб я Бога свайго не акпіў,
Каб ня здрадзіў за грошы свой люд“…
(„Ахвяра“).

Разам з выжэйспамянутымі закідамі інтэлігенціі Богушэвіч, вінавацячы паноў, тых, як казаў Марцінкевіч, „багатых людзей нашае старонкі што паводлуг Бога і сумленьня павінны-б памагчы адкрыць цёмнаму народу вочы“, выказвае ад імяні беларускага селяніна-земляроба адносіны да іх у вершы „Не чурайся“.

„Не чурайся мяне, панічок,
Што далонь пакрываюць мазолі:
Мазоль — працавітых значок,
Не заразе цябе ён ніколі.
То мадаль за труды і за муку,
Не хвароба якая з заразы.
Ня стыдайся падаць ты мне руку,
Бо на гэтай руцэ няма сказы!
Эй! сьмялей адкрывай галаву
На паклон мой табе да зямлі;
Я тваей галавы не сарву
І маей вы-б, паны, не ўзялі.
Не ўцякай ад маей ты сярмягі!
Мне ня стыдна у ёй ані чуць…
........
А кінь вокам на хату маю:
І цячэ, і гніе, і крывая;
У сярэдзіне гной, і стаіць на гнаю,
І дзіўлюся я сам, як трывае?
Ня дзівіся, панок, як жыву; —
Мне ніхто не памог будаваць.
Хоць лянівым у сьвеце слыву,
А магу сьвет карміць, гадаваць:
Ты-ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць;
А там розуму шмат ад вякоў,
І усё можаш па ксёнжках рабіць;
А гдзе-ж ксёнжка для нас, мужыкоў?
Гдзе-ж нам розуму толькі набраць?
Знаем толькі загон ды саху,
І жывём, каб касіць, ды араць,
Ды жывём мы у Божым страху.
Каб умеў кіраваць я пяром, —
Я бы ксёнжку счыркаў як папар,
Я-б аб тым, як мы сеім, аром,
І як косім і жнём Божы дар.
Можа-б ты прачытаў той грызмол
І да працы набраў-бы ахвоты,
Шанаваў-бы мужыцкі мазол,
Ня чураўся-б мужыцкай бядоты,
І падаў-бы руку мне сьляпому,
І давёў-бы мяне да дарогі;
Ня блудзіў-бы і я сярод лому
І калючак, што раняць мне ногі!
Ой раняць і ногі і сэрца,
У сэрцы ненавісьць, злосьць родзяць,
Дзяржаць у тваёй паняверцы
Да здрады вядуць, ад праўды адводзяць!…
Даруй-жа сьляпому, што ходзе ён крыва,
Даруй, што ня відзе, хоць плача.
Абмацкам ходзяць сьляпыя — ня дзіва,
Відзючы-ж у яму як скача?“

Францішак Богушэвіч займае ў гісторыі развіцьця беларускае нацыянальнае літаратуры, а асабліва паэзіі, самае віднае месца і разам з тым творчасьць яго абымае самы цяжкі пэрыод у гісторыі Беларусі — пэрыод калі было забаронена ня толькі друкаваць беларускія кніжкі, але наʻт публічна выступаць з прамовамі ў беларускай мове. Аднак, ня гледзючы на гэтыя перашкоды, вершы Богушэвіча ў рукапісных экзэмплярах разыйшліся па ўсім абшары Беларусі. Апроч тога загранічныя выданьні „Дудкі“ і „Смыка“ перавозіліся кантрабандаю і шырыліся між беларускім грамадзянствам. Гэткае цяжкае становішча беларуская літаратура пратрывала аж да рэвалюцыі 1905 году, але гэтага часу Францішак Богушэвіч, на жаль, ужо не даждаў.

З творчасьцю Богушэвіча цесна зьвязана яшчэ творчасьць Івана Няслухоўскага — Янкі Лучыны, што працаваў адначасна з Богушэвічам. Гэта творчасьць зьяўляецца як-бы працягам паэзіі Богушэвіча. Праўда, паэзія Няслухоўскага ня мае ў сабе толькі рознакалёрнасьці і ня так яна вяліка, як паэзія Богушэвіча, але усё-ж балючыя тоны, сумныя малюнкі мы бачым і тут.

З паэзіі Няслухоўскага вядомы найбольш невялічкі зборнічак „Вязанка“, надрукованы ў 1903 годзе ў Пецярбурзе. Гэты зборнічак цікавы ўжо наʻт і тым, што тагдышняя расейская цэнзура, што так добра пільнавала каб не паявілася на сьвет беларускае друкаванае слова, усё-ж, ня гледзючы на тое, што беларуская мова ў іх і іншых, ім падобных асоб, была „наречіем“ расейскае мовы, не змагла пазнаць на якой мове зборнік быў напісаны і прапусьціла ў друк, як кніжку, на баўгарскай мове.

„Не я пяю — народ Божы
Даў мне ў песьні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы,
І з народам імі скуты.
З ім я зьліўся з добрай волі,
Чы то у долі, чы ў нядолі,
Чы дзе гора абзавецца,
Як асіна грудзь трасецца.
Чы пра радасьць чую весьці,
Усё ў грудзь хаваю дзесьці.
Мне гаворыць вёска, хата,
Мне гаворыць сэрца брата.
Рад зьбіраю, што пачую,
У грудзі сваёй нашу я,
Аж, як траўка на кургане,
Яно ўзыйде — песьняй стане“.

Такую характарыстыку сваім песьням-вершам дае сам паэта на першай-жа страніцы памянутага зборніка.

А далей пяюцца ім адна за адной думы-песьні і малююцца абразкі беларускага жыцьця.

„Эй ты, сівер, — ня дзьмі! ня патрэбян ты нам,
Ад палудня цяплу з табой ходу няма!
Хоць-бы раз без цябе зарунець — бы палям,
Хоць бы раз у свой час адышла — бы зіма!
Ўстрапянуўся-бы дух ў чалавечай грудзі,
Дый забылі-бы мы мора смутку ды й слёз.
Сьціхні, сівер, хоць раз, па лясох ня гудзі,
На далёк акіан убяжы ты мароз!…
(„Сівер“).

Гэта адна з тых сумных песьняў, якімі апявае Няслухоўскі сваю Бацькаўшчыну — Беларусь. Матыў гэтых песьняў вызваны зыкам песьняў Богушэвіча і дзеля гэтага Няслухоўскі з Богушэвічам сваёю творчасьцю даюць абраз Беларусі у першыя дні прабуджэньня беларускага нацыянальнага „Я“. Гэты абраз Беларусі да 1905 году Няслухоўскі дае нам у сваім вершы „Роднай старонцы“.

„Ты нам раскінулась лесам, балотамі,
Выдмай пяшчанаю, няураджайнаю,
Маці зямліца. І умалотамі
Хлеба над мерку ня даш звычайную.
А сын твой беднай адзет сярмягай,
З лыка пляцёныя лапці абуўшы,
Едзе драбінамі, ці калымагаю,
Канём, што цягне, як-бы заснуўшы.
Ўсё ў табе бедна. Часта заплача
Мужык араты, дзеля злой долі
Цяжка працуючы. Ён-жа аднача,
З табой разстацца ня жджэ ніколі,
І няпрыглядную хату з пажыткамі,
І поле скупое, выган бяз пашы,
Мы, апрануўшыся старымі сьвіткамі,
Любім і цэнім — бо яны нашы.
Дасьць Бог, крывавым потам аратаму
Здабрыць пяшчану зямліцу здарыцца,
Жыць добра сытаму, хоць не багатаму,
І дзеля сьвята чарка нам зварыцца,
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасьліваю“.

Такі сумны, але мілы нам абраз нашага роднага краю бачым мы у творчасьці Богушэвіча і Няслухоўскага, на якіх, дзеля вялікага іх значэньня, прышлося так доўга затрымацца.

Новыя малюнкі, новыя ноты чуюцца ў песьнях новых беларускіх песьняроў, узгадаваных на творчасьці Богушэвіча і Няслухоўскага і пачынаючых паяўляцца на сьвет у друку з 1905 годам.



IV.

Рэвалюцыя 1905 году — гэта той дзень, калі косы сонца-волі, асьвяціўшы хоць на мамэнт, прыгатаваны дэмократычнымі элемэнтамі грунт, засеяны ў Беларусі ідэямі Богушэвіча і Няслухоўскага і іх аднамысьнікаў, выцяглі з-пад зямлі зялёныя расткі беларускага адраджэньня.

Падзеі 1905 году ў якіх трэба было разабрацца беларускаму народу змусілі лепшых сыноў яго злучыцца ў нацыянальна-соцыяльна-дэмократычны гурток — „Беларускую Соцыялістычную Грамаду“, каб арганізаванымі сіламі ісьці на помач сваёй Бацькаўшчыне. Гэты гурток пачаў тлумачыць і шырыць ідэю рэвалюцыі між беларускім народам у яго роднай, найбольш і найлепш яму зразумелай, мове. І ось, гэтыя пісаныя і друкаваныя ў беларускай мове лістоўкі і брашуркі, распаўсюджваючыся між народам і вызываючы ў ім нездаволеньне гнётам і зьдзекам над сабою, разам з тым будзілі у народзе і беларускую нацыянальную сьвядомасьць.

Адначасна з лістоўкамі і брашуркамі паяўляецца палітычная беларуская белетрыстыка, як „Скрыпка беларуская“, „Хрэст на свабоду“ і інш., якая, будзячы нацыянальную сьвядомасьць сярод беларускага вучыцельства, вучнёў сярэдніх школ і наагул беларускай інтэлігенціі, гадуе і расьціць узышоўшыя над зямлёю пасевы Богушэвіча і Няслухоўскага.

І з гэтага часу на беларускай ніве зярняты беларускага адраджэньня, раскіданыя рукамі сяўцоў, вышаўшых з беларускае вёскі, дарма ўжо ня гінуць.

З 1906 годам зьвязаны выхад у сьвет першае беларускае газэты „Наша доля“, адчыніўшай сваім выхадам дзьверы беларускай прэсе, як роўнай прэсе другіх нацыяў. І дзеля гэтага зусім справядліва беларускі публіцыста, палажыўшы нямала працы на беларускай ніве, Антон Новіна кажа, што, „дзень выхаду ў сьвет „Нашае Долі“ — гэта першае беларускае нацыянальнае сьвята!“

Жыцьцё „Нашае Долі“ было, аднак, недаўгавечнае: яна была зачынена на 6-ым нумэры за надта востры характар, з якім выказвала праўду ў вочы пачаўшайся рэакцыі.

Але ў адчыняных „Нашаю Доляю“ дзьвярах стала постаць „Нашае Нівы“ — „люстра душы і думак беларускага народу“.

На страніцах гэтых газэт пачынаюць друкавацца творы новых беларускіх песьняроў, песьняроў вышаўшых з самага народу, з вёскі, песьняроў з невялікаю, часта пачатковаю, асьветаю, але з рукамі ў мазалёх. І гэта іхняя паэзія, паэзія мазалістае, але „бяз сказы“ рукі дае нам абраз Беларусі на працягу часу ад 1905 году да пачатку вайны ў 1914 годзе.

Беларуская паэзія гэтага часу, носячы характар глыбокага рэалізму і народалюбства, адбівае ў сабе ня толькі асобныя абразкі прыроды Беларусі, або думкі і погляды беларускага народу, але выяўляе ў сабе ўсю ідэю адраджэньня Беларусі. Гэта ідэя найлепш вылажана паэтам Янкам Купалаю ў яго вершы, стаўшым беларускім нацыянальным гымнам:

„А хто там ідзе, а хто там ідзе
У вагромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На ў лапцях нагах, на ў крыві руках?
— Сваю крыўду,
А каму нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды нясуць на паказ сваю?
— На сьвет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён
Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.
А чаго-ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім сьляпым, глухім?
Людзьмі звацца“.

І запраўды ўвесь Беларускі рух зводзіцца да таго, каб, прабудзіўшы нацыянальную сьвядомасьць сярод самога народу, дабіцца для „пагарджаных“ і „сьляпых“ права „людзьмі звацца“. Дзеля гэтага і ўсе песьні беларускіх паэтаў маюць дзьве ноты: жальбу і прызыў. У гэтых нотах, аднак, няма ніякага праклёну ні на каго, апроч свае долі і гэтыя дзьве ноты, як вехі, паказваюць шлях беларускага руху — шлях спакойнае творчае працы над стварэньнем нацыянальнае культуры, шлях без найменьшага нацыянальнага шовінізму і ненавісьці да іншых нацыяў.

Пачынаючы пець песьні беларускія паэты, бачыўшы па ўсёй Беларусі адно гора, зазначаюць адразу, што песьні іхнія ня могуць быць вясёлымі, бо кожная песьня, як кажа Якуб Колас, гэта

„… скарга уздоўж Нёмна
Беларусі сына…
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!
Зьбіты ў кучу твае вёскі,
Ў зямлю стрэхі ўходзяць;
Нуднай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць.
Крыж хваёвы, знак пакуты,
Тут і там чарнее:
Даль паўнютка ціхай смуты,
Жаль на душу вее!
Ўсё ў табе, мой родны краю,
Ўсё спавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам;
Тая песьня, што на полі
Жнеі засьпеваюць;
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць…
Ў маім сэрцы гора гэта
Одгалас знаходзіць;
Сэрца-ж жалем абагрэта
Песьні смутку родзіць.
Няхай плачам ў сіняй далі
Песьня разьліецца,
Каб ўсе людзі ў сьвеце зналі,
Як нам тут жывецца“.
(„Родныя песьні“).

Ўсьлед-жа за гэтым ліюцца песьні аб мінуўшчыне Беларусі, аб долі і нядолі, аб тым шчасьці, якое чакае Беларусь пасьля адраджэньня.

Песьняр Янка Купала у вершы „Наша мінуўшчына“ кажа аб тым, як жыў Беларускі народ да 1905 году і як можна было ў той час працаваць:

„Мы ня жылі, як жывуць людзі,
Гасьцінцам шчасьця не хадзілі,
Ня зналі ўцехі нашы грудзі,
Вянкоў мы славы не насілі.
Мы ў паніжэньні, ў вечным трудзе,
З днём кожным слабшыя на сіле,
Бязцэльна па калючай грудзе
Блудзілі, горасна блудзілі.
Быдлём асуджан быў валяцца
Сын свайго краю, родных межаў;
Калі-ж хто ўздумаў прачыхацца,
Курган прыбавіў толькі сьвежы.
Хацеў хто песьняй адазвацца,
Глушыў хаўтурны оклік з вежы,
З нягодай мусілі змагацца,
Як тыя вербы на ўзьбярэжжы“.

Гэты абразок нашае мінуўшчыны другі песьняр Гальяш Леўчык дапаўняе песьняю-падрахункам сьлёзам крыўдзе перанесянай Беларускім народам:

„Каб усе так сьлёзы нашага народу
Раптам сабраліся ў дажджовую воду,
То такім-бы ліўнем хлынулі, плылі,
Што другі патоп зноў быў-бы на зямлі:
Сорак дзён і ночы дождж тагды ўсё ліў-бы,
Цэлы сьвет вадою ўзноў ён затапіў бы!
Каб усю так крыўду беднай Беларусі,
Стогны, боль, загубу (зносе што ў прымусе),
Жальбы ўсе і гора сонцу паказаць,
То ад грому небо стала-бы дрыжаць,
З пяруноў-маланак хутка-бы аглухла,
Ад пракляцьця-ж сонца-б яснае патухла!“…

За гэтымі песьнямі аб мінулым беларускія песьняры, узрадаваныя блескам сонца-волі, пачынаюць зваць і будзіць беларускі народ да новага лепшага жыцьця.

„Мы доўга стагналі і нылі,
І поўзалі ніцьма у цьме,
Цяпер ужо вочы адкрылі,
Агонь запалілі ў вуме.
І цьвёрда за волю сьвятую
Бяромся ад шчырай душы; „Жыве Беларусь!“ дарагую
Хаваем мы думку ў цішы.

За звычай радзімы,
За родны народ
Адважна і сьмела
Ўпярод!
(„Жыве Беларусь“).

Гэтак пяе свой прызыў Т. Чарнышэвіч і ў тым-жа тоне чуецца песьня Янкі Купалы.

„Гэй наперад, покі сэрца

Бьецца, рвецца на прастор,

Годзе млеці ў паняверцы

Гэй да сонца! гэй да зор!

Хай бацькі стагналі ўчора,

Йшлі на той сьвет без пары:

Сяньні ў нашай моцы гора,

Мы жыцьця гаспадары!

Думка ў думку, дружна, сьмела

Ўсе наперад грамадой!

Кожны ведай сваё дзела,

Знай за праўду крэпка стой!

К новай долі шлях нам ляжа,

Як на небе млечны шлях…

........
Дык наперад, покі сэрца

Б‘ецца, рвецца на прастор,

Годзе млеці ў паняверцы!

Гэй да сонца! гэй да зор!
(„Гэй наперад“)

Сьледам за Я. Купалай на працу на роднай ніве кліча М. Арол:

„Дзе вы ўсе здольныя, ліцамі, ўдалыя
З добрымі думкамі к працы рахманыя

Выйдзьце ўпярод!

Поўнаю жменяй зярнаты здаровыя
Сейце на нівы багатые, новые —

Будзе усход!

Доўга былі яны ўсімі забытыя,
Дзікай травой, чэмярыцай пакрытыя:

Ждалі на вас.

Цёмныя хмары над імі насіліся,
Дарма паілі вадой й пранасіліся,

Аж прыйшоў час.

Будзе! даволі ты ўжо наляжалася,
Сілы дабрала і ўзмацавалася —

Дай-жа нам плод!
Выйдзьце ўсе здольныя, думкамі ўдалыя,

Выйдзьце ўсе шчырыя, к працы рахманыя.
Станьце ўпярод!

(„Сяўцом“.)

І тут-жа разам з гэтымі прызыўнымі песьнямі чуцен зык ціхіх, спакойных песьняў-гымнаў старца-лірніка, які, з усіх беларускіх песьняроў, стараўся быць заусёды найбліжэй да беларускае прыроды, да ўсяго, ад чаго веяла старавінаю — Каруся Каганца (Костровіцкага).

„О Божа, Спасе наш,
Ты міласьць нам пакаж,
З нядолі вызваль нас,
Збудзі Ты нас ўжо раз.
Ты вочы нам адкрый
І сьвету нам пашлій,
Ты праўду нам пакаж,
О, Божа, Спасе наш!“

(„Малітва“).

За гэтай малітвай аб вызваленьні з нядолі Каганец выпявае ў сваёй другой песьні сымвол пад якім павінна ісьці праца выкліканых на ніву сяўцоў:

„Адважна, брацьця, наперад ідзіце
Цьвёрдай і правай ступою!
Кожнаму ў вочы сьмела глядзіце,
Праўду нясіце з сабою!
За родну краіну, звычай і мову,
За веру грудзьдзю ставайце,
Ды будзьце верны сваёму слову,
З Богам заўсёды трывайце!
Тоды вы ўсякую зможаце сілу;
Ворагам прыйдзе скананьне,
Правым дасьць Бог наградачку мілу, —
Шчасьце і радасьць настане“.

(„Наш сымвол“).

Пад такія згукі вольных песьняў, выляцеўшых з маладых грудзей беларускіх песьняроў у 1905 годзе выйшлі на родныя загоны сыны сёл і з моцнаю вераю ў лепшую будучыну, ў шчасьлівейшую долю беларускага народу пачалі яны сваю цяжкую, але сьвятую працу.

Гэта праца па адбудове Беларусі ў песьні пісьменьніка Галубка рысуецца гэтак:

„Кіпіць работа, плыве пот,
І крык і гул, як гром;
Туды-сюды снуе народ:
Будуюць новы дом.
Лапаты рэжуць глыб зямлі,
Зьвініць сталёвы лом:
На месцы даўнай старыны
Будуюць новы дом.
Штодзень у гору сьцены йдуць
Ушыр і ўдоўж кругом,
Баліць мазоль і рвецца грудзь,
А ўсё-ж будуюць дом!
Настане дзень, надойдзе час,
Мы крэпку столь зьвядзём,
І лепшай прышласьцю для нас
Быць мусе новы дом!
Працуйма-ж, брацьця! Хай хутчэй
Наш льецца пот цурком:
Прыжджом і мы сьвятлейшых дней,
Як скончым строіць дом!“.
(„Будучына“).

Распачаўшы такім чынам будоўлю „новага дому“ працаўнікі, быццам, увайшлі на шлях будзённае працы. Узноў замігцелі прад вачыма абразкі Беларусі з яе прыродным хараством. Разам з гэтым, распачаўшаяся пасьля вольных дзён страшэнная рэакцыя і неспакойнасьць суседзяў Беларусі, выкліканая хаценьнем беларусаў „людзьмі звацца“ і працаю на гэтым грунце — даюць песьняром і новыя матывы ў іх песьнях.

Жыцьцё Беларусі, прабыўшы 1905-6 год, прайшло свой першы этап, а беларуская паэзія-песьня, увайшоўшы на шлях агульначалавецкага поступу, з гэтага часу пачала шырыць багацьце формаў і прывабліваць да сябе большы лік песьняроў.



V.

Чародным этапам жыцьця Беларусі і разьвіцьця беларускае нацыянальнае літэратуры зьяўляецца пэрыод часу „ліквідацыі рэвалюцыі 1905 году“, які са зьменным характарам у бок дужэйшае рэакцыі, або паслабленьня, працягнуўся аж да пачатку вайны ў 1914 годзе. У гэты пэрыод Беларусь стала астатэчна на шлях грунтоўнага свайго адраджэньня і замацавала ўсе здабыткі з 1905 г. І з гэтага часу з кожным годам Беларускі рух узрастае і абхоплявае што раз большыя колы беларускага грамадзянства.

Разам з гэтым і беларуская нацыянальная культура пашыраецца, ўзбагачваецца і разьвіваецца. Засновуюцца ўселякія беларускія гурткі, таварыства, тэатры і г. д.

У гэты-ж пэрыод засновуюцца і новыя беларускія часопісі, як „Беларус“, „Лучынка“, „Саха“, „Маладая Беларусь“ і інш., а так сама выдавецкія суполкі, якія пушчаюць у сьвет друкованым словам як даўнейшую, так і сучасную новую беларускую літэратуру.

Ведама, маладая беларуская літаратура, што была да тога часу ў векавым загоне і зьневажэньні не магла быць адразу вельмі абшырнай, тым больш, што Беларусь страціла сваю інтэлігенцыю і ёй прышлося абыходзіцца тымі невялічкімі сіламі, на ідэях і песьнях якіх павінна была яшчэ толькі ўзгадавацца і стварыцца новая, праўдзіва беларуская інтэлігенцыя, інтэлігенцыя як з вялікім каханьнем і спагадаю да роднага краю, так і з зразуменьнем усяго значэньня, якое мае праўдзіва кахаючая свой народ інтэлігэнцыя. Усё-ж і пры гэткіх невялічкіх інтэлігентных сілах, але пры моцнай веры ў сваю правату і моц, літэратура беларуская адразу засьвяціла сваёю дыямэнтоваю рознакалёрнасьцю, як па хараству, так і па характару. І гэтая рознакалёрнасьць і хараство нагэтулькі вялікі і цікавы, што трудна наʻт і думаць каб можна было выказаць тут усе гэткія пэрлінкі.

Але на‘т толькі важнейшыя пытаньні і малюнкі якімі займаліся песьняры ў гэтым пэрыодзе, дадуць цэльны абраз усяе Беларусі.

Няпрыглядна-сумны гэты абраз Беларусі, але невыказана ён мілы для праўдзівых сыноў свайго радзімага краю. Гэта любоў чуецца ўва ўсіх песьнях паэтаў.

„Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах, —
Вербаў рад квывенькіх,
Лесу гоман, гул нястройны,
Шум лазы ў балоце,
І нудлівы, неспакойны
Шэлест у чароце.
Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што у лузе адзінока
Сохне, замірае,
Дуб жарстлівы, дуб высокі,
Колісь поўны сіл,
І той крыжык адзінокі, —
Вартаўнік магілы,
Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пяшчаны,
Дзе чыесь-то косьці тлеюць,
Чый то прах схаваны…
Я ня знаю, я ня знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты.
(„Я не знаю“…).

У гэткіх словах выказвае сваю сыньнюю любоў да Беларусі Якуб Колас. Ня меньш каханьня да роднае сторонкі чуецца і ў песьні Т. Чернышэвіча:

Край мой родны, Беларускі,
Мой каханы край;
Ажыві маю надзею!
Я ў душы маёй ды з ею
Ствару сьветлы рай!
Веру я, народ прачнецца,
Скіне цяжкі сон!
Сонца блісьне із за хмары,
Зацьвітуць красой папары,
Шчасьцем новых дзён…,
(***).

Асабліва-ж гэткае каханьне чуецца ў песьнях тых паэтаў, якія злою доляю сваёю павінны былі пакінуць родныя загоны і жыць далёка ад іх у чужыне.

Паэтэсса Цётка, змушаная дзеля цяжкае хваробы — сухот пакінуць Беларусь, у далёкай чужыне бачыць свой край, ловіць кожную вестку з Беларусі і ўсе свае песьні запаўняе думкамі аб Бацькаўшчыне.

„І душна, і цесна, і сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх…
Як птушка на скрыдлах ляцець-бы хацела,
Як хваля на моры плыла-бы да іх.
Знялася-б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары-бы ветрам казала я гнаць
Далёка, далёка, гдзе сьняцца мне чары,
Гдзе боры густыя над Нёмнам шумяць.
Гдзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Гдзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Гдзе кожна дарога і крыж мяне знае.
Гдзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
.........
Там я нарадзілась і вырасла ў волю,
Там першыя словы вучылась казаць.
.........
Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрытыя
Зялёны лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!…
(„З чужыны“).

Іншыя песьняры толькі падчас разлукі з родным краем пазнаюць самі ў сабе тую вялікую любоў, якая захавана ў іх сэрцах да роднае зямлі і сумам поўніцца іх шчырая душа за тое, што раней не маглі пазнаць у сабе гэтага каханьня.

Паэта Алесь Гарун, адбываўшы Сібірскую ссылку аб гэтым так пяе:

„Чаму з маленства, з урадзэнства,

Ў жыцьцёвы май

Ня ўмеў, як маці, шанаваці

Цябе, мой край?

То-ж я з тваёю ключавою

Сьвятой вадой,
Напіўся болю аб нядолі,
Бядзе людзкой,

То-ж ты, мой хмуры, даў мне пануры

І ціхі гнеў,

А днём падчасным, так пекным, ясным

Надзею грэў.

Твае курганы, лясы, паляны,

Дубкоў тых шум,

Палёў абшары, люд бедны шары

Мне далі дум.

А дум тых многа… Не, ня убога

Ты даў мне іх

І ты-ж, як маці, наўчыў сьпеваці

Аб думах тых.

Я браў, ня бачыў і ня аддзячыў

Табе нічым,

Бо счараваны, ў цябе ўкаханы

Цябе ня знаў.

Цяпер хоць знаю, ды што-ж параю

Ад позьніх скрух?

Ў чужой краіне здароўе гіне,

За целам — дух.

Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы

Лясоў тваіх.

З тваее глебы, з тваёга неба

Узяў я іх.
(„Роднаму краю“).

Але які вялікі абшар не аддзяляў бы паэтаў ад Беларусі, яны душою былі ў краі і на чужыне ўсю працу нясьлі на карысьць Бацькаўшчыны. Быццам у доказ гэтага песьняр З. Дубровік з Новага Сьвету — Паўночнае Амэрыкі шле гэткі ліст да краю:

„Аб вашай нядолі я песьні складаю,
Аб вашым упадку ў чужыне пяю,
Усім сэрцам, душою я вам спагадаю,
Усе свае сілы я вам аддаю.
Ад веку мы цёмны, загнаны, прыбіты,
Ад веку у цяжкай нядолі жывём;
Да сонца-навукі нам дзьверы закрыты,
Бяз сьвету, бяз шчасьця, як мары снуём.
Час прыйдзе! І крыўд із сэрца прачнецца.
І іскрай асьвеціць усе сьцежкі ў жыцьці,
Час прыйдзе! І кожны, хто жыў, страпянецца,
Звон праўды пракоціцца ў нашай зямлі.
Кліч пойдзе: „Даволі мы гора цярпелі,
„Даволі цуралісь свайго усяго;
„Мы шчасьця і долі сабе захацелі!
„Мы іншымі сталі; людзьмі сталі ўжо!..“
Браты! Хай час гэты скарэй нам настане!
Хай нашая праўда на сьвет выйдзе вон!
Хай вольнасьць, навука жыве да скананьня!
Няпраўдзе, цямноце няхай будзе скон!

(„Братом беларусам“).

Сярод гэткіх песьняў, аб каханьні свайго краю, аб адданьні на карысьць яго ўсіх сілаў, чуюцца і іншыя песьні, поўныя сумнасьці і гора, бо як кажа паэта Гальяш Леўчык:

„Усё пераходзе, ўдалі занікае,
Маланкай мігне, прабяжыць…
Адно толькі гора ніяк ня мінае,
А вечна на долі ляжыць,
Ды крыўда адвечна над намі пануе,
— Ад сьлёзаў душа аж баліць,
А жаль нашу сілу і гарт наш марнуе,
І сэрца ад болі шчыміць.
(***).

Усё-ж гэтае ніяк нямінаючае гора не адбірае ахвоты да працы і яна ідзе далей сваім тэмпам, бо народ разумее, што толькі сам можа быць кавалём сваго шчасьця.

Мой горан пылае,
І іскры ляцяць;
Я мех уздуваю
І буду каваць…
Працую, гарую,
Як моцы стае;
Гартую, муштрую
Жалеза мае…

У кузьні ад раньня да ночы стаю
І молатам лепшую долю кую!..

І гнецца парою
Жалеза і сталь,
Як возьме здаровай
Рукою каваль…
Скую вось касу я,
Загну, закручу,
І выйду у ночы —
Нядолю скашу!..

У кузьні ад раньня да ночы стаю
І молатам лепшую долю кую!..

І холад і голад
У хатцы вітае,
А праца і молат
Мне моц адбірае!..
Гэй удару-ж я, ўдару!
Гарно раздзьмухну,
Сагну, загартую
Я сэрца-касу!

Я праўду і волю кахаю-люблю
І молатам лепшую долю кую!

(„Песьня каваля“).

У гэткіх словах хоча Т. Чарнышэвіч выпеяць сваю нацыянальную працу па адбудове Беларусі.

І як бы адгалосам на гэткую песьню чуюцца песьні поўныя жальбы на пануючую цемру, на тыя варункі, што трымаюць увесь народ у страшэннай цямноце. Адны з песьняроў свае думкі выліваюць у форму хаценьняў. Напрыклад, паэтэсса Цётка у вершы „Я хацела-б“ кажа:

„Хацела-б быць зярнём пшаніцы,
Упасьць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца без мятліцы,
Даць хлеб смачнейшы трошкі!
Хацела-б быць я рэчкай быстрай,
Абегчы родны край, —
Гдзе напаіць, а гдзе скупаць,
А гдзе ўтуліцца ў гай;
То зашумець, то зашаптаць,
То стаць ў салодкім сьне,
То узноў сарвацца, ўзноў гуляць,
Агнём кіпець у дне,
Ды так разгрэцца і спеніцца,
Каб у неба хваляй здаць,
Украсьці сонца, ўзноў спусьціцца,
Больш сьвету людзям даць!
Усё прыгорнуць у дарозе,
І каплю шчасьця й долі ўліць,
Усюды думаць аб народзе
І родны край усюды сьніць,
Пасьля разсыпацца расою
Скрось на галінках, на лісткох
І так абняціся з зямлёю
Каб нас ніхто разьняць ня мог?
.......
Або ветрам абярнуся,
Ды над сьветам палячу,
Цёмным віхрам закручуся,
Ўверх на месяц загляну.
З усей сілы і размаху
Горкай скаргай ў зьвезды здам;
Сыпнуць іскраў сноп ад страху,
Задрыжыць аж месяц сам!..
— „Хто ты, скуль ты, чаго хочаш?
„Чаго выеш і шуміш?
„То праз сьлёзы нам рагочаш,
„То гарыш ўвесь і дрыжыш?!“.
— Я — пасланец, вецер буйны,
Прыляцеў на суд вас зваць!
У нас цёмна, край наш хмурны
Як замёршы, людзі сьпяць…
Я там біўся, я там віўся,
Я ім хаты паламаў,
Але усё-ж я не дабіўся,
Каб народ свой голас даў!..

Другія паэты стараюцца пакрыць гэтую цямноту, ці нат толькі сьвядомасьць аб цямноце, напускною вясёласьцю, скрозь якую ўсё-ж прарываюцца жаласьлівыя і балесныя ноты аб тым, што гора і цямнота не перастаюць пазнаваць.

А. Петрашкевіч аб гэтым пяе гэтакую песьню:

„Скачы браце, у роднай хаце —
Хто нам забароне?
Весяліся, ня смуціся,
Такі дзень сягоньня!
Доўга ждалі, выглядалі
Мы гэтага сьвятца…
Што-ж вы селі, спахмурнелі?
Весяліцесь, братцы!
Весяліцесь, ня смуціцесь,
Як людзі ў грамадзе,
Бо ўсё тое, усё благое,
Што было-у задзе!
Бо й мы ж людзі!.. Дакуль будзе
Цямнота і гора,
Эй, танцуйма, галасуйма,
Доля прыйдзе скора!..
(***).

Але-ж сярод васёлага настрою песьні, якім паэта хацеў-бы заглушыць гора, ён ня можа аднак-жа мімавольна не папытацца ў сябе, „дакуль будзе цямнота і гора?“, бо занадта вялікі сьлед яны вырылі на беларускім жыцьці. І гэты вырыты на беларускім жыцьці сьлед нагэтулькі глыбокі, што на‘т такія чыстыя песьні, як „песьні каханьня“, носяць агульны рыс агульнага беларускага гора.

Сярод нізкі вершаў Констанцыі Буйло, можна казаць, пасьвячоных толькі маладому жыцьцю, каханьню, трудна знайці такі, у якім бы ня было зачэпляна пытаньне аб агульнабеларускім горы, аб бядзе і нядолі людзкой. Гэтыя рысы чуюцца ва ўсіх яе песьнях:

Адна — ізноў адна, як колас той у полі
Ня сьцяты ў час жніва нагостраным сярпом,
Зламаны ветрамі гулячымі на волі
Між апусьцелых ніў, спалосканых дажджом…
Адна… ізноў адна… тужліва сэрца ные…
Наўкола пуста… глуш… Ноч цёмная стаіць,
А за вакном віхор так жаласьліва вые,
Як-бы сканаць ня мог ня хочучы больш жыць.
І сумна, сумна мне. Дзе-ж той, каго любіла?!.
Адны забыліся, другіх ўзяла магіла…
І жаль мне прошлых мар, шчасьлівых шкода дней.
Адна… ізноў адна… а вецер думцы ўторыць
І стогнамі мяне ўцяшае ён сваймі:
— „Я брат табе, я друг! — мне стогнучы гаворыць;
Адзін нас ломіць боль — дык плачма-ж разам мы“…
(„Адна“).

Гэткае адзіноцтва датычыць ня толькі аднае песьняркі, але і ўсяго беларускага народу, толькі крыху ў іншым характары. Беларускі народ у сваім хаценьні дабіцца, каб „людзьмі звацца“ астаецца толькі сам з сабою, бо іншыя братнія суседзкія пляменьні; ня толькі ня выказвалі яму ў гэтым спагаду і помачы, але наʻт усімі сіламі стараліся задушыць у ім гэты сьвяты парыў да вызваленьня.

Кожнае адраджэньне народу — знача адраджэньне яго культуры, мовы і палітычнага жыцьця. Ось-жа і адраджэньне Беларусі зьвязана гэтак сама з гэтымі трыма дзейнікамі. Трэба толькі зазначыць, што ў Беларусі адраджаць прыходзіцца папраўдзе толькі палітычнае становішча, якое Беларусь утраціла сусім; адраджэньня-ж культуры і мовы зьяўляецца толькі далейшым разьвіцьцём, бо як культура беларуская так і мова існавалі і істнуюць, аб чым сьведчаць гістарычныя памяткі, будынкі, літэратура і жывюсенькая мова, якою гаворыць „не адзін міліён“ народу у вёсках, куды экс-беларуская інтэлігенцыя і гістарычныя абставіны загналі яе і з палацаў і з дзяржаўных установаў.

І ось гэтая самая „простая“ беларуская мова хоча вярнуцца ў месцы адкуль яе выгналі, бо ведама, калі хоча жыць сам народ, то павінна жыць і яго душа, а душа народу — гэта яго мова.

Гэтае пытаньне аб роднай беларускай мове, нагэтулькі цяжкое для абруселых або апалячаных беларусаў і, асабліва, для русыфікатараў і полёнізатараў, прыйшоўшых у Беларусь дзеля сваіх толькі выгадаў, што яны ўсімі сіламі стараюцца перашкодзіць разьвіцьцю беларускае мовы і яе ўваходу ў сьвет, як роўнае другім мовам.

І дзеля гэтага зусім справядлівы тыя грозныя балючыя песьні, якія выпяваюць нашыя песьняры гэткім паном.

Янка Купала ў гэткіх словах вылівае свой гнеў:

„Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён ня ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова
З якім радзіўся, падрастаў.

Цяпер і вы загаварылі,
З апекай выйшлі, як з зямлі.
А што-ж дагэтуль вы рабілі?
А дзе-ж дагэтуль вы былі?

Ваш брат і цёмен, і галодны;
Хацінка свой зжывае век;
І век ня знаў ён дум свабодных,
І крыўдзіў свой брат — чалавек.

Вам страшна нашай сьлёзнай песьні,
І жальбы страшна вам глухой?
Вам жутка сонца на прадвесьні?
Мілей вам холад з цемнатой.

А што-ж вам беларус такога
Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?
Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,
Як свайго брата шанаваць.

Эх, кіньце крыўдамі карміцца,
Кожын народ сам сабе пан;
І беларус можа зьмясьціцца
У сямьі нялічанай славян!

Напасьцяй, лаянкай напраснай
Грудзей ня варта мазаліць!
Не пагасіць вам праўды яснай:
Жыў беларус — і будзе жыць!

Ня столькі „хамскія“ натуры
На карках вынясьлі сваіх!
І сьвіст даношчыкаў пануры,
Паверце, не запудзіць іх!

К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед!
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед!
(„Ворагам беларушчыны“).

Яшчэ вастрэй на тую-ж тэму гавора Гальяш Леўчык.

Хто адрокся сваіх,
Хто стыдацца нас стаў
І прыліп да чужых,
— Каб ён сьвету ня знаў!
Мову родную хто
Пазабыў, асьмяяў,
Загубіў за нішто,
— Каб ён сьвету ня знаў!
Сваю родну зямлю
Хто чужынцу прадаў —
Скрыўдзіў вёску сваю,
— Каб ён сьвету ня знаў!
Хто з народам ня жыў
І карысьці ня даў,
Хто сваіх ня любіў —
— Каб ён сьвету ня знаў!
(***)

А за гэткімі вострымі адказамі Янкі Купалы і Леўчыка праціўнікам беларушчыны, Якуб Колас, спакойна пяючы свае песьні, выказывае баязьлівасьць, каб і сярод самога беларускага народу, які гаворыць гэтаю самаю моваю, ня было варожых адносін да родных песень.

„Песьня, дзіцятка сэрца балючага!
Толькі цябе запяю,
Многа абудзіш ты гора гаручага,
Смуціш душу ты маю.
Часта уздохам цябе я пытаю,
Як павядзецца табе?
Ці паліешся ты вольна па краю,
Окліч ці знойдзеш сабе?
Або заглохнеш, замрэш адзінока
Эхам нягромкім ў цішы
І не зачэпіш сэрца глыбока.
Не раскалышаш душы?
Родныя сёлы цябе не пачуюць?
Можа і словам тваім
Людзі пагардзяць, ці пажартуюць,
Сьмехам спаткаўшы пустым.
(„Песьня“).

Гэтак, песьняроў і працаўнікоў на ніве адраджэньня Бацькаўшчыны, адраджэньня і падняцьця з цемры, з „паніжэньня“ ўсяго беларускага народу абхоплявае час ад часу нейкая баязьлівасьць і няпэўнасьць, што дапнуць выстаўленае мэты: занадта загналі народ у цемру ў працягу часу чужацкага панаваньня. Але гэта баязлівасьць і сумлевак недаўгія. Праца адкідае нікчэмныя думкі і замяняе іх сьветлымі лятуценьнямі.

Нічога ня хочу… нічога, нічога —
Ні грошы, ні славы, ні шчасьця сьляпога.
А толькі ўсё жду я, каб родная мова
Хутчэй дачакала свабоднага слова!
Пакуль не даждуся багацьця такога —
Нічога ня хочу… нічога, нічога!
(„Мая прадмова“).

Гэткімі словамі Гальяш Леўчык робіць як-бы пераход да будзённае працы пасьля мамэнтаў сумлеўку.

І нічога дзіўнога ня можа быць у тым, што з гэтакім пераходам песьняры пачынаюць далейшую працу: родная мова — гэта фундамант усяе працы, бо бяз роднае мовы ня можа быць у чалавека ні роднага люду, ні роднага краю.

Т. Чарнышэвіч гэтак кажа аб мове:

Шмат гадоў на чужыне я жыў
І пра край свой радзімы забыў,
І забыўся, які ён і дзе ён,
Бо мой дом быў па сьвеце расьсеян
І ня чуў ні адзінага слова
Аб зямельцы той роднай, далёкай,
І было мне за гэтым ня лёгка,
Я цікавіўся тым, што забыта,
Але ўбачыў, пачуў я сваё, —
Так прынадна мне ўзноў мая мова!..
(„Мова“).

І ось у гэтай „так прынаднай“ беларускай мове мы бачым творы самага рознатоннага характару ад самых сумных да самых гумарыстычных. Праўда, апошні радзей можна напаткаць сярод беларускае паэзіі, бо ня кожны можа сьмяяцца пры ціжарным і балесным агульным палажэньні. Ды наʻт і тыя, на паказ вясёлыя, жартлівыя песьні ў большай частцы — гэта песьні з горкім сьмехам, са сьмехам скрось слёзы.

Найбольшы з беларускіх паэтаў гумарыстаў Альбэрт Паўловіч у цыклю сваіх вершаў абрысовуе, ці бо накідае сьмяхотныя малюнкі з беларускага быту; але ў гэных сьмяхотных вершах заўсёды не асьмеяваньне відаць, а толькі навучаньне, перасьцярога.

Дзеля прыкладу можа служыць хоць бы верш „Пан і акуляры“.

„Пад вечар к пану на расплату
Мужыкі зыйшліся ў хату.
Стаяць, гамоняць ля парога;
Тут часам пан таго, другога
Ад грамады к сабе пакліча,
Зірне у кніжку, грошы зліча,
Аддасьць бяз крыўды, чыста, гладка;
Але прыйшла такі загадка.
Як раз Грыгору, як на тое, Замест трох дзён, злічыў пан двое,
Бо ня ўчытаўся, глянуў скоса,
Праз што спрачацца давялося.
Грыгор па свояму рахуе —
Рублём усе болей, а пан злуе,
Ажно мяняцца стаў у твары;
Нарэшце, ўзьдзеўшы акуляры,
Пан стаў у кніжку прыглядацца
І змоўк, і годзе ўжо спрачацца!
Падаць казаў сабе і Грышку
На міравую па кілішку.
Во, сярбануўшы трохі гары,
Грыгор хваліць стаў акуляры,
Нарэшце гэтак адмачыў
(Хмель, быццам, розум замуціў):
„Во, дай-жа, Божа, мой паночку,
Здароўя гэтым шкляным вочкам,
Лепш панскіх сьвецяць, каб не зглазіць,
А тыя хай хоць павылазяць“.

Гэтакая жартлівасьць у беларускай паэзіі аднак не натуральна, бо яна выклікана хаценьнем толькі ўняць боль, заглушыць нуду і сум. Сам-жа песьняр, Альберт Паўловіч, у вершы „Працуй і пей“ гэтак тлумачыць патрэбу весялейшых „моцных“ песьняў:

„Што сядзіш ты, мой браце, панураны
І аб чым так смуцішся душой?
Ў тваей хатачцы цеснай, закуранай
Вее смуткам і цяжкай нудой.
І чаму твая грудзь увалілася,
Гдзе твой голас, гдзе песьня твая?
Глянь! жыцьцё новым ключам забілася,
Пасьля полагу ўстала зямля:
І альха, і вярба распускаюцца,
З пад зямлі выглядае пасеў,
Чуеш: птушкі пяюць, заліваюцца;
Вунь на купіне бусел прысеў, —
Жджэ ці скора кабылка касматая
З табой выйдзе зразаць баразну,
І знаёмая песьня аратая
Ад душы прывітае вясну.
Ты маўчыш, а з вачэй сьляза мутная
Пакацілася ціха далоў —
Надаела, знаць, жыцьце безпутнае
І чужых пільнавацца кутоў…
Ты гаруеш, што праца крывавая
Век кладзецца на полі чужым.
Ў мазалёх твае рукі каравыя
Адпачынку ня знаюць зусім.
Пей! паслухай мяне, брат, гаротнага:
Чым больш жалю, сьпявай тым мацней!
Песьняй ўцешыш ты бусла маркотнага,
І самому шмат стане лягчэй!

Сумнае жыцьце беларускага народу, прырода Беларусі могуць выклікаць толькі тужлівыя матывы: бо абразы і вёскі, і поля, лесу, і думак гымны, і быт, і ўсё-усё носіць адбітак смутку. Праўда, што ў кожным гэткім абразку гэтулькі красы, прыгожасьці, гэтулькі мілага і роднага нам, што сумныя хварбы ня зьменьшваюць іх цэннасьці тым больш, што кожны песьняр па свайму малюе нам гэтыя родныя абразы. Вось-жа абраз Беларусі ўва ўсіх песьняроў адзін і той-жа. Досыць прыраўнаваць дзеля гэтага дзьве песьні „Роднаму краю“ двух найвялікшых беларускіх паэтыцкіх сілаў — Якуба Коласа і Максіма Богдановіча, каб праканацца ў гэтым.

„Край наш бедны, край наш родны!
Гразь, балота ды пясок…
Чуць дзе крыху луг прыгодны…
Хвойнік, мох ды верасок.

А туманы, як пялёнка,
Засьцілаюць лес і гай.
Ой, ты, бедная старонка!
Ой, забыты Богам край!

Наша поле дрэнна родзіць;
Бедна тут жыве народ:
У гразі ён вечна ходзіць,
А працуе — льлецца пот.

Пазіраюць сумна вёскі,
Глянеш — сэрца забаліць;
На дварэ — паленьня, цёскі,
Куча сьметніку ляжыць.

Крыж хваёвы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх…
Сьцішна, нудна, як ў вастрозе,
Як на могілках якіх.

А як песьня панясецца,
Колькі ў песьні той нуды!
Уцякаў бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш куды.

Край наш родны! Бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата.
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цямната!

(„Наш родны край“).

Гэта абраз Беларусі ў словах Якуба Коласа.

„Краю мой родны! Як выкляты Богам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты… Над збожжам убогім,
Вецер гуляе на волі.
Поруч раскідалісь родныя вёскі,
Жалем сьціскаюцца грудзі! —
Бедныя хаткі таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі…
Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынясьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцярпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.
Кінь толькі вокам да гэтага люду -
Сьцісьнецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.
Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку каханьне згубіла:
Там дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.
Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе,
Сэрца навін не пачуе.
Сьціснула гора дыханьне ў народзе.
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла…
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!
(„Краю мой родны“…).

А гэта той-жа самы малюнак у словах Максіма Богдановіча. І там і там гора, бяда, цемра і няхват сілаў. Ня фізычных, а духоўных не хапае сілаў, бо ў страшэннай цямноце вяковай народ загубіў сваю нацыянальную сьвядомасьць, загубіў і забыўся сваё імя. І гэты няхват нацыянальнае сьвядомасьці адбірае часам працаўніком на Беларускай ніве апошнюю спадзею. У гэткія мамэнты песьняры зварочваюцца да народу з пытаньнем аб тым, ці знае народ сам сябе? Янка Купала на гэту тэму гавора ў вершы „Брату“.

„Мой ты ўбогі, мой ты цёмны,
Родны мой,
Ты пытаеш, хто такія
Мы з табой?
Ці мы людзі, ці скаціна,
Запытай
Гэту коску, гэту сошку,
Гэты гай;
Гэта поле, на которым
Млееш, млеў;
Гэту згніўшую хацінку,
Гэты хлеў.
Запытайся сваей долі,
Сваіх пут,
Ці мы людзі, ці скаціна?
Хто мы тут?

А за гэтым пытаньнем у самога сябе, той-жа песьняр, добра ведаючы настрой і псыхіку народу, ў другой сваей песьні, пасьля пытаньня, хоча адгадаць і адказ народу.

„Прыдуць людзі з Усходу,
Прыдуць з Захаду людзі
І спытаюцца нас:
Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас?
Мо‘ ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут адказ,
І адкажам: э, што там…
Мусіць бабскім звычаем
Зьбегла ў прочкі на час.
(***)

Але ўсе-ж гэтакія дагадкі і думкі — бяседы з сабою не здаволююць песьняроў і яны, словамі тога-ж Янкі Купалы, ставяць народу пытаньне рубам: ці хоча ён лепшае долі, ці не?

„Бледныя буднія дні
Сумна па роднай зямлі

Мутнай плывуць паласой; Часам калі-некалі

Дзе-недзе бліснуць агні,

Глянуць крывавай расой.

Песьні раздольля маўчаць,
Песьні, што рабскія сны

З душ паднявольных зьмяліб,

Толькі заводзяць званы,
Толькі асіны скрыпяць

Над уміраньнем сяліб.

Скрогат нясецца з асін…
Рабству паклоны біў дзед,

Гнуўся пад палкамі ў крук;

Бацька — за дзедам у сьлед, —
З бацькам пляцецца і сын,

Ты-ж кудой пойдзеш, унук?…
(***)

Але народ маўчыць, бо яшчэ ні пасьпеў прачнуцца са сну, яшчэ не пасьпеў прасьвятлець за кароткі час вальнейшага жыцьця. І яшчэ мабыць доўга прыдзецца ждаць адказу на гэткае пытаньне, аж пакуль народ ня будзе знаць кудой ён пойдзе.

Многа сіл маладых
У грудзях у маіх,
Як прастору у полі.
Няма рады адно
Адчыніць ім вакно
І даць поўную волю!
Я-б тады ў адзін міг,
Дабыў шчасьця для ўсіх..,
І дабыў-бы ўсім долю…
(„Многа сіл маладых“).

Гэткай песьняй цешыць сябе Цішка Гартны не дачакаўшыся народнага адказу, а Максім Богдановіч, сумлеваючыся ў гэткім прызнаньні, бачучы навокал страшэнную барацьбу з працаўнікамі беларускімі іх ворагаў і перадбачучы сваім вокам усё, што прыдзецца перажыць яшчэ Беларусі, зварочваецца з пытаньнем да песьняроў і ўсіх беларускіх працаўнікоў на ніве адраджэньня Беларусі:

Зразаюць галіны таполі адну за адной…
Бяз скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо сьмерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной
Магло-бы хутчэй разьвівацца.
Таварышы — брацьця! Калі наша родзіна — маць
Ў змаганьні з нядоляй патраціць апошнія сілы, —
Ці хваце нам духу ў час гэты жыцьцё ёй аддаць,
Бяз скаргі легчы ў магілы?

(***}

Гэта пытаньне аднак ужо не астаецца без адказу, бо кожны з працаўнікоў верыць у сваю ідэю і дзеля гэтага пэўны, што дойдзе свае мэты. Т. Чэрнышэвіч у вершы „Пагудка“ дае такі адказ на песьню Богдановіча:

Гэй, за шчасьце? гэй за долю!
Патапчом нагой нядолю.
Хутка упярод!
Сонца гляне, дзень настане…
Гэй, за спольнасьць, за каханьне
Сьмела, наш народ!..
Зможам скаргу, зможам гора,
Толькі скора, брацьця, скора
К шчасьцю грамадой!..
Гэй, забудзем ўсе нягоды,
Завісьць, сваркі, сьлёзы, зводы,
Ажывём душой.

Так, запраўды, цяжкае становішча беларускага народу і сумны, проста безнадзейна — жаласьлівы тон яго песьні. Гістарычная нядоля, цямнота, сярод якой, як кажа Якуб Колас,

„Я мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школа — шынок,
Маё жыцьце — астрог!“

і чужацкае панаваньне над бедным бяздольным народам — гэта прычыны, дзеля якіх так цяжка ідзе адраджэньне Беларусі. Чужацкае панаваньне на Беларусі і вечныя войны на яе загонах зрабілі тое, што гаспадар Беларусі — яе народ стаў у ролі найміта.

Ціхага, спакойнага беларуса, ніколі ня хацеўшага ні вайны ні спору; аднак-жа гэткае ненармальнае становішча баліць і ён, ня могучы на большае, спакойна, вуснамі Янкі Купалы, пяе гэткую песьню гэным людзям „Чужым“:

„Мы вас прынялі хлебам і соляй,

Людзі чужыя;
Ўстрэлі вас ласкай нашага поля
Кветкі жывыя.

Нашы сасонкі шумнага бора

Далі вам хаты,

Далі загонаў нашых разоры

Гонар багаты.

Пух і аўчынкі нашага хову

Грэлі зімою,

Птушкі вам гралі з нашай дубровы

Гымны вясною.

Ценем тулілі вас у сьпякоту

Нашы чарэсьні,

Нашыя жнейкі у жніўну работу

Пелі вам песьні.

Вашым патомкам нашыя маткі

Казкі складалі:

У сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі

Сеў засявалі.

Верны славянскім спадкам, браточна

Ў госьцях вас мелі,

І шанавалі людзка, сьвяточна

Ў будні, ў нядзелі.

.......
Сотні лет песьцім днямі і ночай

Госьця на шыі —

Зьмея, што з пуняў скарбы валоча,

Скарбы чужыя.

Вы ўжо забылі, людзі здарэньня,

Дзе ваш прыпынак, —

Вывелі ў гандаль славу, сумленье —

Праўду на рынак.

Сьлепа зракліся сораму, ўвагі,

Ў хорамы селі, —

Брацьцям-жа ўзьдзелі лапці, сярмягі,

Торбы надзелі!…

Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча

Вашу нам шкоду:

Зьліча праступкі… к суду пакліча

Крыўда народу.

За гэтаю песьняю-перасьцярогаю чужым людзям, жальба падобная чуецца і ў песьнях зьвернутых як да самога беларускага народу, так і да чужых народаў, якім жыцьцё Беларусі зусім няведама. Песьняры ўсімі сіламі стараюцца падняць свой народ і разам з тым у чужых людзей прабудзіць зацікаўленасьць, спагад і спачуцьцё да загнанага, але ўсё-ж моцнага духам беларускага народу і самае Беларусі:

Ціха месяц адзінокі
Ходзіць ў небе над зямлёю.
Неразгаданы, далёкі,
Што ты бачыш пад сабою?
Бачыш сьлёзы ты людзкія,
Як з расою тэй ліюцца,
Як ў тумане думкі злыя
Горкім плачам аддаюцца;
Як бяз долі бяз хлеба
Працавіты люд наш гнецца…
Кінь ты жальбу нашу у неба —
Няхай неба ўскалыхнецца!
(„Месяц“).

Гэтак кажа з болю Якуб Колас і далей у тым-жа духу пяе другую песьню:

„Льецца Нёман паміж гораў,
Сьветлы, чысты, як раса.
Накапаў ён ям і нораў,
Гоніць воду праз ляса.

Гой, ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў ня раз.

А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў,

Разьліваўся па ракітам,
Занімаў і лес, і гай…
Даўгавязы плыт за плытам
Носіш ты ў далёкі край.

Колькі раз рыбацкі човен
Па грудзёх тваіх гуляў!..
Гой, ты, Нёман, быстры Нёман!
Колькі дум ты мне нагнаў!

Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына мужыка,
Чуў ня раз у пустым полі
Плач і сьлёзы бедака...

Ў ціхі вечар над табою
Дудка плакала ня раз,
І кацілася сьлязою
Песьня ў цёплы летні час…
А на беразе, пад дубам,

Ў ночку цёмную рыбак
Спаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду бядак.

А у буру вецер кветку
Да грудзёў тваіх схіляў,
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.

Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаварыў.

Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка…
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман быстрая рака.

Ты цячэш далёка, знаю; —
У зямлю Літвы, Нямцоў.
Раскажыш чужому краю
Пра жыцьцё тваіх сыноў.

(„Нёман“).

З гэткімі думамі-песьнямі, у безўпыннай працы па адраджэньню культуры народу, беларускія працаўнікі дайшлі да мамэнту, каторы зьявіўся трэцім этапам Беларускага адраджэньня. Гэтым мамэнтам зьяўляецца сучасная, яшчэ нязакончаная сусьветная вайна. Цяжкія годы працы з 1905 да 1914 ня далі нічога рэальнага, але за тое змоцнілі дух працаўнікоў, далі ім веру ў лепшую будучыну беларускага народу.

І хоць мамэнт перад пачаткам вайны, здавалася, ня суліў нічога лепшага апроч большага ўціску, яшчэ больш заўзятае барацьбы людзей з „Усходу“ і людзей з „Захаду“, усё-ж народ беларускі, ў асобе сваіх прарокаў-песьняроў, прачуваў, што вясна для Беларусі вось-вось настане.

І ось, чакаючы прыходу гэтае вясны песьняр Ясакар заве да працы тых, хто будзе будаваць новае жыцьце:

„Прыдзіце вы добрыя… Вечна кахаючы,
Шчасьце вы сьвету даруйце!
І гора-нуду і пракляцьця — ахвяраю
Вашай руйнуйце!…
Прыдзіце вы, сьветлыя… Днём сямісонячным
Наша жыцьцё атуляйце!
І цені магільныя з ночнай паганшчынай
Ветрам пускайце!
Прыдзіце вы, шчырыя, сэрцам адкрытыя…
Праўда хай служыць вам мэтай!
І гніль фарысееў і хітрасьць распусьнікаў
Шчэзнуць са сьвету!
Прыдзіце вы, моцныя, бурамі званыя…
Ворагам гібель грыміце!
І з нашай дарогі зыйдуць злыя шкоднікі!…
Хутка прыдзіце!

(„Прыдзіце“).

І гэты кліч не астаўся пустым: — захаваная ў народзе магутная сіла вышла і выявіла сваю волю.

Але перад гэтым прышлося перабыць вельмі цяжкі час вайны і прайці праз калючыя сьцежкі, пакуль ня вышаў Беларускі рух на шырокі шлях свайго жыцьця.



VI.

Чародным этапам разьвіцьця і пашырэньня Беларускага руху зьяўляецца час ад пачатку Сусьветнае вайны ў 1914 годзе да революцыі ў Расеі ў 1917 годзе.

У гэты пэрыод беларуская красная пісьменнасьць, узыйшоўшая да 1914 году на шырокі шлях свайго разьвіцьця і зацікавіўшая за кароткі час ад 1905 г. беларускае, а такаж і іншае грамадзянства сваім хараством, арыгінальнасьцю і рознакалёрнасьцю сваіх тэмаў і складу, перажыла яшчэ адзін этап свайго разьвіцьця і ўзбагацілася новымі для сябе тэмамі.

Гэтая вайна, гарматнія стрэлы ў якой хоць і змоўклі ў сучасны мамэнт, але насьледак яе — людзкі стогн чуецца па ўсім сьвеце і дагэтуль, мае вялікае гістарычнае значэньне ў жыцьці беларускага народу, а дзеля гэтага зусім зразумела, што павінна была зрабіць вялікі ўплыў на думкі, погляды і разуменьне тых людзей, якія былі правадырамі народу — ягоныя песьняры-паэты.

Выказ і мена думкамі беларускіх песьняроў на страніцах беларускае прэсы ў, разрэзанай фронтам на дзьве часткі, Беларусі, а таксама і ў калёніях беларускіх, заснованых уцекачамі па далёкіх кутох Расеі, дае нам характарыстыку псыхічнага настрою самога народу ў выжэйазначаны час.

Найвялікшы культурны асяродак Беларускага руху ў пачатку вайны — часопісь „Наша Ніва“, згуртаваўшая ў сваёй рэдакцыі і супрацаўнікох найлепшыя і найбольш арганізаваныя беларускія сілы, ў першых-жа днёх вайны зварочваецца да беларускага народу з гэткімі словамі:

„Калі неба закрываюць грымотныя хмары, калі ідзе на нас вялікае няшчасьце, мы павінны перш за ўсё старацца быць спакойнымі, дужымі і ператрываць усё… Чым-бы вайна ніскончылася, колькі-бы людзей не ўзяла яна на ахвару, народы астануцца, перажывуць яе, залечаць свае раны, і пачнецца ізноў кіпучае жыцьцё, кіпучая праца. Дык кожын з нас, хаця-бы доля, прыгатавала яму ліхі канец, павінен ведаць, што і пасьля яго будзе жыць яго народ, што парастуць новыя пакаленьні, да каторых належыць будучына. Мора крыві аддзеляе нас ад яе. Гэтага зьмяніць, адвярнуць нельга. І калі наша кроў у гэта ўліецца, дык усё-ж такі будзем ведаць, што пасьля нас заясьнее сонейка над нашай старонкай, што нашыя насьледнікі здабудуць урэшце тую долю, якой нам не давялося прыждаць“.

З гэткім спакойным напамінам сыны Беларусі вышлі з родных хат ад сваіх сямеяк, каб нявольна прыняць учасьце ў страшэннай людзкой бойні.

І ось тут пачынаюць ліцца адна за адную сумныя песьні Беларусі, чапаючыя ў сваіх згуках, як даўнейшыя, яшчэ ня зжытыя балючыя матывы аб долі Бацькаўшчыны, так і зусім новыя, вынесяныя на паверхню хвалямі новых дзён, хвалямі вайны.

Ні затрымлюючыся доўга на песьнях, матывы якіх толькі аднаўляюць і ператвараюць у новыя формы даўнейшыя малюнкі Беларусі, абрысаваныя ўжо ў папярэдніх разьдзелах, зьвернем большую ўвагу на песьні, што вырываюцца з беларускіх грудзей пад ўражэньнем новых перажываньняў, пад уражаньнем разьбітага добрабыту і новага болю душы.

Паэта Янка Купала ў нізцы вершаў сваіх з цыклю „Песьні вайны“ выпявае ўвесь народны настрой ад самага пачатку вайны. Ды ня толькі ад самага пачатку вайны, ў значэньні калі пачуўся гук з першага гарматняга стрэлу, але і папярэдні гэтаму гуку час выяўляецца ў гэных песьнях.

Ужо першая палавіна 1914 году, што адзначылася нябеснымі зьявішчамі — камэтай і зацьменьнем, закінула ў народную душу трывогу.

„На ўзбярэжжы, над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
— Што-то будзе, што-то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі?

На зямлі пашлі пажары,
Неба дымлюць дыму хмары.
Там і тутака агнішча,
Над агнішчам вецер сьвішча.

Па сялібах пошасьць хваляй…
Гэты хвор, таго схавалі,
Таму чашуць дамавіну…
Жыці, мерці няма ўпыну.

А на небе ў гэта лета
Ходзіць ходырам камэта, —
Хвост яе — не дай-жа, Божа…
На добро нам не варожа.

Далей, вокам — як магіла…
Сонца круг свой зацямніла:
Ночай глянула ў дзень белы
На жыцьцё ўсё, на сьвет цэлы.

І груган аднекуль выплыў,
Штосьці гыркнуў дзёбам хрыпла,
Як заклён праклённы кінуў,
Дый дзесь згінуў, ці ня згінуў.

За варожбамі варожбы,
Як нячысьцікавы божбы,
Ад варотаў да варотаў
Ходзяць, стукаюць ля плоту.

Засяюць трывогі, страхі
На ўсе сьцежкі, на ўсе шляхі,
Дзе начніцы косым вокам
Пазіраюць ненарокам.

Ой, не здарма над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
— Што-то будзе, што-то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі“.

(„Варожбы“).

Гэта трывога што раз то ўсё змацняецца ў народзе, аж у канцы наступае перадапошні мамэнт „Перад бурай“:

„Грамадзяцца цёмны хмары,
Грозяць сьвету страшнай карай;
Ня супынюць ужо бітваў
Ні ўздыханьня, ні малітвы.

Сталі ўсюды ўсімі трэсьці
Неспакойства поўны весьці,
Што забыўшы людзі ўвагі
На крывавы пойдуць сьцягі.

Меч ўздымае брат на брата,
Стане брату брат горш ката…
Зуб — за зуб, за вока — вока …
Як і сказана ў прарокаў,

Усё свой к гэтаму шлях знача,
Што так будзе — не іначай,
Бо шукаць ўжо праўды нечым,
Толькі порахам ды мечам.

.......
Так усё горшы ад граніцаў
Ад далёкіх слых імчыцца;
Што раз болей менш надзеі,
Што віхор гразу разьвее.

Чуткі йдуць, плывуць журбою,
Родны краю, над табою,
Ты-ж ня гніся ў завяруху:
Вокам бач і вухам слухай.

Хто за славу выйдзе з славай —
Тых ня зможа бой крывавы;
Хто за праўду праўдай стане —
Тых сустрэне зьмілаваньне“.

Апошні мамэнт, аднак, ня доўга казаў чакаць на сябе: настаў хутчэй, чымся яго чакалі:

„Напрарочыў, наваражыў
Бяды сабе квол чалавек, —
Крывавых бур ня збыў, ня зжыў,
Заломаў не парваў, ня сьсек.

Ад самагубнасьцей дзікіх,
Ад трупа — значаных дарог
Не пастрымалі сэрц людзкіх
Ні права іхняе, ні Бог.

Ударыў гром, завыў пажар,
Склікаюць трубы на паход;
Йдзе край на край, на цара — цар,
Народ падняўся на народ.

Скрозь сьвету йдзе аружны склік
Паставіць сілу проці сіл;
Жадае сьвет як сьвет вялік
Даўно варожаных магіл.

Устань, хто жыў, устань, хто дуж
Нясьці аружжа, ў бітвы йсьці.
Кінь матку сын, кінь жонку муж,
І хату кінь у забыцьці.

Устань! устань тачыць штыкі.
Знамёны шоўкавы сьвяньціць. —
Яшчэ жыве закон такі —
За сьмерці сьмерцямі плаціць.

Адважна ў бой рыхтуйся. брат, —
Баяцца нечага крыві, —
Твой прадак выліў яе шмат,
Ты памяць прэдкаў аджыві.

Каня буланага сядлай,
У стрэльбу крэпка ўбі набой
І, блаславіўшы бацкаў край,
Едзь па загаду ў грозны бой.

Як дасьцігнеш чужацкіх гонь,
Патопчаш ворагаву рунь, —
Ты матку — бацькаўшчыну ўспомнь.
І ў бок кінь вокам сваіх пунь.

А чалавечае на цэль
Жыцьце узяўшы на прасьцяг,
У грудзі сьвенчаная стрэль,
Адно ня сцэль ў крыж на грудзях,

Адважна ў бой… Вайна войну
Спладзіла, хай-жа бітва йдзе
За шчасьця лепшаго вясну,
За волю, вольнай грамадзе.

Аб долі роднай стараны
Нам сьведчыць не адзін курган,
Дзе дрэмлюць слаўныя сыны,
А страж дзяржыць ноч ды туман“.

(„Склік“).

На гэты склік пашлі і сыны Беларусі разам з іншымі народамі толькі ціха, з вялікай жальбою, праводзілі іх сем‘і, ціха праводзілі думкамі братоў браты, закінутыя доляю ў далёкую чужыну:

„Браце мой любы! Ідзешь на вайну?…
— Кліча агульны прыказ…
Кінешь радзімую ты старану,
Кінеш сямейку і нас?
Можа ня ўбачымся болі з табой
Бог яго ведае, брат!
Як праканаціся ў долі сьляпой;
Пусьце? — ня пусьце назад?
Сорам і ганьба для сьвету вайна,
Як ні мяркуй, ні судзі;
З Боскіх законаў сьмяецца яна…
Мусіш, аднак-жа… Ідзі.
Йдзі, ня трывожся: маленькіх тваіх
Будзем карміць, даглядаць,
У разе-ж… дай Бог, каб вярнуўся да іх…
Будзем, як ты, гадаваць.
Гэтак… І ўсе, што хацеў я сказаць.
Пэўне усё… Пачакай!
— Нам пастарайся аттуль напісаць,
З думкі сваіх ня спушчай.
Потым… Пасунуцца ў бітву палкі,
— Ты баязьлівым ня будзь:
Сьмелага сэрца ня раняць штыкі,
Кулі яго ні праб‘юць.
Будзе праціўнік пабіты ляжаць, —
Ты пашкадуй яго, брат!
Раны завяжаш, паможыш устаць,
І ён чалавек і салдат.
Брат, у далёкай сваей старане,
Мае ён дзетак, сям‘ю…
Помста, ці хцівасьць цябе як турне,
Успомні сямейку сваю,
Старасьці, цноце ня помні ураз,
Гэтым сумленьня ня плям.
Быў чалавекам ты, браце, у нас,
Будзь чалавекам і там.
Мы у Вялікага будзем прасіць,
Ты каб вярнуўся здароў…
Н-ну, — разьвітаемся… Сэрца баліць…
Дайжа абнімемся ўзноў…

(„Праводзіны“).

Гэткую праводную песьню, адходзячым на вайну сваім братом, пяе Алесь Гарун, загнаны царскім прыказам у далёкую Сыбір.

Распачаўшаяся сусьветная завіруха выцягнула з родных хат міліёны людзей, змусіла прыняць учасьць у біцьве і, быць можа, загінуць на векі.

Паэта Ясакар у вершы „Волат“ стараецца адбіць псыхічны настрой гэтага мамэнту як усяго народу, перажываючага самы факт вайны толькі як сьведка, так і тых учасьнікаў гэтага факту — „юнакаў“, нясучых сваё маладое жыцьцё на аўтар Вайны.

„Сьмерць… Бура… Трывога…
Ня йдзі, ой, ня йдзі ты асілак, юнача!
Ляжыць прад табою страшная дарога;
Пагінеш, пагінеш… нейнача!
Чырвоныя коні пад небам нясуцца,
Пярун і грымоты вакруг раздаюцца,
І страх і атрута увесь сьвет абляглі…
І нішчыцца ўсё на зямлі…

І кроў… І руіны…
Ой, горкая будзе, дзяцюк твая доля!
Сьмерць зрэжаць касою, бы кветку-расьліну
Груган зьнясець косьці па полю …

„Пайду! я жадаю пянець! загарэцца!
„Усім сьветам магу кіраваць я здаецца,
„І пушчанай Богам імпэтнай стралой
„Памчуся ў гару над зямлёй …
„Мне полымя! Сілу!
„Люблю я лунаць, бы арол, па абшары…
„Віхор нясець гібель, капаець магілу…
„І цемрай ахоплены хмары …
„І пруцца, і рвуцца, і пеняцца хвалі,
„І плачуць, і скачуць. — О, волю ім далі!
„А мора шалёнае — брацейка мне…
„А бура — ў грудзях у мяне!
„Я цар уладарны!
„Я сьмерці таварыш! Я славай кірую!
„Я — сонца адвечнага сын сьветазарны!
„Я з сілай сьмяротнай ваюю…
„Свой гнеў праз мяне Бог на сьвет пасылае,
„Я — помста за мора нешчасьця і сьлёз!

Мне — шаг ад зямлі да нябёс!

.........
Памчаўся, далёка…
Прапаў!.. І ня вернецца сьмелы ніколі…
Яго не убача ўжо матчына вока…
І грудзі парвуцца ад болі…
Яму шлях агністы — зарніца у небе,
Ён — шчасьце, дыханьне адважных людзей…
Ён шчасьце старых і дзяцей…

І вось „памчаўся далёка… прапаў“ у бурлівым віру вайны чалавек, лунуўшыся ў бітву усім сваім жыцьцём, быц ў будзённую працу.

Усё асталося для яго забытым, толькі гарматнія стрэлы займаюць увесь ягоны слых.

Рознаколёрныя абразы ваеннага жыцьця мігацяць перад нашымі вачыма і, смуткам сваім і жалем поўнячы нашыя душы, робяць з нас усіх нявольных учасьнікаў сусветнага пажару.

Вось перад нашымі вачыма абраз паэты Ясакара: страшэнная бітва на Нёмне пры адходзе расейскае арміі з Усходніх Прусаў:

„Ад крыві чырвонай Нёман фарбаваўся,
Ладзіліся гаці з трупаў на вадзе;
Стогн разьні адважнай гулка раздаваўся…
Бітва як ніколі … Бітва як нідзе!
Людзі, коні ніклі каласамі ў полі, —
Малаціў галовы алавяны град…
Жартавалі ў сьмерці — лезьлі яшчэ болей;
Топчылі жывыя няжывых грамад.
Затуманіў неба цёмна-дымны порах,
Жорлішчы гарматаў каркалі агнём;
Ціхія сялібы нішчыў дзікі вораг…
І дабро людзкое панясло віхром.
У зямлі глыбока рыліся шрапнелі,
Над зямлёй высока пёрся самалёт;
Сярод іх, над полем груганы ляцелі,
На гульню-вячору ладзілі паход.
Ой, для іх пажыва вельмі ўжо багата!
Ой, вісіць бязьмерна гібель над зямлёй!
Ой, крыві залішне! Ой, крыві занадта!
Ажна ап‘янелі, патанулі ў ёй!…
Гэй ты, бацька-Нёман, бачыў ты спрадвека
Гэткія рабункі на сваіх вадах?…
Ці няма граніцы злосьці чалавека?
Ці ўвесь сьвет павінен гінуць у сьлязах?
А крывавы Нёман з берагоў падняўся,
Якбы пасыцеў ён ад сваіх ахвяр,
Па пяску, каменьні буйна разагнаўся,
У абоймах сьціснуў ён палёў абшар…
Нёман сказ свой гукнуў:… Хай гудзяць віхоры!
Хай грымяць гарматы! Хай нясецца стогн!
Хай шкілеты косьці вырастуць у горы.
Я пішу крывёю вечны свой закон! —
Да сваіх я добры! іх кармлю гадую!
Да чужых я страшны, нібы пекла ліх…
З гэткаю любоўю, як сваіх шкадую,
З гэткай самай злосьцю нішчу я чужых!

(„Ад крыві чырвонай“).

Другі абраз гэтага-ж паэты ўзяты з матываў вайны цікавіць нас больш за першы, бо ў ім мы бачым апісаньне бітвы з самалётамі — „крылатымі арліхамі“, якіх сьвет яшчэ нябачыў да вайны 1914 году.

„І луналі сталёвыя, дзьве самалёткі-арліхі,
І былі іх палёты ня ціхі:
Крахаталі, шыпелі, гудзелі і страшна і дзіка
І была іх трывога вяліка.
І пагібель, і гора бязьмерна скідалі усюды,
І муры разьбівалі у груды.
Нібы прашчуры пекла, труцілі ўсіх жудасьцю, страхам,
Беспакоілі воблачным шляхам.
І гарматы нашы, бы галовы з вады кракадылы
Падымалі, равелі што сілы…
І плявалі агнём — не траплялі у моцныя скрыдлы…
Ім страляць безкарысна абрыдла.
Чырванелі арліхі часамі, бы ў небе зарніцы,
І агні іх ня зналі граніцы…
Іх сьмяшылі з зямлі алавяныя, грозныя гукі,
Іх сьмяшылі сьмяротныя мукі…
Гэй, адважны стралок, ты дарэмна іх сьмела вартуеш.
Хіба так сабе толькі — жартуеш.
Што ім знача, асілкам, твае прыткалётныя пчолы.
Лепей кінь — не прыцэліш ніколі
Пальнуў раз і другі… Сам рвануўся у верх ад імпэта.
Ой! арліхам зьмяніла плянэта!
Вось пусьціліся ўніз гэтак спрытна, бы стрэлы ад неба
Якбы зьнішчыць зямлю ўсю ім трэба.
Лясны воўк, гэтак прэцца ахвяру сваю разрываці.
Ці упыр той, што кроў п‘ець з дзіцяці.
Хіба страшнага духа спалохалісь у хмарах туманных,
Нам ня трэба гасьцей тых нязваных.
І упалі яны. І сьцямнелі, сталёвыя блескі,
Разшчапіліся скрыдлы у трэскі.
І грамады абломкаў уехалі ў пухлае поле,
І няма ім гульні сваей болей.
Няжывыя ляжалі ўладары іх — ворагі людзі…
І адважны стралок пазіраў на здабычу паволі,
Нібы ведаў раней іхну долю.

(„Арліхі“).

Дзіўныя абразы, але бязьмерна сумныя і балючыя прынёс для беларускае паэзіі 1914 год. Але ні ў гэтым толькі ўсё значэньне гэтага году: 1914 год — гэта пачатак новага этапу жыцьця Беларусі, які перажываем мы яшчэ і у сучасны мамэнт. Янка Купала ў сваёй песьні-вершу гэтак характэрызуе значэньне 1914 году.

„Зыходзіш ты туды, скуль ня прыходзяць,
Але сваіх не забярэш сьлядоў…
О, год! такіх, як ты, час рэдка родзіць!
О, год! ты першы гэткі з між гадоў!
Прыйшоў не з згоды і свабоды весьцяй
І — не ўзьвялічыць праўду між людзьмі —
Жыцьцём мільёнаў ты прышоў затрэсьці,
Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі.
Касьцьлявай зморай з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць,
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той — хто ўздумае ўміраць.
„Не забіваці“ — ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму;
Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай
Ператварыў і здаў насьледніку свайму.
Га! Хай-жа льецца кроў, дымяць пажары,
Няхай пад крыжам плача сірата.
Крывавы бог крывавыя ахвяры
Сабраць павінен з сьвету да чыста.
Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Аглядзіны рабіці новых дзён,
Дзе меч нявідзімага бога — Рока
Напіша бязкрывавы свой закон.
(„1914-ты“).

Так у лепшую будучыну верыў ня толькі Янка Купала, але і ўвесь беларускі культурны асяродак „Наша Ніва“, а за імі і ўвесь народ. Яны казалі што „хоць-вайна“ з яе страшэнствамі прымарозіла маладыя ўсходы, хоць багата рабочых рук адарвала ад роднае нівы і паставіла ў рады войск хоць агульны застой стрымлявая ўзрост беларускага нацыянальнага руху, — мы верым у сілу і моц культуры, каторая адбудуе ўсе страты нашы ад вайны, верым, што мінецца сьцюжа з марозамі, што ізноў заясьнее сонейка, — абы толькі мы самі ператрывалі час ліхалецьця, абы асталіся цьвёрдымі і моцнымі ды не загубілі сваіх найдаражэйшых ідэлаў і нашае веры ў іх“.

З гэткімі спадзеямі верай перайшоў народ у новы 1915 год, думаючы, што ён мо‘ і будзе тым пацешыцелем, якога чакаюць.

Але відаць суджана беларускаму народу перажыць ня гэтулькі яшчэ ўсяго.

Новы 1915 год прынёс з сабою толькі, новыя цяпеньні і новы боль.

І паэзія беларуская прыдбала ад гэтага толькі новыя матывы, якіх ня чутно было дагэтуль.

Пачынаюць чуцца ужо асобныя, асабістыя болі, па затрачаных блізкіх, як напр.: „Сонэт-памяці забітага брата“.

„Яшчэ адна нявінная ахвяра…
І ты, мой брат, прайшоў жыцьця свой шлях!
У полымях вайны, — сусьветнага пажару,
Згарэў збудованы твой моладасьці гмах!
У полі дзесь, ля крыжавой дарогі.
Пад куляў сьпеў заснуў ты вечным сном…
Ў зямлі скрываўленай злажыў ты рукі й ногі
І разьбіту галаву шрапнелі чыгуном…
Спакойна-ж сьпі, браток! зямля табе будзь пухам!
Між намі ты жывеш сваім магутным духам,
Бо сьмерцяй слаўнага на полі бітвы паў.
Усё, шта мог — жыцьцё, для людзкасьці ў ахвяры,
Як мучанік злажыў на сьмерці ты аўтары!
За што-ж? За што? ці сам ты, браце, знаў?!.

Іншыя песьняры, ня бачучы канца вайны і гора ўпадаюць у нейкую безнадзейнасьць, мяжуючуюся з малітваю:

„Ой, Божанька, дакуль на сьвеце гэтак будзе,
Што сьмерць і боль, і гора самі сабе людзі
Шукаць, як шчасьця, будуць цёнгле адусюль?

Ой, Божанька, дакуль?…

Ой, Божанька, дакуль так сэрца будзе дзіка?
Агонь і кроў і сьлёзы хваляю вялікай
Зямлю усю залілі… і усё кіпіць… шуміць…

Ой, так ня можна жыць!…

Ой, Бажанька, дакуль араты спрацаваны
У роднай хаце будзе раптам забіваны?
І маці апаганена, дзіця і дзед

Замучаны усьлед?…

Ой, Божанька, ўвесь сьвет у гібелі, ў магіле!
Чаму пацехай служыць усё нячыстай сіле?
Жадаеш нашых енкаў?… хочаш нашых мук?…

Мы ж творы Тваіх рук!…

Ой, Божанька, паслухай шчырыя малітвы:
Ты воляю сваёй зруйнуй благія бітвы…
Пад сонцам хай ўсе людзі, як адзін народ,

Жывуць у царстве згод!

Ой, Божанька, хай прыйдзе сон сьвятых прарокаў,
Аб шчасьці на зямлі, што вырасьцець высока,
Аб тым, што востры штых у плуг перакуём,

А меч будзе сярпом…
(„Ой, Божанька…“).

І быццам-на гэткую мальбу на народ скідаецца новае гора: пачынаецца вялікая вандроўка народу і ўцёкі з родных хат і палеткаў, каб на чужыне бацьком загубіць сваіх дзяцей, дзяцём бацькоў і г. д.

Калі 1914 год ня згладзіцца ў памяці народнай як пачатак сусьветнае вайны і агульнага няшчасьця, то аб 1915 году заўсёды будуць напамінаць народу тысячы магільных капцоў, што размясьціліся бы прысады, абапал усіх чугунак і шляхаў, спалёныя вёскі і жыцьцё ў чужыне.

І гэты новы матыў так сама знайшоў адбітак і ў беларускай паэзіі ў песьняра Цішкі Гартнага.

„Перайшоў — перабег над старонкай маей
Нябывалы даўно, нячуваны віхор
І заліў, як вадой, зямлю сльёзкай з вачэй
І спугнуў — страсянуў больлю нутрыны гор.
Як дарожкі вядуць — быццам ралкі бяроз —
І сюды, і туды, удаўжкі, ўпапярок —
Ад зямлі да нябёс — лёскат дробных калёс
Цяжкі енк аддае ад зямлі да аблок…
Паглядзіш — доўгі цуг… густы сум давіць твар.
У сяродку, у душы, нязвычайны спалох…
І людзей, і жывёл, як на небе тых хмар;
Што пусьціў пагуляць разгнявіўшыся Бог.
На людзях адабіт дзікім выглядам страх
Крокам спугным які ў пуць няверны жане,
Кроў застыла з пяском на мазольных нагах,
Адранцьвела істота ў пякельным агні
Што прайшлася ў мамант вышла з памкі зусім.
Ды нашто азіраць калюшковую пуць?
Хай зьядае агонь хаты цёплыя ім —
Трэ забыць пра той час іх вярнуць…
Там ня хаты адны — там і гумны стаяць,
Паміж хатак садкі, за гуменцамі луг;
А шчэ далей, за луг, — там дубровы наўкруг
Апінаюць наўкол, як вянком сенажаць.
І раўчук у ліпняку, ды лазінкі над ім —
Палатно разаслана (бы стужкі) ляжыць;
З перапугу забыт — ды ня ведома кім
Андарачык стары ля дзядулі ўзлажыць…
Ай, даволі казаць, — даражэй бач няма
Тэй краіны, дзе жыў, гадаваўся і рос,
Дзе іграла вясна, дзе трашчала зіма,
Дзе маленькім гуляў пад ценямі бяроз, —
А патом, што-ж зрабіць, — хто жывы пакідай…
І пашлі: з мужыком побач конь, а кароўка з жаной,
Без яды, без надзей ды ў няведаны край,
Ад краіны свае, Беларусі радной…
Рэжа душу так жаль… Хто-ж ня знае ўсяго?
Навэт ў рыку кароў, ў рагатаньню канёў
Чутны одгук нямы, одгук страху таго,
Што навалай ліхой на краіну зышоў
Паабапал дарог нівы ўбрана ляжаць,
Дзе пад жытам яны, а дзе жоўтая яр.
Ой, шчасьлівенькі той іх будзе зжынаць,
Гэты працы свой плён-ніацэнены дар!
Хто хацеў, хто чакаў, каму трэба было
Зварушыць, скалыхнуць зямляробаў спакой,
Каб жыцьцё наўсягды ад яго адняло,
Чым дарожыць ў жыцьці ён, чым цешыцца той.
Ўсе пашлі ад гумён, ад палосак, плугоў
Па дарожках крывых, цераз рэчкі й лясы
Пагублялі дзе хто і сясьцёр і братоў,
Як часамі снапы губяць так каласы;
Тут дзядуля, тут сын — пахаваў і забудзь,
Бо ці пройдзеш калі ўжо сюдэма — наўрад…
Но-но, Гнядая, сьпяшы, дзе канчаецца пуць.
— Саламея, маўчы, не глядзі ўжо назад..
.........
Цёмны Нёман, ад сьлёз нехвалюйся крапчэй.
Абмываеш крывёй берагі ты свае.
Там ля Коўны ў цябе Вільля ціха ўцячэ
І крыві і сьлязін яшчэ больш уліе
Промень страшны агню ад Прыпеці к Дзьвіне
Стараны мае рэчкі адбіце ў вадзе.
Хай патомак загляне ды іх пракляне,
А аб шчасьцю людзкім рэч сваю павядзе…
Нам судзіў цяжкі лёс жыць ў ліхія часы,
Працярпелі ўсяго — мусім далей цярпець —
Толькі з вераю ўжо, што калісь будзем мець
Долю шчасную й жыцьцё поўнае красы…

(„Уцекачы“).

З гэткім матывам, з гэткаю песьняю кончыў народ 1915 год і распачаўшы кончыў і 1916 год.

Часамі калі-некалі сярод агульнага стогну даносіўся крыху іншы тон песьні, рысуючая або абразок з самае пазыціі, з самае бітвы, або тугу да роднае хаты, ці проста малітву аб хутчэйшым канцы усусьветнае бойні.

Але чуць уціхне песьня-малітва — узноў чутны гарматнія стрэлы і людзкі стогн і тыя ж балючыя тоны у іншых песьнях.

„Шчабячы ты, салавейка,
У зялёным гаю,
Калі родная сямейка
Сірацее ў краю.
Калі горка сьлёзы роніць
Матухна па сыну,
Хай твой сьпеў тугу разгоніць,
Хай нядоля згіне.
Калі дзеткі просяць таты,
Каб ішоў да дому:
Дзе грымяць усё гарматы,
Льгі няма нікому.
Калі родная сястрыца
Моліцца за брата…
Ці ня годзе сьлёзам ліцца, —
Хай настане сьвята.
Шчабячы ты, салавейка,
Пей аб супакою,
Як чульлівая жалейка
Раніцай ціхою.
Залівайся сьвістам-песьняй,
Цеш матулю, жонку;
Цеш сіротак, што балесьне
Тужаць бяз прытулку.
Шчабячы ты на сьвітаньні,
Як узыйдзе сонца,
Хай хутчэй спакой настане
Ў родненькай старонцы.
(„Шчабячы ты, салавейка“).

Гэткую песьню словамі Андрэя Зязюлі узноў заводзіць змучаны народ, бо штось трывожнае начыналася па ўсім краі.

Пачаліся з вусн у вусны перадавацца весткі аб замірэньні, што быццам пачаліся.

Але народ, помнячы што кроў людзкая не прападае дарма, прачуваў, што замірэньне можа быць здабыта толькі самім народам.

Пясьняр Якуб Колас іменем усяго народу дае востры адказ тым, хто пачынаў клапаціцца пра ліквідацыю вайны, якая за два з паловай годы не прынясла народу нічога апрача мукаў і ран.

„За што лілася кроў людзкая?
За што гібеў і гінуў люд,
Гібеў набытак ўсяго края
І пакаленьняў гінуў труд?
І бег народ, як ў час пашоркі,
Закрыўшы вочы, ў Божы сьвет,
І толькі дым ўздымаўся горкі,
І крыж адзначаваў іх сьлед.
А колькі сьмертак дзетак мілых,
На вашай совесьці ляжыць!
Пануе ціш на іх магілах,
І край разбураны маўчыць.
І вы цяпер рукамі ката
Гатовы згоду дараваць?!
Але ці можна у вас брата
Скажыце, Каіны, прызнаць?
Вам не па сілі груз цяжэрны
Вайны, што самі вы ўзьнялі,
Яе пажар і мор бязьмерны,
Згінота цяжкая зямлі.
Ня вы дасьцё народам сьвята,
Ня вам пажар вайны стушыць!
Прэч вашы рукі, — збойцы, каты,
Ня вам аб згодзе гаманіць!
(„Ворагам“).

Гэткія матывы-напевы песянь складаліся сярод трывожнага канцу 1916 году.

Многа з гэтых песень ні дачуліся мы, многа з песень закінуты і забыты цяпер, бо з 1917 годам, прынёсшым радасныя весьці аб волі, распачаўся новы этап жыцьця Беларусі, а спыненая на ўсходнім фронце вайна, перастала даваць гэтыя жудасныя матывы для беларускае паэзіі.


VII.

Вялікія ваенныя разгромы расейцаў у 1915—1916 г. г. і адход усіх арміяў на Усход, вызваўшы страшэнны маральны упадак духу і вялікае нездаволеньне зацягваньнем вайны з аднога боку і эканамічную разруху і падаражэньне емінных прадуктаў і вырабаў першае патрэбы з другога боку, — былі прычынаю таму, што у Расіі пачалася вельмі шырыцца рэволюцыйная агітацыя.

У сувязі з гэтым змоцнілася ўрадовая рэпрэсія проці ўсяго, што выяўляла з сябе лібэралізм і дэмократызм, а яшчэ больш проці ўсяго таго, у чым чуўся зрост нацыянальнага, не расійскага, духу.

Гэтыя рэпресії, найперш адчулі на сабе заходнія і каўказкія „інородцы“, як найбольш знайходзючыеся пад уплывам фронту.

Такім парадкам, „вольныя“ з маніфэсту Мікалая Мікалаевіча палякі, а яшчэ болей „сэпаратысты“ беларусы і ўкраінцы — на заходзе і поўдні Расіі, і армяне і грузіны — на Каўказе, перш за ўсіх пачулі на сваёй скуры нагайкі „ўрадавае рэакціі“ і ўсю сілу і моц, на якой трымалася царская сыстэма.

Адразу-ж, пасьля заняцьця немцамі Вільні, калі дзякуючы ваенным абставінам, самі сабой павінны былі закрыцца, істнаваўшыя ў той час, беларускія часопісі „Наша Ніва“ і „Беларусь“, — з часу Маладэчынскага прарыву было забаронена друкаваньне на беларускай мове ў межах Беларусі.

Царскі ўрад зрабіў усё, што мог: ён адняў цэламу народу ягоную мову — правам дужага.

І ось здавалася, што ўсе здабыткі беларускага руху павінны былі загінуць, бо, рэч ведамая, гінуць вінна ўсякая арганізацыя, страціўшая свой культурны асяродак.

Аднак-жа жыцьцёвая энэргія цэлага народу, штучна, сунятая, скора знайшла сабе выхад у Вільні, пад ціжарным ботам нямецкага окупанта, гуртуецца беларуская сіла і выліваецца ў новы асяродак для зафронтовае, оккупованае часткі Беларусі: у 1916 годзе засноўвуецца выдавецтва часопіс і „Гоман“.

Можна казаць, адначасна і у расійскай частцы Беларусі начынае біцца ўсе жывей і жывей беларускае жыцьцё. Засноўвуюцца „Т-ва помачы ахвярам вайны“ гэта — ядыныя вогнішчы у якіх знаходзяць сабе крыёмы прытулак і працу ўсё лепшыя беларускія сілы. У той-же час, за межамі Беларусі, пачынаюць выходзіць у Пецярбурге дзьве новыя беларускія часопісі: „Дзянніца“ і „Сьветач“.

Такім спосабам беларускае жыцьцё, беларускае друкаванае слова ўзноў вырвалася на волю.

Гэтым, аднак, ня скончылася барацьба. Агульна-расійскае нездавольства, ўзрастаўшае ў канцы 1916 г. страшэнна шпарка, а разам з гэтым змацняючаяся ўрадавая рэпрэсія — адбіваліся і на беларускім жыцьці.

Уціск ураду, ваенных і звыш ваенная цэнзура, выпускаўшыя памененыя беларускія, як і іншыя лібэральныя часопісі „белымі“ і суняўшыя ад 1917 г. выхад іх у сьвет зусім, ня зьдержылі ўсё-ж далейшае арганізацыі беларусаў. Па ініцыатыве некаторых беларускіх дзеячоў пачынаецца склік усіх сьвядомых лепшых беларускіх сіл на „нелегальны нацыянальны збор“.

І ось у гэты ж час царскі ўрад, дайшоўшы да апогея свае вялічыні гнёту і моральнай нікчэмнасьці народным гневам быў скінуты з свайго постумэнту і разсыпаўся, быццам гліняны слуп.

Так сталася рэвалюцыя 27-га лютага 1917 г. у Расіі. Уся Расія, а разам з ёю і ўсе „інородцы“, дастаўшы правы грамадзянства, выйшлі на новы шлях свайго вольнага творчага жыцьця.

Беларусь, аднак-жа, звольненая гэтай рэволюцыяй ад векавечных путаў, змораная вялікай барацьбой, зьнішчаная страшэнна вайной і будучы разрэзанай у сваім целе на дзьве часткі, рэч ясная і зразумелая, павінна была крыху супачыць, каб узяцца за будову свае сьветлае вольнае будучыны.

Вось дзеля гэтага мы й бачым, што Беларусь не змагла голасна азвацца аб сваім жыцьці ў першыя дні Волі, у тыя першыя дні пасьля революцыі, калі іншыя народы ужо іх сьвяткавалі з усёю парадаю сваіх сілаў. Яна павінна была прачакаць нейкі час, час супачынку і гуртаваньня сіл, і азвалася толькі аж 25-га сакавіка 1917 р. на Беларускім нацыянальным зьезде ў Менску.

Праўда, непрыяцелі Беларусі не драмалі ў працягу гэтага месячнага часу, а гуртаваліся ўсімі сіламі за новае барацьбы з уваскрасаючаю Беларусьсю, і выступілі ў бой у той жа першы дзень нацыянальнага сьвята Беларусі — 25-га сакавіка.

Так распачала Беларусь сваю новую цяжкую працу. І хоць праца была вельмі цяжкая, усё-ж Беларусь, цьвёрда і моцна ступаючы, крок за крокам ішла ўсё ўперад, усё бліжэй да свае сьветлае будучыны.

Жыцьцё Беларусі гэтага пэрыоду так сама знайшло свой адбітак у беларускай прэсе, як зафронтовай („Гоман“), так і у новапаўстаўшай пад час революціі ў Расіі.

Першымі беларускімі часопісямі, начаўшымі выходзіць у Менску ажно толькі у Траўні 1917 р. былі „Вольная Беларусь“ і „Грамада“, з якіх першая стала замяняць сабою „Нашу Ніву“.

У гэтых часопісях, як і у заснованых пазьней, узноў начынае вылівацца душа Беларускага народу — песьні-вершы беларускіх пісьменьнікаў-паэтаў, якія ў новых хварбах, у новых абразох-малюнках рысуюць нам яшчэ адзін этап жыцьця Беларусі — падчас Вялікае Расейскае рэвалюціі.

Разрэзаная фронтам акопаў, калючага дроту і міліёнам штыхоў, Беларусь пачынае ажываць у абедзьвёх сваіх частках: у першай, г. зн. Расейскай — актыўна, а ў окупованай немцамі — толькі спагадаю.

Прыслухаймася да песьні якую пяець В. Лемеш на страніцах „Гомана“.

„Ужо, дзякуй Богу,
Разьвеялась ночка!
Сьмялей ставім ногу,
Сьмялей глядзіць вочка.
Да працы да творчай
Ужо прыступаем
І долю ясьнейшу
Цяпер спатыкаем.
Ад сьпячкі праснулісь
І сьвету жадаем,
Бо мы схамянулісь,
Што волі ня маем.
Мы доўга стагналі
У царскай няволі
Шмат гора спазналі, —
Ня хочама болей
Цярпець такой мукі,
З цямнотаю жыці!
І ў нас-жа ёсьць рукі:
Мы можам рабіці
Усё, што патрэба
Для нашай старонкі,
Для буднага хлеба
І вольнай гамонкі!
Жыць хочам з братамі
Бяз сваркі, бяз звадкі:
Ўсе будзем сынамі!
Аднэй Зямлі-Маткі!
(„Сьвітае“).

І быццам одгукам гэтае песьні чуюцца словы Якуба Коласа, які ў вольнай Бацькаўшчыне заве сваіх братоў „Да працы“.

„Братэ! вялікая дарога
Чакае нас і родны край.
Настала жніво, працы многа,
Навукі зерня засявай!
Нясеця сьвет — у змроку дрэмля
Наш мілы край, наш родны кут.
Няхай ўваскроснуць нашы землі,
Няхай асьвеціца наш люд!
Дапома-ж Бог нам у прыгодзі!..
Ні царскі біч, ні прышлы хам, —
Хай будзе лад ў сваёй гасподзе
Ствараць народ — ўладарац сам“.

На гэты зоў да працы на карысьць Беларусі мала-па-малу пачалі адзывацца з усіх канцоў ніабнятнае Расеі, з усіх глухіх куткоў Беларусі, вольныя сыны яе. Яны, скінуўшы супольнай з іншымі народамі патугай царскі п‘едэстал, пачуліся цяпер здольнымі да вялікае і адказнае працы па адбудове свае Бацькаўшчыны на вызваленьню свайго роднага народу.

Мы ўзноў чуем голас песьняра Алеся Гаруна, яшчэ так нядаўна пеяўшага з далёкага Сыбіру свае „Праводзіны", адыходзячаму на вайну брату. Цяпер толькі песьня ягоная чуецца з іншым матывам, з іншым настроем.

Хто сказаў: і я з народам,
Хто з ім поплеч стаў, як з братам,
Хто пайшоў з ім родным ходам
К роўным зыскам, роўным стратам,
— З тым і я. Няхай жа ліча,
Будзе трэба — хай пакліча.
Хто-ж сказаў, а потым здрадзіў,
Хто пайшоў, а потым кінуў,
Хто ў душы сумленьне згладзіў,
Ў кім апошні сорам згінуў,
— Хай дрыжыць! У дзень прысуду,
Ў страшны дзень я сьведчыць буду!
(***).

І гэтакі цьвёрды, рашучы голас пачуўся ня толькі ў аднаго Гаруна, не, словамі паэты гаварыў увесь народ, гаварылі ўсе лепшыя ягоныя сыны.

У гэтыя першыя дні революцыі, сьвятыя дні заплаты народу „Воляй“ за соткі год пранесенае няволі, кожын хацеў як мага галасьней выказаць сваю пастанову, сваю прысягу на вернасьць здабыткам рэволюцыі, на вернасьць многапакутнаму народу.

Гэтыя дні — гэта першае каханьне, калі кожнае выказанае слова, кожная думка, хоць з часам мо‘ й нязісьціўшаяся, або і зьменная, — былі шчырасьці і праўды дзяцьмі. Ні адно слова гэтага пэрыоду ніколі ня было і быць не магло выказана фальшыва, — бо гэта былі песьні першага, сьвятога каханьня ўваскросшае старонкі, а гэткія песьні, вырываючыся з глыбі сэрца й душы, ня могуць быць маной.

„Над гонар і славу,
Над чары каханьня,
Народную справу
Ў перекананьня,
Што розум дыхтуе,
Заўсёды я волю,
Ня здраджу ніколі.
Хай хмара навісьне
Над соннай зямлёю,
Хай гора прыцісьне
Залезнай рукою, —
Я роднае мовы
Ня кіну ў нядолі,
Ня здраджу ніколі.
Бушуе хай бура,
Віхор хай злуецца,
Хай вецер панура
Завые на рэчцы, —
Я роднага краю,
Што рвецца да волі,
Ня здраджу ніколі.
Хай гром з пярунамі
Грыміць і страляе,
Маланка агнямі
Хай бліскае, зьзяе, —
Свайго я народу,
Бяз хлеба і солі,
Ня здраджу ніколі.
Хай срэбра, дукаты
Мне сыплюць пад ногі,
І скажуць: „Багаты
Будзь, кінь род убогі!“
Я плюну з пагардай,
А роду і волі
Ня здраджу ніколі.
Да самага скону,
Усякім прымусам
І сіле прыгону,
Скажу: Беларусам
Павек астануся,
Свае ўласнай волі
Ня здраджу ніколі!“
(„Ніколі“).

Гэткую песьню каханьня да роднае краіны пяе Андрэй Зязюля, веручы моцна, што яна знайдзе сабе одгалос у іншых братніх сэрцах.

Революцыя вызвала на родную ніву ўзноў усе здаровыя сілы, якія былі нейкі час прыгнечаны страшэнствамі вайны. Кожын з працаўнікоў, чуючыся быццам адрадзіўшымся і бяручыся да працы з вялікай ахвотай, усё-ж ня можа забыцца тых няпрыглядных абразоў нядаўнае мінуўшчыны, ня можа пазбыцца тых сумных, жаласьлівых матываў, якія праз гады няволі ўрэзаліся ў ягоную памяць і душу.

Дык няма дзіва, што ў песьнях беларускіх пісьменьнікаў, выпяваных у дні рэвалюцыі чуюцца і старыя сумныя напевы — „напевы жальбы і пакуты“.

Можна сказаць наʻт больш, — гэтыя сумныя напевы пераважваюць іншыя, бо „агульны тон маладое беларускае літаратуры, — як кажа ў адным з сваіх артыкулаў Антон Новіна, — тон сумны, жалобны“.

„Зусім, як у народных песьнях нашых, дзе пануе сум, туга, жаль.

„Ня дзіва: ўсё гэта — адгалоскі таго жыцьця, якое доля судзіла нашаму народу, жыцьця цяжкага, пакутнага.

„Песьняры зачаплялі весялейшыя струны адно тады, як апявалі вечнае хараство прыроды. Калі-ж зьвярталі свае вочы да спраў штодзенных гарката і жаль напаўнялі іх душы і праходзілі чырвонай ніткай у іх песьнях“.

Вось чаму Янук Журба ў першых днёх „Волі“ не пяе нам гымну революцыі, а зварочуе наш слух на матывы незаціхшае вайны.

„Як добра і шчасна увокал, як глянеш:

Тут рэчка плюскоча, там гай,

Вунь поле залёнае, сьцежка зьмяіцца, —

Прышоў да нас зноў сьветлы май.

І радасна ў сэрцы, і хочацца думаць

Аб шчасьці, аб сьветлым краю…

І вольныя думы і сьветлыя мары

Душу узьнімаюць маю.

Не!.. кіну на час нейкі шчасныя думкі

Ў дні цяжкай і горкай жуды,
Лепш гляну, як родная вёска марнее —
Сумуе там люд ад бяды.

У час бітвы, як жэдная сьмерць жыцьцё косіць,

Ліецца скрозь братняя кроў, —

К табе душа рвецца, гаротнік-ваяка,

Табе аддаю ўсю любоў…

Надыдзе збавеньне, замоўкнуць гарматы;

Ізноў адпачынем душой.

І сонца прагляне сьвятлістым праменьнем

Над змучанай нашай зямлёй.

Уцішым боль сэрца, загоім мы раны,

І сьмела зірнём на прастор;

К жыцьцю тады новаму мы уваскрэсьнем

Душой узьнясёмся да зор!
(„У час вайны“).

Гэткія-ж прычыны прымушаюць і Якуба Коласа кінуць „на час нейкі шчасныя думкі“, а запець сумную песьню аб долі Беларусі у „трэцьце“ лета вайны.

„Зарасьлі вы, межы, ў полі
Дзікім зельлем-палыном;
Гаспадар на вас паволі
Раніцой ня йдзе з канём…
Не хапіла сіл жаночых
Глыбей землю загараць,
На загончыках сірочых
Травы сталі красаваць…
Ось і трэцьце даў Бог лета
А няма гаспадароў,
Ня чутно цяпер да сьвету,
Як даўней, іх галасоў.
Дзе-ж падзелісь вы, сяляне,
Што нідзе вас ня чуваць?
Ды баяцца на пытаньне
Межы свой адказ даваць
І сіроткай глядзіць поле,
Сумна ў даль бягуць шнуры
І ня кажуць што за доля,
І дзе іх гаспадары.
(„Поле“).

За гэтаю песьняю той жа паэта, мэрам хочучы пацьвердзіць вышэй выказаную думку Антона Новіны аб сумным настроі беларускае маладое літэратуры, пяе другую песьню: песьню „Роднаму краю“.

„Знае толькі Бог адзіны,
Як мне любы лугавіны
І родныя межы —
Стужкі поля і дарогі,
Пустак немыя разлогі,
І курганы-вежы;
Як мне мілы тыя хаты,
Дзе красуе мох калматы
На старэнькай стрэсе,
Гоман ніў благенькіх ў полі,
Скібы вузкія і ролі,
Птушак сьпеў па лесе.
Знае Бог адзін, як мілы
Мне мужычыя магілы
І той крыж драўляны,
Пад каторым косьці тлеюць,
Дзе бярозкі зелянеюць
І на дол пяшчаны
Майскім ранком сьлёзы роняць,
І галінкі ціха клоняць,
І шумяць маркотна.
Там я вырас, ўзгадаваўся,
Дзе спрадвеку заснаваўся
І бруіць дрыготна
Жаль вялікі і пакута,
Дзе пануе гора люта
І нудзьга разьліта.
І я зросся з гэтым горам,
Як віхрэ-вятрэ з прасторам,
Як з загонам жыта.
А як песьню засьпеваю
Аб зьнішчалым нашым краю,
Я ня волен над сабою:
Сьпеў мяшаецца з сьлязою,
Плачам аддаецца.
Няхай стогне, няхай плача,
Покі жыцьце стане нача
І скрозь цемрадзь і гушчары,
Як луч сонейка праз хмары
Сьвет нам не прарвецца.

У гэтай песьні чуецца як раз тое, што кожны песьняр, „зросся з гэтым горам“ свайго народу, свае Бацькаўшчыны, якое ціснула праз соткі год і наʻт у час рэволюцыі не перастало ціснуць, і дзеля гэтага калі каторы з іх песьню запяе, то ён „ня волен над сабою“.

Тымчасам жыцьцё не стаіць на адным месцы, а йдзе і йдзе ўперад. Революцыя 27-га лютага, якая ў першых часох многім здавалася толькі пераваротам, або, „бязкроўнай рэволюцыяй“, ня зьдзержылася на адным этапе.

Толькі некаторыя паэты перадбачылі сваім „прарочым вокам“, што на гэтым ня скончыцца „Сьвята Волі“, што гэта толькі пачатак новага этапу — этапу рознае болей цяжкое барацьбы. І толькі перадбачучы гэтае вялікае змаганьне, песьняры стараюцца склікаць на Бацькаўшчыну сьвядомых сыноў Яе і будзіць сьвядомасьць сярод дзяцей Беларусі „стаўшых чужынцамі“.

„Як толькі у сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
Ў белай пені праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Старадаўнай Літоўскай Пагоні
Ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады…
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо‘ яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі й аддалі у палон?
Бійце ў сэрдцы іх — бійце мячамі
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…
Маці родная, Маці-Краіна!
Ні усьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач, Ты прымі свайго сына
За Цябе яму ўмерці дазволь!…
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўнай Літоўскай Пагоні
Ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць…
(„Пагоня“).

Так зваў да „Маці-Краіны“ верны сын яе Максім Богдановіч.

І хоць гэты кліч не астаўся нячутным, а усёй сілай сваей разнёсся ў прастор, сам паэта ня меў шчасьця ня толькі ўмерці за сваю краіну, але родная зямелька ня прытуліла ягоных касьцей. Маладыя кволыя сілы магутнага песьняра зламаліся ў далёкай поўдзённай чужыне — у Крыме.

І ледзь змоўклі песьні паэты-прарока як пачалі зьдзейсьнівацца яго прарочыя словы, пачалі насовавацца першыя хмары на пагодняе неба пачатку рэволюцыі.

Незакончаная вайна і розныя праекты яе ліквідацыі паслужылі прычынай да выкліку новае барацьбы — барацьбы клясавае.

Адначасна з падымкам клясавае барацьбы пачынае змацняцца і нацыянальная барацьба паміж народам „маскоўскім“ і „інородцамі“, дзеля таго, што „маскоўская інтэлігенцыя“ не магла ніяк адвыкнуць ад тога разуменьня, што яна ў „інородчэскіх“ краёх ня можа станавіць „большасьці“.

На Беларусі гэтая барацьба пачынае вясьціся аж на некалькі фронтаў, бо з гэткімі-ж разуменьнямі, якія мела маскоўская інтэлігенцыя, выступіла і польская інтэлігенцыя, падтрымоўваная польскім войскам у Беларусі, і літоўская ў частцы Беларусі оккупованай немцамі.

Гэтая страшэнная барацьба розных группаў, станаў і партыяў, што ўшчалася на грудзёх Беларусі, усё астаючайся разрэзанай фронтам на дзьве часткі, якраз у той час, калі яшчэ не сьцягнуліся беларускія сілы з усяго вялізарнага прастору Расеі, рабіла ў жывым яе целе новыя раны, не даючы зажыць старым.

Беларуская паэзія не астаецца глухою і на гэта, і той-жа Якуб Колас, пад уражэньнем гэтае, колькі-фронтавае барацьбы, пяе новую песьню:

„Люд стогне, сумуе, над цяжарам меча,
Скаваў яго сэрца гарачае лёд…
Адкрыты дарогі табе, чалавеча,
На захад, на поўнач, на поўдзень, на ўсход.
Ты вольны, нябога: ідзі, куды хочаш:
Я даў табе сілу ярэмьмя пабіць,
Даў чуткія вушы, арліныя вочы,
Я даў табе душу і сэрца — любіць…

Вы зьбілісь з дарогі, вас ноч ахапіла,
Арліныя вочы патухлі у вас,
І водзіць вас ў полі нячыстая сіла,
Агонь ў вашым сэрцы пагас…
Аб чым-жа сумуеш, бядак, неспакойна?
Акінь сваім вокам прыгожую даль.
Ахамяніся — будзь сын Мой дастойны, —
І радасьць пазнаеш, адкінеш свой жаль.
(***)

Змучаны колькігодняй вайной, Беларускі народ, як і другія народы быўшага Расейскага гаспадарства, аднак, ужо ня можа, „ахамянуцца“ і зьдзяржацца.

Разьюшанае мора революцыі цягло да новых і новых змаганьняў, аж пакуль, ўрэшце, ні прывяло народы да новае рэвалюцыі - рэволюцыі 25-га Кастрычніка, запісаўшы гэты дзень у гісторыю — першым днём хатняе грамадзянскае вайны.

Рэволюцыя 25-га Кастрычніка — гэта рэзультат клясавага змаганьня, перайшоўшага ня толькі за межы нашае Беларусі, але і за межы Расейскага гаспадарства.

Усё-ж, палажэньне Беларусі і пасьля гэтае даты астаецца інакшым, чымся становішча іншых народаў, бо Беларусь астаецца разрэзанай тым-жа фронтам вайны на дзьве часткі, з якіх адна прыціснута нямецкім оккупантам, а другая агульным расейскім бязладзьдзем, гдзе ідзе бязметная барацьба, як клясавая, так і нацыянальная.

У гэткім палажэньні закончваўся 1917 год, пераказваючы свайму намесьніку новыя і новыя цярпеньні для Беларусі.

„Ударыў звон. Лягла мяжа. Нябыцьцем стаў мінулы год.
І летапісец вызначаў яго крывёю і агнём.
Меў шмат надзей, меў гора шмат ты ад яго і наш Народ.
Над Беларусьсю ён прайшоў грымотай, бураю, віхром.
А варта нам зірнуць назад на дзіўны сон, вясновы сон,
Што кожнаму свой сказ шаптаў: „Да нас зьявілась Воля-Маць!“
І хутка-хутка праняслась, як птушак сьпеў, як гусьляў звон…
І хутка-хутка праняслась. Мы не маглі яе стрымаць…
У чым наш грэх? абмылка дзе? Чаму апутала нас сець?
Бо, быўшых доўга ў цемнаце, нас асьляпіла сонца бель.
Як зданьне цёмнае начы, на промень сталі мы глядзець,
І несьвядомых абхапіў неустрыманы й буйны хмель…
А Новы Год нам суліць шмат і новых дзей і новы лёс.
Ярмо нявольнікаў-рабоў мы кінем ў процьму, у ватхлань
І жыцьцё новае пачнём. І згіне жудасны хаос.
Будзь сам сабою, Беларус! на Новы Год на сонца глянь!
І не чакай ты ад чужых сабе падмогі, селянін!
Ты сам будуй на Новы год палацы сьветлыя свае!
На роднай мове запяеш ты сярод ніў, сярод раўнін,
І закрасуюць на ўвесь сьвет палі багатыя твае!

(„Новы Год“)

У гэтакіх словах характарызуе песьняр Ясакар 1917 год і пераход у новы 1918. І гэтая характарыстыка зусім справядлівая і адпаведная. Пачатак вялікае расейскае рэволюцыі у канцы 1917 году ўжо здаваўся толькі „вясновым сном“ а першыя песьні — папраўдзе былі песьнямі „першага каханьня“.

Жыцьцё, патаптаўшы ідэалы „веснавога сну“, — гатавала народу „шмат новых дзей і новы лёс“.

Перагаворы Расеі з Нямеччынай і яе саюзьнікамі аб замірэньні, што распачаліся з революцыяй 25 Кастрычніка няслі для Беларусі новыя путы і гэты мамэнт таксама знайшоў сабе адбітак у „Песьні Беларуса“ паэты Пётры Маслоўскага.

Гдзе ты падзелась, доля беларуса?
Ці ў лясох схавалась, ці у цёмным лузе;
Ці ў пушчы далёкай, ці ў рацэ глыбокай
Сьпіш на дне пад цінай, над густой асокай?
Цэлымі вякамі, ад пачатку сонца,
Ходзім мы, шукаем, блукаем бяз конца,
Ды ўсё выклікаем, мо‘ дзе адазвецца,
Моʻ і наш край родны шчасьцем ўскалыхнецца.
Дык — куды, дарэмна! Толькі крумкачамі
Ўсеяна дарога, цемень прад вачамі,
Каркае, гаўроніць круччо над зямлёю,
Жудасьць навявае над нашай душою…
Чулі мы — ах чулі! — ўсё благія весьці:
Новае ярмо нам налажылі несьці.
Землю родну дзеляць на кавалкі два:
Адзін — бярэ немец, а другі — Масква.

Гэткім спосабам міравая ўгода у Берэсьцю падзяліла Беларусь на дзьве часткі, з каторых кожная асобна ў свой час павінна была яшчэ дзяліцца на меньшыя кускі.

Жывое цела Беларусі рэзалася на часткі, стагнаў народ і… „воля“ — яму ня была "„Воляй“.

Берэсьцейская міравая ўгода не здаволіла, аднак, нікога, апрача немцаў, якія, перад падпісаньнем гэтае ўгоды, здолелі нанесьці яшчэ адну зьнявагу Беларусі, оккуповаўшы яе, на ўсход ад ваеннага фронту, аж па Дняпро і зрабіўшы такім спосабам падзел Беларусі на тры часткі: старая окупацыя, новая окупацыя і неокупованая Беларусь, астаўленая пад Расейскім урадам.

Падзел гэты, ня кажучы ўжо аб прынесенай ім страшэннай экономічнай руіне для краю, распыліў беларускія сілы, пабіўшы іх на тры группы, меўшыя зусім асобныя кірункі ува ўсіх асобных частках.

У сувязі з гэтым работа беларуская стрэла новыя труднасьці. Усё-ж яна не сунялася, а йшла далей, хоць рознымі кірункамі, але да адзінае пэўнае мэты: адбудовы Бацькаўшчыны.

І ось мы бачым паўстаньне новых беларускіх цэнтраў, як палітычных, так і культурных; бачым заснаваньне новых беларускіх часопісяў; бачым новае гуртаваньне сіл.

І хоць гэтыя цэнтры і былі разьдзеляны фронтамі і дэмаркацыйнымі лініямі, усё-ж яны мелі між сабой зносіны, хоць бы ў форме інформацыі, і мелі ўзаемны ўплыў.

К гэтаму часу мы бачым, што пачынаюць выходзіць, апрача даўнейшых часопісаў („Гоман“ — у Вільні, „Вольная Беларусь“ — у Менску), новыя газэты: „Дзянніца“ — у Маскве, „Чырвоны Шлях“ — у Пецярбурзе, „Беларускае Эхо“ — у Кіеве, „Беларускі Шлях“ — у Менску і інш.

Кожная з часопісяў мае свой асобны кірунак, сваю ідэолёгію, але ува ўсіх іх ёсьць „нешта“ і супольнае.

Гэтае „нешта“, што робіць гэтыя розныя кірункі супольнымі — ёсць нішто іншае, як сама Беларусь — Бацькаўшчына ўсіх гэных сыноў сваіх, згрупованых па розных цэнтрах.

Дзеля гэтага беларускія песьняры-паэты, друкуючы свае творы на страніцах памененых часопісаў, процілежных сабе кірункаў, даюць нам далей магчымасьць відзець адзін, супольны ім усім, абраз Беларусі з яе доляй-нядоляй.

Прыслухаймася-ж да гэных песьняў, якія чутны былі ў вадзін, болей-меней, час ува ўсіх гэных частках Беларусі.

Перш-на-перш з Вільні, цэнтру Беларусі старое оккупацыі, куды, з заняткам немцамі новае часткі Беларусі, даляцелі разам з звычайнымі весткамі і ідэі рэволюцыі, як звон магутны нясецца моцны кліч паэты Я. Монвіда: „Ўставай!“.

„Ударыў звон, панёсься кліч,
Магутны кліч ад краю ў край:
Усяк, хто сьпіць, ўставай! ўставай!
І распаляй народны зьніч!..
Чырвоны ў небе відаць знак —
То пачынаецца зара.
Спаць ў такі момант не пара!
Хай працірае вочы ўсяк!..
Бо трэба хату будаваць,
Трэба хутчэй рубаці зруб. —
Хто толькі жыў, хто йшчэ ня труп,
Ратуй сваю старонку маць!
Хоць ўсё трашчыць, валіцца ўзноў,
Работы з рук ты ня кідай!
Бо Беларусь — твой родны край,
Аддай яму свой пот і кроў…
Ударыў звон, пранёсься кліч,
Магутны кліч ад краю ў край,
Па сэрцах сьпячых быццам біч,
Ён сьцебануў: пара! ўставай!

Так, прыгнечаная трохгоднім уціскам нямецкага окупанта, Старая Беларусь з адвечнай Вільняй сваім духам чула, што блізіцца час яе асвабаджэньня, што „Воля“, — гэта сьвятое пачуцьцё вольнага жыцьця, неўзабаве надойдзе.

А ў той-жа час, Беларусь новае окупацыі, што відзела ўжо „вяснавы сон“ аб „Волі“, жыла ёю і страціла яе, б‘ецца як рыба аб лёд у думках аб утраце і нявыкарыстаньні гэтае волі.

Паэта Ясакар на страніцах „Вольнае Беларусі“ гэткую песьню снуе нам аб „Волі“:

„Над крываваю зямлёю
Хтось няшчасны шчасьця просіць.
Над крываваю зямлёю
Воля плача і галосіць:
„Эх, вы людзі, эх, вы, людзі,
„Што са мною вы зрабілі?
„Эх, вы людзі, эх, вы людзі, —
„Волю вы сваю згубілі!“
І ляціць на ўсе дарогі,
Сьляпых лірнікаў спаткае;
„Ой, чаму, чаму пад ногі
„Мяне кінулі? — пытае.
„Абліваючысь сьлязамі,
„Абліваючысь крывёю,
„Я ішла, ішла за вамі
„Прамяністаю сьцязёю,
„Я ішла на вашы згукі,
„Я ішла на вашы мукі, —
„Шлях быў цяжкі і вялікі“.
Воля сьлёзы разьлівае;
Сыпе жвір на русы — косы,
І жалобу надзявае,
Горка, жаласна галосе:
„Палячу я у шчыр боры,
„Дзе гудзяць матулі-сосны.
„Там над імі граюць зоры
„І узімы і увесны.
„Палячу на бурны рэкі,
„Што цякуць у даль на волі,
„Там на лузе чалавека
„Ня убачу я ніколі.
„Палячу у стэпы дзікі,
„Дзе цьвітуць на волі кветкі,
„Там нясуцца штушак зыкі
„Пад нябесныя паветкі“.
Воля падае ад болі
І цалуе жвір — каменьне.
„Спадзявалася я болей
„Ад людзкога пакаленьня.
„Нібы камень, іхні сэрцы,
„Іхні душы цёмна-мутны,
„І прарокаў іх, — паверце, -
„Шчыр жаданьні не магутны“…
Над крываваю зямлёю
Хтось няшчасны шчасьця просіць.
Над крываваю зямлёю
Воля плача і галосіць.

(„Плач Волі“).

Аднак, гэткія сумныя матывы, матывы роспачы, належаць толькі да першага ўражэньня па ўтраце „Волі“. У той час, калі па „старой окупацыі“ Беларусі разносіцца магутны кліч „Уставай!“, там, дзе народ ужо жыў вольна, дзе меў „вяснавы сон“, ня можа доўга трываць прыгнечаны настрой.

І ось, праз кароткі час перарыву, чуецца новая песьня, новыя адраджаючыя „Настроі“ песьняра Алеся Гаруна:

„Ці дзялю я свой сум з цішынёю,
Ці жартую з сябрамі над чарай,
Перад мысльлю таемна маёю
Неадступнай, назойлівай марай,
Як жывы, як-бы ўзяты з натуры,
Ўсё малюецца вобраз пануры;

Як калосьсе ў жытнім полі

стаяць людзі на раўніне;

Быццам вецер каласочкі, —

гэтак сум іх прыхіляе.

Ані шэпту! Часам толькі

маць-зямліца уздыхае:

„Ой, пагіне… Ўсё пагіне“!..
Захаваўшы сонца, ўкрылі

неба імглішчы і туманы;

Непагодай край, здаецца,

ад прадвеку той забраны;

І ня кліч яму ты долі:

гіне зык тут незваротна;

Замірае слова навет…

Ах, маркотна!
Ўсё мне вобраз цяжкі той здаецца,
Ці адзін, ці хаджу між людзей я…
Толькі-ж раптам, часамі прарвецца,
Бы шаленства якое, надзея:

З-пад сьвятых нябёс блакіту
Прамяніста сонца зьзяе
І дзяцей зямлі з нябыту
І з заніку піднімае.
І бядуе духам вольным
Той народ, што на раўніне
І жывець жыцьцём давольным…
— „Ён ня згіне! Ён ня згіне!“.
(„Ён ня згіне“…).

І ў гэты-ж самы час, у частцы Беларусі, якая асталася няокупованай пры Расеі, сярод тых беларусаў, якія былі раскіданы па ўсёй тэррыторыі Расейскага гаспадарства, чуюцца песьні навеяныя нібы-то абвешчанаю воляю для ўсіх жыхароў Расеі; ужо значна (хоць у аблудзе, на кароткі час) выжэй і лягчэй уздымаюцца грудзі і адвечна гаротнага беларуса:

Цішка Гартны ў сваім вершы — „Да працы“, гэты прызыў выражае досыць моцна і сьмела.

„Была пара — пара няволі —
Няхай-жа згіне яе сьлед!
Няхай ніхто ад нас ніколі
Ня дасьць ні капелькі патолі
Вярнуць да ей свабодны сьвет.

Прышла пара, калі народу
Праз сілу крэпкую яго
Патрэбна віць вянок свабоды,
Каваць дабро, братанства, згоду
Для сьвету белага ўсяго.

Вось той ад нас, хто ясна чуе,
Што ён ня раб, а вольны сын
Усіх народаў і краін —
Няхай гародзе моцны тын,
Фундамант волі хай муруе…

Найсільней аднак чуецца той прызыў да барацьбы за „Волю“, за здабыткі рэволюцыі прызыў найбольш па духу свайму падходзячы да прызываў Беларусі, „старое і новае окупацыі, — у песьні Цішкі Гартнага „Далакопам рэволюцыі“.

Далакопы, не сьпяшайце,
Зрана ямы не капайце,
Рэвалюц‘і не хавайце,
Не надзейцеся пакуль,
Што падзе яна ў знямозе
На ня пройдзенай дарозе
Пад дажджом варожых куль.
Пачакайце — не сьпяшэце,
Кірак гостра не тачэце
З сэрцам радым, што у дзьвер
Падаў стук вяковы вораг,
Што ў паветры ядны порах
Запаліў нямецкі зьвер.
Знайце тое, што свабоды
Ад працоўнага народу
Ня удасца адабраць.
Хто здабыў яе барбою,
Той заўсёды разам з ёю
Будзе щ бою уміраць…
Ах, ня можаце спыніцца,
Звыклі ўжо к зямлі хіліцца,
Хтось бадзёрыць ў гэты час!
Ну, капайце ж глыбей, шырэй —
Гэта будзе цёплы вырай,
Далакопы, там для вас.

У гэткіх словах чуецца народны адказ на окупацыю і ўціск нямецкага імпэрыялізму.

І за гэтым пэрыодам парываў, узноў мала-памалу надыходзіць час спакойнае творчае працы ў тых варунках, у якіх апынуўся ўвесь край, падзелены на часткі.

Жыцьцё стаяць ня можа: яно імчыцца сваім шляхам усё наперад і наперад. Новыя страніцы пішуцца дзень за днём гісторыі Беларусі — страніцы революцыі, страніцы будзённага жыцьця народу.

Узноў пачынаюць ліцца даўнейшыя жаласьлівыя песьні, „Песьні жальбы“ Беларусі, песьні прызыву да адраджэньня, песьні каханьня краю:

„Мой родны Край! Старонка сумная! —
За што Цябе любіць? — калі-б спытаўся хто, —
што адказаць, — ня ведаў сам бы я, —
скуль гэтая любоў, дзеля чаго? за што?…
Каменьне вострае крывава раніць ногі,
дрыжыць ў паветры плач старых бяроз…
Хаця мне жудасна, ня зыйду я з дарогі,
ня кіну край, гдзе я радзіўся, рос…
Старонка родная! На што Цябе любіці
і на ахвяру ўсё жыцьцё Табе даваць?
Ці-ж не ляпей пад іншым небам жыці,
забыць Цябе, пакінуць, родна Маць?…
Там гдзесь сады цьвітуць бяз мала праз год цэлы,
там неба сіняе, нямашака там хмар,
людзкія тамака здароўем дышуць целы
і абыймае дух мастацтва дзіўны чар…
Там Вінчі, Рафаэль, Анжэльлё, Тыцкан,
глядзяць памятнікі там горда ў неба выш; —
у нас — забыты ў полі дзесь курган
ды ля дарогі дрэмле стары падгніўшы крыж…
Твой, Беларусь, пачаўся Renaissance цяпер!
Хто ведае, што творыць Твой народ?!…
Хоць красак тут ня шмат, хоць край, як доля, шэр, —
зварухнуўшыся раз, дух пойдзе ўсё ўпярод…
І хоць з-за аблакоў пахмурна сьвеціць сонца,
і шчасьця-радасьці ня знойдзеш тут нідзе, —
загляне доля йшчэ і ў нашае ваконца,
і Кветка-Папараць яшчэ нам зацьвіце!…
(„Мой родны край“)?…

Гэтак пяе сваю песьню Беларусі паэта Я. Монвід.

За ім, быццам хочучы адказаць песьняру, што і ў Беларусі „сады цьвітуць“ і „неба сіняе“ бывае, другія паэты даюць колькі чародных абразкоў прыроднага хараства і багацьця краю.

Вось веснавы абразок Ф. Калінкі:

„Пукай, язьмін, пад ваконцам,
Ах, ужо час, ўжо час!
Бо вясёнка з цёплым сонцам
Ўжо прыйшла да нас.
Выпускай на сьвет лісточкі,
Сройся, стройся ў май!
Раскрывай-жа ляпясточкі —
Пчол, чмялёў ззывай.
Заклікай на баль-пацеху,
На салодкі мёд
Матылькоў, жучкоў з-пад стрэхаў
Цэлы карагод!
Разьлівай ў паветры пахі,
Ваб, чаруй усіх…
Неба ярка. Пяюць птахі, —
Сэрцу радасьць з іх.
(„Пукай, язьмін…“).

А вось іншы веснавы абразок паэты Ясакара:

„То ні сьнег, — то чарэмха цьвіце
Ў зялёным пахучым садочку.
То ні сьнег, — то бярозка расьце,
То ні сьнег, а сям‘я матылёчкаў.
То ні шоўк — гэта рунь пад гарой,
То вясны маладой арнамэнты.
То ні скарб дарагі над зямлёй —
То праменьняў блішчаць дыямэнты.
То ні одгукі струн залатых, —
То жаўронак чаруе ратаяў;
Ён у сьпевах вясновых, прастых
Хараство ніў-палёў усваляе.
І, здаецца, ні ўпершы разок
Гэта шчасьце даруеш нам, Божа,
Але вабіць вясновы дзянёк
І насыціцца вока ня можа…
Мая радасьць імчыць да нябёс.
Да бязмежных у далі паветак,
І раблюся я братам бяроз,
Ручаёў, матылькоў, кволых кветак.
Запалонен я рытман зямлі,
Загубіўся у ім, як пясчынка.
Не магу я ад чар адыйсьці,
Як ад дуба малая галінка.

(„Вясной“).

Гэты-ж самы пясьняр, захоплены чарамі веснавое прыроды, хоча пераказаць гэтае пачуцьцё ўсяму народу, прыпамінаючы яму, што вясна — гэта сьвята земляробаў і ратаёў.

„З яркім сонцам,
З пукам красак
Май да нас ідзець.
З зыкам птушак,
З коўдрай руні
Песьні нам пяець.
Гэй, багаты і убогі,
Куйце новыя нарогі
Са штыкоў, мячоў!
Заваюйце ў родным полі
Колас шчасьця, колас волі, —
Май да нас прыйшоў!
Земляробы і ратаі,
Ваша сьвята — сьвята Мая,
Сьвята ніў, палей,
Паласкі зямелькі-маці
Трэба пільна заараці,
Засяваць хутчэй!
Зарастуць травой магілы;
Мы адновім нашы сілы,
Адбудуем край.
Буйны колас закрасуе.
Беларусь уся хай чуе,
Што сьвяткуем Май!
(„Май“).

У гэты ж вянок хараства Беларусі ўплятае сваю кветку-песьню і Алесь Гарун.

„Ці-ж хутка люд наш бедны будзе
Народам моцным, вольным, слаўным,
Такім, каб ўсе прызналі людзі
Яго іным народам раўным?
На што пытацца? Сам сабой
Крыніца ён вады жывой;
І моцы шмат у той вадзе,
І тая моц не прападзе.
Народ — ні мы, ні чалавек, —
Яму нішто ні год, ні век,
Ні бой на сьмерць, ні гьнеў, ні зьдзек;
Народ — ні слабы чалавек.
Народ — крыніца. Шмат лам‘я
Кідала ворагаў сям‘я
Ў крыніцу тую, — цёк спыніць,
Каб жыцьце сьмерцю замяніць.
І ўсе дарма: з варожых пут
Народ ўстае, як нейкі цуд.
Нам трэба толькі лом адкінуць.
— Бярыся-ж той, хто ў працы жваў!
Ў народнай памяці ня згінуць
Іменьні тых, хто працаваў.

(„Народ“).

У гэткую народную моц верыць, аднак, ня толькі Алесь Гарун: у ягоных словах вера ўсяе Беларусі, што „Народ — ні слабы чалавек. Народ — Крыніца“.

І толькі верачы ў нявычэрпаннасьць гэтае „Крыніцы“ песьняр Язэп Беларус кліча:

„Беларусь, ты не загінеш,
Беларусь, ты не памрэш!
Волі — долі не пакінеш
Варагоў перамажэш.
Беларусь, ты маеш многа
Сёл, мястэчак, гарадоў
І дадуць яны даволі
За свабоду ваякоў.
З імі крыж свой цяжкі здымеш
Той нядолі, што нясеш. —
Беларусь, ты не загінеш,
Беларусь, ты не памрэш!
(„Да Беларусі“).

Сярод гэтых песьняў іншым напевам разносяцца песьні — „одгукі вайны“.

„Хрыстос васкрос!“ — калісь званы зьвінелі;
Званіцы ўсе цяпер асірацелі.
Няма званоў — на кулі пераліты,
Разносяць сьмерць на сьвет, жудой спавіты.
Ўвесь Божы сьвет напоўнены атрутай, —
То ня Хрыстос, а крыж Яго пакуты…
„Хрыстос васкрос!“ — то одгукі сталецьцяў,
Іх ў школе вучаць на‘т малыя дзеці.
Сьвят я словы — зык пустэлі дзікай,
Іх ня прымаюць у грамадзе вялікай.
.........
А мо‘ цяпер пасьля сусьветнай мукі,
Да брата брат працягне шчыра рукі
Ды шчыра скажа: „Годзе сьмерці, сьлёз!
Браты!.. Хрыстос васкрос!“

(***)

І сапраўды, здавалася-б, была пара сказаць: „Годзе сьмерці, сьлёз“!

Але вайна — рэзультат цэлага сьцягу ўсялякіх экономічна-політычных і гістарычных умоў ня можа так раптам зацерці сваіх сьлядоў. Яна ня можа вярнуць захопленых ахвяр, пралітых сьлёз і крыві, а таму ня можа й замяніць другімі, народжаных ёю, „песень вайны“.

Да таго ж вайна, зьліквідованая на фронце Беларусі Берэсьцейскай умовай, засталася ў поўнай сіле, нат‘яшчэ акрэпшы, на фронце Заходняе Эўропы і замянілася хатняй вайной на нашых палетках.

„Чаго плачаш маладзіца,
Чаму дробны сьлёзы льеш,
Чаго нудзіш? Адкажы мне,
Чаму песьняў не пяеш?
Помню я, бывала, зрана
Ў поле выйдзеш жыта жаць,
Запяеш, як птушка ў гаі,
Проста люба пастаяць.
Альбо раніцай да ўсходу
Па ваду к крыніцы йдзеш, —
Вецер з косамі гуляе,
А ты ўзноў сабе пяеш…
Так ад ўсходу да заходу
Чуў я голас мілы твой.
А цяпер, — чаму ты змоўкла?
Хто змуціў душы спакой?
Дзе падзеўся голас звонкі?
Дзе схавалася каса?
Скуль ўзялася на павеках
Крышталёвая сьляза?
(„Одгук вайны“).

Гэтак пытае ў сваёй песьні песьняр Невядомы, а другі песьняр — Захар Вехаць у іншай песьні дае яму адказ:

„Мазгі застываюць ад думак аб сьвеце,
На сэрцы — як камень ляжыць,
Бо шчасьце ня скора народу засьвеце
І прыдзецца доўга тужыць!
Вядома, што смутак ані не паможа, —
Ад сьлез нам які супакой?
Сьпяваў-бы вясёлую песьню я можа,
Дык дзе там да песьні такой!..
Настроіў я струны і песьню складаю,
Дык мысьлі, як цень, уцяклі,
І покуль на струны свае паглядаю,
Вось сьлёзы з вачэй пацяклі…
І цяжкія, горкія сьлёзы такія,
Што камень маглі-б прапаліць!
А што за карысьць, калі беды людзкія
І морам тых сьлёз не заліць?!

(„Сьлёзы“).

Новыя абставіны і ўклад жыцьця, яго няпэўнасьць, ставаўшая выразьней з кожным днём, зразумела кожнаму, магла выклікаць з глыбі душы толькі сумныя песьні аб долі Бацькаўшчыны.

Узноў ня выходзіць з галавы пытаньне калі-ж народ здабудзе сабе волю, каб самому быць „ўладарцам“ і гаспадаром свае зямлі.

„Зьядае крыўда нас ад веку,
Няма ні праўды, ні парадку,
Стаў чалавек зьвер чалавеку,
Труюць адзін другога звадкай.
Разьвёўся злосьці зьмей паганы,
На брата брата падбівае;
Расой чырвонаю паляны
Блішчаць, як тая кроў жывая.
Снуюцца людзі, як жывёла,
У ёрмы шыі нагібаюць,
А цьма — і там, і тут, наўкола,
Астатні дух трутні выймаюць.
Не ўскалыхне жыцьця віхура,
Не завагніцца сьвет нат цьмою;
Усё маўчыць, як ноч, панура,
Як пушча дзікая зімою.
Ані канца таму пракляцьцыі,
Ані сьвятла таго пачатку…
Калі ж ты, Бацькаўшчына-Маці,
Устанеш к новаму парадку?!
(„Крыўда“).

Такое вострае пытаньне кідае Янка Купала.

За ім Алесь Гарун, ўспамінаючы свой „Край няволі“, адкуль вярнуўся на Бацькаўшчыну пасьля цяжкіх гадоў ссылкі, жаліцца, быццам трацючы сваю веру ў лепшую будучыну, на тое, што ягоныя лятункі, ягоныя „сны шчасьця“, якія ён сьніў у гэным краю ў думках аб Беларусі, ня зьдзейсьніліся.

„Часам ноч бывае — воч не закрываю
Ня прыходзіць сон;
Бачу край далёкі, — сумны, адзінокі
Мне здаецца ён.
Бачу горы-скалы, ад людзей завалы,
Што душу гнялі;
Бачу тыя воды, па якім праз годы
Мае сны плылі,
Чуецца тайга мне, як на дзікім камню
Ад вякоў гудзе.
Песьні больш тужлівай, скаргі больш праўдзівай
Я ня чуў нідзе.
Дзён там шмат пражыта, цьма надзей разьбіта
У бязконцы зім.
Сколькі лятуценьняў, думак і натхненьняў
Пахавана ў ім!
Помню край далёкі… Сумны, адзінокі ..
Не магу забыць!
Дораг сумны гэны край, гдзе горы-сьцены,
Край, дзе шчасьце — сьніць.
(„Край няволі“).

Але аслабшую веру паэты, веру народу на лепшыя часы, падтрымоўвае сваймі песьнямі-прызывамі песьняр Цішка Гартны.

„Ці то бачыў, як па мору
Пойдуць хвалі чарадою?
Як ў сібірнейшым напору
Б‘юць у бераг ў час прыбою?

Мора пеніцца і зьліцца,
Нясупынна коціць валы,
Быццам з злосьцю хоча ўпіцца
Сілай моцнай сваёй у скалы,

Каб зьвярнуць усе цьвярдыні,
Ды разьбіць усе прашкоды,
Ды, разьліўшысь па раўніне,
Ўраз здаволіцца свабодай.

Але моцна стаяць скалы, —
Адбіваюць ўсе напоры
Буйных хваляў й дзікіх валаў,
Што іграе імі мора

Так і ты, таварыш мілы,
Будзь у жыцьцю нібы скала
І адважна, поўны сілы,
Ваюй з бураю-навалай.

Аб цьвярдню гордай волі
Разьбівай бяды напоры
І ў барбе за шчасьце — долю
Спыняй мора, зрывай горы.
(„Таварышу“).

А ў тон Гартнаму пяе і Якуб Колас:

„Не прасі, ня гнісь ніколі
Траўкаю пахілай:
Сам пружыны свае долі
Выкуй ўласнай сілай,
Бо хоць кажуць, што з паклону
Не баліць галоўка, —
Не ўважай: з ярма — прыгону
Выйшла гэта слоўка.
Не прасі, не спадзявайся
Ў жыцьцю на падмогу, —
Сам з нягодай барукайся,
Сам прабі дарогу:
Хоць памогуць табе людзі
Вышукаць дарогі,
А саб‘ешся, — ўзноў ты будзеш
Абіваць парогі.
Не масьціся к сільным, дружа,
Зьмейкаю-бярозкай,
Бо ня выйдзеш век з-пад гужа,
Згубіш вобраз боскі.
І ў людзей ты гонар страціш,
Ўсе цябе зракуцца:
Лепш зламацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца.
(***).

Сярод гэткай жыцьцёвай барацьбы, пад сьпеў магутных родных песьняў, Беларусь падыходзіла да канца 1918 году.

І хоць у гэты час узноў пачалі „грамадзіцца чорны хмары“, ўзноў з страшэнным гукам даносіўся гарматні гром і з Захаду і з Усходу, Беларускі народ верыў, што канец „сусьветнае“ завірухі блізіцца.

І з гэтаю вераю Беларусь, вуснамі паэты Ясакара, пяе сваю магутную прарочую песьню:

Грымяць дужа ўжо доўга вялікія бітвы,
Калышуць зямныя абшары;
Народы у зброях. Адна іх малітва —
Пагібель, руіны, пажары.
Гарматаў жаролы равуць і рагочуць;
Як драканы сьмерці, гранаты якочуць.
Мячы аб мячы зычна звоняць.
Валькірыі гімны страшэнныя твораць;
Ім гэніі жаху галосна утораць,
Віхор аб хаўтурах гамоніць.
Скрозь падаюць сілы, — ваяцкія сілы, —
Ў магілы…
Хай голад і холад, хай сьмерць ўсё руйнуе:
Натхненьне пабеды народы гартуе.
— Наперад! Наперад! — ня ведаюць жалю.
— Наперад! Наперад! — бо мала, бо мала.
— Наперад! Ратаі, пакіньце палеткі!
Хай людзі старыя, хай дробныя дзеткі
Матулю-зямлю засяваюць!
Народы ў акопах жывуць пад зямлёю,
Ваякі у моры сядзяць пад вадою,
Адважна ў паветры лунаюць.
Іх ведаюць думкі, і рукі, і сьпіны —
Руіны…
Здабытыя скарбы народаў вякамі
Вялікаму Марсу даюць у ахвяры;
Іх возяць па грунту, сплаўляюць морамі,
І нікне ўся праца людзкая, як мара,
І нішчацца груды багатых мэталаў,
Жывёле, расьлінам пагібель настала
І збожжу і пушчам усюды.
А весткі аб дзеях зусюль далятаюць, —
Што хвілю-мінуту. Аж сьвет задзіўляюць
Агнёвыя радзіо-цуды.
Хто хорам пякельным такім дырыжуе —
Кіруе?
.........
Час пройдзе. Ад гэтай вайны, гвалтаваньня
Астануцца толькі адны успаміны.
Заціхне навекі віхор руйнаваньня,
Вясновыя краскі атуляць даліны.
І людзі забудуць курганы-магілы,
І будуць карысна ужыты іх сілы
На шчасьце і згоду з натхненьнем.
Аб дзеях сучасных гісторык раскажа,
Загадку эпохі ён кемна развяжа
Прад новым людзкім пакаленьнем…
Сказ-песьню і лірнік спакойнага краю
Аб гэтым зайграе.

(„Вайна“).

Прароцтва гэтае ня доўга змусіла чакаць, бо пад цяжкім, апошнім напорам пасыпаліся ў грузы усе фундаманты нямецкага імпэрыалізму, захісталася Эўропэйская ваенная аднавага.

........

Сьціхаюць нянавісьць і злосьці.
Ваякі, — за косы, за плуг!
Бнорываць брацкія косьці,
Касіць акрываўлены луг!
Ня трэба патронаў, знарадаў —
Другі кожны знойдзе варстат,
Бо до‘ нацярпеліся здрадаў,
Замнога панесьлі мы страт!
Задорага вельмі купілі
Народы сабе супакой:
Крывёй бо стары сьвет абмылі,
Як бераг балотны ракой…
(„Коштам крыві“).

У гэткіх словах пяе Захар Вехаць повесьць революцыі ў Нямеччыне і адходную песьню нямецкім окупантам Беларусі.

Пасьля чатырохгодняга ўціску, пасьля чатырохгодняе вакханаліі, адбываўшаеся назбалелых, параненых грудзёх нашае Маці-Краіны, Яна, Беларусь, парэзаная на часткі, ўзноў злучаецца ў адно цэлае, жывучае цела, каб уваскросшы ня ўмерці больш.



VIII.

Сумны, няпрыглядны абраз нашае Бацькаўшчыны Беларусі прайшоў перад нашымі вачыма.

Сумныя, жаласьлівыя песьні чулі мы праходзячы праз Яе цярпялівае жыцьцё.

То родныя нашыя песьні, то думы нашыя.

Ня чураймася-ж іх!

Хай вялікія перажываньні нашае Бацькаўшчыны ў працягу прасьледжаных намі часоў загартуюць нашыя маладыя душы!

Хай тыя сілы, зложаныя Бацькаўшчынай нашай у ахвяру за лепшую долю і будучыну новых пакаленьняў, будуць тэй крыніцаю ажыўчай, адкуль павінны чэрпаць зерняты новыя сяўбіты.

А сіл тых многа зложана на аўтар Беларусі.

Песьняры нашыя клалі іх не шкадуючы, з поўнаю вераю, што іх месцы заступяць новыя сыны Беларусі, ўзгадаваныя іх думкамі, іх клічам.

Пойдзем тады іх сьледам, каб з поўным спакоем сумленьня, што мы зрабілі для Бацькаўшчыны ўсё, што павінны былі і маглі, спакойна злажыць на магілах „Беларусі найлепшых сіл“ наш, у думках сплецяны, вянок, як ад сябе паэта Ясакар злажыў ужо ім на „Задушкі“.

То ня зоркі у небе блішчаць і міргаюць,
То ня сьвецяць ў начы па траве светлякі, —
То васковыя сьвечкі народ запаляець,
На магілках дрыжаць аганькі, аганькі…

Душу чалавека агонь азначае,
Душу чалавека агонь выклікае.
О, шмат, вельмі шмат сьвечак-зор прынясьлі,
О, шмат, вельмі шмат сьпіць людзей у зямлі…

На Задушкі прыходзяць у госьці жывыя
Да памёршых сваіх выліць скаргі душы,
Доўга слухаюць плачу магілкі нямыя,
Доўга слухаюць плачу каменьне, крыжы…
Пайсьці не магу я на родны магілы,
Дзе сьпяць Беларусі найлепшыя сілы.
На нашай зямлі вельмі шмат курганоў
Дзе многа лягло нашых родных сыноў.
Па іх вецер асеньні і стогне і плача,
Вакол чорнай сям‘ёю крычыць вараньнё…
Ты ня знаеш дзе сын твой, о, бацька-бядача,
Ты ня ведаеш, маць, дзе дзіцятка тваё…


∗     ∗

У душы і у сэрцы бы зоркі зіяюць,
То цені памёршых у поўнач лунаюць.
Зьяўляюцца мне з адзінокіх магіл, —
Я бачу усіх, хто душы маёй міл…


∗     ∗

Па сьветлай сьцежцы ў цішыне
Прыходзяць цені да мяне.
І кожны кажа:
„Сьцежкай гэтай
Ідзі да лепшай долі-мэты.
Працуй на шчасьце свайго краю,
Будзі мазольнага ратая.
Няхай ён новы лёс куець,
На праўды шлях няхай ідзець…“


∗     ∗

Вось Палуян, пінчук удалы,
Яго лясэ узгадавалі.
Яму шапталі свае казкі,
Яму дарылі свае ласкі
Палесься родныя лугі,
Вазёры срэбныя, стагі.
У душы палаў агонь зары,
Канец знайшоў ён без пары…
Шукаў сялянам лепшай долі,
Як кветка зрэзаная ў полі,
Што ветрам носіцца ў абшары,
Яго насілі сьветлы мары.
І украінскі дзед-кабзар
Пазваў яго ў стапоў абшар.
І вось у Кіеўскай зямлі
Ен скрыдлы паламаў свае…


∗     ∗

Лявон Гмырак, з душой магутнай,
Любіў бяз мер свой край пакутны.
Сасонка Віленшчыны сумнай,
Дзіця Вяльлі, ракі задумнай.
Хацеў разсеяць ён туман,
Хацеў ён волі для сялян.
Сьвятлейшых, лепшых, шчасных дзён
Жадаў для брата свайго ён.

А лёс вайны шалёнай, дзікай,
Што абхапіў ўвесь сьвет вялікі,
У вір крывавы, вір чырвоны
Ўцягнуў бязлітасна Лявона.

І на крывавых тых палёх
У бітвах Ковенскіх ён лёг.
Цяпер у магіле брацкай сьпіць,
Аб родным краю толькі сьніць…

Вось перша ластаўка вяснова, —
То наша Цётка, Кейрысова;
Жыла з народам й для народу
Цярпела жыцьця непагоды,

Будзіла песьнямі наш край:
Іх слухаў луг, іх слухаў гай,
Іх знае поле, расьцяроб,
Іх знае кожны земляроб.

У песьнях Цёткі стогн бяз конца
Аб волі ў роднай у старонцы.
Замоўклі сьпевы і званы
У часе жудаснай вайны

Пры хворых тыфусам была,
У байраку Цётка сьмерць знайшла…


∗     ∗

Вось Багдановіч, наш паэта,
Як зорка ясна, як камэта,
Із Яраслаўля дзіўным зьяньнем
Сьвяціў нам шчырым закаханьнем
Да роднай мовы да сваей,
Да запрацованых людзей.

Яго цудоўны лірны звон
Аб славе нашых старых дзён
Нас чараваў гармоньяй дзіўнай,
Прыгожым рытмам пераліўным,
Ён нам тлумачыў бязупынна
Пякноты роднае краіны.

А сэрца хворае яго
Знайсьці спакою не магло, —
Паехаў ў Ялту супачыць,
Там перарвалась жыцьця ніць…



∗     ∗

Ігнат Буйніцкі, наш артыста,
Гарачым сэрцам і агністым
Мастацтву роднаму адданы,
Каханы ўсімі і жаданы,
На сцэне маляваў жыцьцё
Народу беднага свайго.
Нам паказаў ў жывой ігры
Наш беларускі быт стары.
Ён нам тлумачыў дух народны,
Яскравасьць пекнай мовы роднай
І прымушаў усіх кахаці
Свой родны край, гаротну маці.
І так вялічылась сям‘я,
Што йшла да лепшага быцьця.
Магільным сном заснуў Ігнат,
Замнога, Божа, маем страт!


∗     ∗

Вось Каганец, наш сівы тата,
Душою сьветлаю багаты,
Ён быў для нас магутнай вежай
У цёмнай пушчы Белавежа.
Старыя замчышчы князёў,
І сьпевы жнеяк, ратаёў
Ён нам у творах маляваў
І гімны сьмелыя каваў.
Ён ажыўляў лугі, даліны;
Пры ім і траўкі і жывіны,
Канаўкі, крушні, рэчкі, нівы
Нам гаварылі свае дзівы.
А раптам, о, няшчасны лёс,
Пайшоў песьняр наш да нябёс…
І пушча Белавежа сьпіць,
Ня хоча казак гаварыць…


∗     ∗

Яшчэ адзін дзяцюк вясковы.
Любіў ён хвойкі, сад вішнёвы,
Любіў зялёныя галінкі, —
Наш малады песьняр, Калінка.
Паэту быў бярэзьнік міл,
Быў Божым домам небасхіл…
Вясной пралескі ў лесе рваў,
З жаўронкам песьні ён сьпяваў.
О, дзе ты, верны, шчыры дружа?
Я па табе сумую дужа…
Ці толькі ў лесе прытаіўся?
Чаму са мною разлучыўся?
Ты часта вершы мне чытаў,
Майго прысуду знаць жадаў.
Ты сьпіш… Навекі сьпіш ў зямлі.
Маць сьлёзы лье у тры руччы…


∗     ∗

І доўга а ціхай паўночы,
У вільгаці змрочных лугоў,
Блішчаць ценяў сумныя вочы
Ля цёмных лясных берагоў.
Як зоркі у небе мялькаюць,
Як іскры купальскіх агнёў,
Бы кветкі ў палёх расьцьвітаюць,
Бы кветкі вясной каля пнёў.
Іх фарбы — вясёлкавы фарбы —
Блішчаць сяміцьветным вянком.
Як скарбы, паўночныя скарбы,
Што з‘яюць над жоўтым пяском.
І плача асеньняе неба
І буйным дажджом сьлёзы лье.
І мокне сялянская глеба,
Бор сумныя песьні пяе…


∗     ∗

О, сьпіце ў магілах, о, сьпіце,
Аб шчасьці сны добрыя сьніце.
А вашы змаганьні за волю
Наш край не забудзе ніколі!



 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.