Беларусі ордэнаноснай (1937)/Паязджане

Званы Паязджане
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Буралом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паязджане.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЯЗДЖАНЕ

Распаўзлася па абшары
Сцюжным пухам, сцюжнай марай
Папаўзуха-завіруха —
Злога духа злыбядуха.

Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыння,
Як у вечнай дамавіне.

Як у моры, ў белым снегу,
Без днявання, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў беспрыстанне
Едуць, едуць паязджане.

Едуць, едуць, ані следу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасвету, ні надзеі,
Ўсё ў зацмішчы, ўсё ў завеі.

Папаўзуха-завіруха
Шэпча, шэпча штось да вуха
Аб музыцы-дудаграі,
Аб пшанічным караваі.

Снежным надзячы начлегам,
Пасыпае сном і снегам,
Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,
Зазірае патарочай.

Маладога к маладусе,
Свата к свацці-пасядусе,
Да закосніцы закосню
Жах прытульна прыкаросніў.

Прытуліліся, як дзеці,
Як галубкі на рассвеце,
Як нішто ні знаць, ні ведаць,
І ўсё едуць, едуць, едуць.

А над імі збеядуха,
Папаўзуха-завіруха,
Снежнай хістаючы вехай,
Захліпаецца ад смеху.

27/XII-18 г.