Ідзе ў цьме,
у пакрыўджанай грамадзе.
Яднаючы ў паток веснавы
дзяцей катаваных рабоў
ідзе праз галовы зьмей,
ідзе праз кроў,
праз руіны, равы —
з мальбой і гневам
кіпучым, сьвятым,
… З пажарышч узьнімаецца ахвярны дым.
„Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня будзем“…
— Братка, а можа мы блудзім!?
Заскомлілі цені, смоўжы і маскі:
— Ай, стойце каравыя хамы!
Вы топчыце шчапы нашы, краскі.
Вы глушыце ўрачыстыя гамы
ў чэсьць сытага супакою.
— О, Божа, не карай нас вайною!
На пралом, наперад ідзе,
як крыга па мутнай вадзе.
Хвалююцца белыя сьвідкі,
змываючы каінаў грэх брыдкі, выкідаючы на бераг трэскі-разьбіткі
ад карабля дзяржаўнага ката…
— — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —
„Чаму-ж мне ня пець,
„Чаму-ж ня гудзець…
— Ціха ты, квактуха, чубата.
Бачыш, вунь за вуглом цікуецца,
адзеўшыся за нашага брата
і усё з панам таргуецца,
і вярзець: „Дажджом і мы свайго сьвята!“
— Здрада! Здрада!
— Прадажнасьць! Сувязь адступніка гада,
з трупам блудніцы прадажнай,
родам з шляхты лішне важнай.
Ух, як жа сівер лютуе,
Як ледзяніць… Няўжо прапачуе
ён з намі ў труднай дарозе?
Няўжо ў трывозе,
як у попеле шэрым,
згасьне іскра надзеі і веры?
Няўжо над кнеямі сьвежымі,
над зьлітымі крывёй межамі
будзе каркач толькі крумкач,
будзе на варце стаяць буржуй?
— Беларусь, ня плач!
— Беларусь, ня журбуй!
— Чуеш, Твой баян вяшчуе, Чуеш, Твой яздак бунтуе
вёскі, вёскі, гарады.
Дзе шчыт яго чырванея,
дык стары там маладзея,
а сталеець малады.
„Мы дружна ўстанем з касамі, сярпамі,
„Прагонім зямлі палачоў.
Устаюць, устаюць, гудуць раямі.
Ударнымі хвалямі шыраць круг берагоў
аж за Дзьвінск, за Палескія разлогі,
пад Смаленск, пад Буг руйнуючы астрогі.
— — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —
Ха — ха — ха! А вунь наш прыганяты
з воўчым норавам, з доўгімі рукамі,
прагавітымі вачамі
пры парозе нашай Хаты,
нашага Вялікадня і Спаса.
стаіць вінаваты
і узіраецца ласа
на нашае сьвята.
|