Спадчына Песня (Як крыніца, льецца, рвецца)
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Сонцу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песня (Як крыніца, льецца, рвецца…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСНЯ

Як крыніца, льецца, рвецца
З сэрца песня ў свет, за светы;
Светла йскрыцца, рэхам прэцца,
Тутка, тамка, дзе я, дзе ты…

Скрозь гамоніць, звоніць звонка,
З сэрца ў сэрца б‘е, ірдзіцца,
То ўжо ў хаце, то ўжо вонках
Маладзіцца маладзіцай.

Скочыць к сонейку, ўсхахоча,
Пацалуецца лісліва;
Ясну-месячыку ў вочы
Зіркане тугой тужлівай.

Стрэціць зорку-зараніцу,
Праслязіцца з ёй слязою
І сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою,

Ў полі здольна з ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе,
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.

Ў лесе лісцем зашалесце,
З птушкай птушкай зашчабеча,
Па пуціне кіне весці
Суму, шчасця хаце нейчай.

І лунае, так лунае
Гэта песня па ўсім свеце,
Плоту, путаў ані знае
Ад сталецця да сталецця!

29/X-18 г.