Беларусі ордэнаноснай (1937)/Летапіснае

Забытая карчма Летапіснае
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
З угодкавых настрояў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летапіснае.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕТАПІСНАЕ

Прысвячаю дзесяцігоддзю БССР

На магілах ваякаў,
Што ляглі за советы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
І ўсяму свеціш свету.
............
Былі годы няволі,
Былі жудкія годы,
Людзі ў ёрмах марнелі
Без шчаслівай прыгоды.

Вораг польскі і рускі
Шчыра множыў курганы, —
Не было Беларусі,
Толькі быў „Край забраны“.

Расіяне, палякі
Ды французы, і шведы
Беларускай крывёю
Палівалі край гэты.

Былі жудкія годы,
Яшчэ горшых даждалі,
Як вайны усясветнай
Пракаціліся хвалі.

Бітву ўзнялі цараты
За таляры і троны,
Безліч кінуўшы люду
Ў прадсмяротныя стогны.

І пакрылі руінай
Нашы землі і хаты,
А народ зрабавалі,
Як разбойнікі-каты.

… Што за хмара такая
Пхнецца, як вокам кінуць. —
Беларускі люд бедны
Пабрыў „бежанцамі“ гінуць.

Рэволюцыя. Воля.
Верх узяў пролетарый…
Беларусь, як жабрачка,
Брыдзе з „бежанства“ хмарай —

Сцяг чырвоны над Менскам,
А з ім — гімн міжнародны…
Абвяшчэнне советаў:
БССР быць свабоднай…

А паляку не спіцца,
З боем прэцца, як змора;
Яму панскую Польшчу
Дай „ад мора да мора“.

Арол белы над Менскам,
А з ім польскія дары:
Катаванні, пагромы,
Шыбяніцы, пажары.

Адступіў ўрэшце вораг,
Але ў спадках пакінуў
Папялішчы ў сталіцы
І руіны, і руіны…

А далей, як-бы мала
Ўсіх гэтых няшчасцяў:
Рыжскі мір перарэзаў
Беларусь на дзве часці.

З слупамі з арламі
Беларусы пад панам,
Далей ёрмы валочуць,
Звоняць гулка ў кайданы.
............
На магілах ваякаў,
Што ляглі за советы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
І ўсяму свеціш свету.
............
Беларусь, маё сэрца,
Залатая краіна,
Як нявольнік з няволі,
Паўстаеш ты з руінаў.

За будынкам будынак,
Як той лес узрастае,
І замежны парадак,
Як лазою, хістаеш.

Ты прывабіш сабою,
Сваім ладам зарнічным
Беларусь з-пад прыгону,
З-за слупоў пагранічных.

Безаглядна, няспынна,
З маладняцкім разгонам
Думкі новыя й долю
Нясеш нашым загонам.

Зарунеюць палеткі
Рунню буйнай, сачыстай,
Людзі працу ўшануюць
Беспрыгонна, ўрачыста.

Нацыянальная сварка
Ўжо ў нас месца не знойдзе, —
Чалавек чалавеку
Будзе братам папраўдзе.

А гудкі і жалейкі
Тваіх местаў і сёлаў
Запяюць адназгодна,
Пераможна, вясёла.

І ніхто ўжо не зможа
Ані ў якай прыгодзе
Налажыць табе путы,
Беларускі народзе.
............
На магілах ваякаў,
Што ляглі за советы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
І ўсяму свеціш свету.

Менск, снежань 1928.