Новая восень Госці
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Вечарынка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Госці (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГОСЦІ

Ка мне у госці з прывітаннем шчырым
І з песнямі калгаснікі прышлі.
Сам старшыня прышоў і брыгадзіры,
Настаўніца, даяркі й пастухі.

А з падарункамі прышлі у госці
Зямлі абноўленай гаспадары:
Пірог пшанічны, кветкі, лёну горсці,
На стол паклалі й мёду пляйстары.

І селі мы з павагай дзіўнай нейкай
За стол, дзе быў пірог і лён і мёд…
За хатай заліваўся салавейка.
Гудзеў над хатай гулкі самалёт.

Такога гонару не меў ніколі,
Як я на гэтае зямлі жыву,
Каб так віталі мяне хлебам-соляй
І то не ў сне якім, а наяву.

Памалу гутарку мы распачалі,
А шмат аб чым пагутарыць было:
І пра сягонешнія ў сонцы далі,
І як даўней жыло-было сяло.

Пра нашы гаварылі зімы, вёсны,
Пра добры ураджай і працадні…
За вокнамі шумелі згодна сосны,
Начлежнікі разводзілі агні.

… Здаём належнае сваёй дзяржаве,
Дарогі ладзім, лес на сплаў вязём.
Жывём заможнікамі ў самай справе,
Як трэслі, не трасём рыззём.

— Загаціць — кажуць далей, — трэба рэчку,
Каб возера было, каб быў і млын,
Каб і ў хлявы каровам і авечкам
Сама вада пайшла ўгару з нізін.

І кажуць: — школа ў нас чатырохлетка,
Дзесяцілеткай трэба: каб была,
Каб нашым здольным працавітым дзеткам
Далей вучыцца сцежка пралягла.

Ды шмат аб чым яшчэ мы гаманілі,
А больш за ўсё аб дасягненнях тых…
Спрасоння певень недзе хлопнуў крыллем,
На неба ўсходзіў месяц залаты.

Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты
Пад музыку пусціліся скакаць…
Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты.
Было нам весела, што і казаць!

І госці вышлі. Ціша наступіла.
Тут адна думка ўзбегла мне на яў:
Калгаснікам адвагі нехапіла
Прасіць, каб песню аб калгасе склаў.

Ляўкі. Аршаншчына.
Чэрвень 1935 г.