Беларусь у песьнях (1920)/Задушкі

Задушкі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1920 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Задушкі (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




То ня зоркі у небе блішчаць і міргаюць,
То ня сьвецяць ў начы па траве светлякі, —
То васковыя сьвечкі народ запаляець,
На магілках дрыжаць аганькі, аганькі…

Душу чалавека агонь азначае,
Душу чалавека агонь выклікае.
О, шмат, вельмі шмат сьвечак-зор прынясьлі,
О, шмат, вельмі шмат сьпіць людзей у зямлі…

На Задушкі прыходзяць у госьці жывыя
Да памёршых сваіх выліць скаргі душы,
Доўга слухаюць плачу магілкі нямыя,
Доўга слухаюць плачу каменьне, крыжы…
Пайсьці не магу я на родны магілы,
Дзе сьпяць Беларусі найлепшыя сілы.
На нашай зямлі вельмі шмат курганоў
Дзе многа лягло нашых родных сыноў.
Па іх вецер асеньні і стогне і плача,
Вакол чорнай сям‘ёю крычыць вараньнё…
Ты ня знаеш дзе сын твой, о, бацька-бядача,
Ты ня ведаеш, маць, дзе дзіцятка тваё…


∗     ∗

У душы і у сэрцы бы зоркі зіяюць,
То цені памёршых у поўнач лунаюць.
Зьяўляюцца мне з адзінокіх магіл, —
Я бачу усіх, хто душы маёй міл…


∗     ∗

Па сьветлай сьцежцы ў цішыне
Прыходзяць цені да мяне.
І кожны кажа:
„Сьцежкай гэтай
Ідзі да лепшай долі-мэты.
Працуй на шчасьце свайго краю,
Будзі мазольнага ратая.
Няхай ён новы лёс куець,
На праўды шлях няхай ідзець…“


∗     ∗

Вось Палуян, пінчук удалы,
Яго лясэ узгадавалі.
Яму шапталі свае казкі,
Яму дарылі свае ласкі
Палесься родныя лугі,
Вазёры срэбныя, стагі.
У душы палаў агонь зары,
Канец знайшоў ён без пары…
Шукаў сялянам лепшай долі,
Як кветка зрэзаная ў полі,
Што ветрам носіцца ў абшары,
Яго насілі сьветлы мары.
І украінскі дзед-кабзар
Пазваў яго ў стапоў абшар.
І вось у Кіеўскай зямлі
Ен скрыдлы паламаў свае…


∗     ∗

Лявон Гмырак, з душой магутнай,
Любіў бяз мер свой край пакутны.
Сасонка Віленшчыны сумнай,
Дзіця Вяльлі, ракі задумнай.
Хацеў разсеяць ён туман,
Хацеў ён волі для сялян.
Сьвятлейшых, лепшых, шчасных дзён
Жадаў для брата свайго ён.

А лёс вайны шалёнай, дзікай,
Што абхапіў ўвесь сьвет вялікі,
У вір крывавы, вір чырвоны
Ўцягнуў бязлітасна Лявона.

І на крывавых тых палёх
У бітвах Ковенскіх ён лёг.
Цяпер у магіле брацкай сьпіць,
Аб родным краю толькі сьніць…

Вось перша ластаўка вяснова, —
То наша Цётка, Кейрысова;
Жыла з народам й для народу
Цярпела жыцьця непагоды,

Будзіла песьнямі наш край:
Іх слухаў луг, іх слухаў гай,
Іх знае поле, расьцяроб,
Іх знае кожны земляроб.

У песьнях Цёткі стогн бяз конца
Аб волі ў роднай у старонцы.
Замоўклі сьпевы і званы
У часе жудаснай вайны

Пры хворых тыфусам была,
У байраку Цётка сьмерць знайшла…


∗     ∗

Вось Багдановіч, наш паэта,
Як зорка ясна, як камэта,
Із Яраслаўля дзіўным зьяньнем
Сьвяціў нам шчырым закаханьнем
Да роднай мовы да сваей,
Да запрацованых людзей.

Яго цудоўны лірны звон
Аб славе нашых старых дзён
Нас чараваў гармоньяй дзіўнай,
Прыгожым рытмам пераліўным,
Ён нам тлумачыў бязупынна
Пякноты роднае краіны.

А сэрца хворае яго
Знайсьці спакою не магло, —
Паехаў ў Ялту супачыць,
Там перарвалась жыцьця ніць…



∗     ∗

Ігнат Буйніцкі, наш артыста,
Гарачым сэрцам і агністым
Мастацтву роднаму адданы,
Каханы ўсімі і жаданы,
На сцэне маляваў жыцьцё
Народу беднага свайго.
Нам паказаў ў жывой ігры
Наш беларускі быт стары.
Ён нам тлумачыў дух народны,
Яскравасьць пекнай мовы роднай
І прымушаў усіх кахаці
Свой родны край, гаротну маці.
І так вялічылась сям‘я,
Што йшла да лепшага быцьця.
Магільным сном заснуў Ігнат,
Замнога, Божа, маем страт!


∗     ∗

Вось Каганец, наш сівы тата,
Душою сьветлаю багаты,
Ён быў для нас магутнай вежай
У цёмнай пушчы Белавежа.
Старыя замчышчы князёў,
І сьпевы жнеяк, ратаёў
Ён нам у творах маляваў
І гімны сьмелыя каваў.
Ён ажыўляў лугі, даліны;
Пры ім і траўкі і жывіны,
Канаўкі, крушні, рэчкі, нівы
Нам гаварылі свае дзівы.
А раптам, о, няшчасны лёс,
Пайшоў песьняр наш да нябёс…
І пушча Белавежа сьпіць,
Ня хоча казак гаварыць…


∗     ∗

Яшчэ адзін дзяцюк вясковы.
Любіў ён хвойкі, сад вішнёвы,
Любіў зялёныя галінкі, —
Наш малады песьняр, Калінка.
Паэту быў бярэзьнік міл,
Быў Божым домам небасхіл…
Вясной пралескі ў лесе рваў,
З жаўронкам песьні ён сьпяваў.
О, дзе ты, верны, шчыры дружа?
Я па табе сумую дужа…
Ці толькі ў лесе прытаіўся?
Чаму са мною разлучыўся?
Ты часта вершы мне чытаў,
Майго прысуду знаць жадаў.
Ты сьпіш… Навекі сьпіш ў зямлі.
Маць сьлёзы лье у тры руччы…


∗     ∗

І доўга а ціхай паўночы,
У вільгаці змрочных лугоў,
Блішчаць ценяў сумныя вочы
Ля цёмных лясных берагоў.
Як зоркі у небе мялькаюць,
Як іскры купальскіх агнёў,
Бы кветкі ў палёх расьцьвітаюць,
Бы кветкі вясной каля пнёў.
Іх фарбы — вясёлкавы фарбы —
Блішчаць сяміцьветным вянком.
Як скарбы, паўночныя скарбы,
Што з‘яюць над жоўтым пяском.
І плача асеньняе неба
І буйным дажджом сьлёзы лье.
І мокне сялянская глеба,
Бор сумныя песьні пяе…


∗     ∗

О, сьпіце ў магілах, о, сьпіце,
Аб шчасьці сны добрыя сьніце.
А вашы змаганьні за волю
Наш край не забудзе ніколі!