Вечарынка у калгасе,
У „Чырвоным Аратаю“, —
Прышлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,
Прышлі Зосі, Стасі, Касі,
І гармонік грае, грае.
Прышлі з поля, з гаспадаркі,
Клуб напоўніўшы да краю,
Брыгадзіры і даяркі,
Брыгадзіркі і свінаркі,
А гармонік грае, грае.
Ходам ходзяць гаспадыні —
Маладая і старая, —
Зіна шэпча штось Мальвіне,
А Мальвіна шэпча Зіне,
А гармонік грае, грае.
Захапіўшы ў першай пары
Янка Маньку, Юрка Раю,
Даюць дыхту, даюць жару,
„Сербіянку“, „Польку“, шпараць,
А гармонік грае, грае.
За сталом ідзе бяседа
Аб жыцці, аб ураджаі,
П‘е суседка да суседа,
Хто не снедаў, тут даснедаў,
А гармонік грае, грае.
Ночка сходзіць, сонца ўсходзіць,
І дамоў было-б пара ім,
А скакаць яшчэ не годзе,
Яшчэ танец на расходзе,
А гармонік грае, грае.
Во й начлежнікі з начлегу,
Як-бы хто ім там нараіў,
Закаціліся з разбегу
І пайшлі у скок шарэгай,
А гармонік грае, грае.
Весяліся, ганарыся,
Мой „Чырвоны Аратаю!“
Скварка плавае у місе,
У шаўку скача Марыся,
І гармонік грае, грае.
|