„Хай смутак вачэй тваіх добрых ня росіць Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход…“(З пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну.)
Табе, правадыр, мае песні і думы
І шчырыя шчырага сэрца парывы!
Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы.
Бо хто калі думаў, што я жыці буду,
Як птушка, як вецер над нівай квяцістай,
І дзівам дзівіцца вялікаму цуду,
Што вокал мяне так цудне ўрачыста.
Што ты, правадыр, нібы яснае сонца,
Мне вочы адкрыеш на землі і неба…
Свяціся-ж ты, сонца, ў маё век аконца!
Вітаю цябе я і соллю і хлебам!
Выходзяць на поле плугі,
Ўзнімаюць плугі дзірваны.
Ні пана няма, ні слугі,
Не гоняць народ бізуны.
Зярняты свабодны сявец
З сяўні сее ў пульхны загон.
Махае касою касец,
Пазбыўшы галодны прыгон.
Шасцяць у калоссі сярпы,
Сцяною дабро залягло,
Кладуцца снапы у снапы, —
Такога жніва не было.
Звініць песня ў полі, звініць,
Уторыць сярпу і касе,
Бурліцца вадзіца з крыніц,
Купаецца сонца ў расе.
Цвіце, каласіцца мой край,
Ці сонейка захад, ці ўсход.
Спявай, маё шчасце, спявай!
Спявай, беларускі народ!
Табе, правадыр, мае песні і думы
І шчырыя шчырага сэрца парывы!
Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы.
Зірнуць-жа на годы, на час мой мінулы,
На край, адкуль веяла цемрай, трывогай,
Дзе люд катавалі ўраздроб і агулам.
Дзе блукала крыўда ўтаптанай дарогай.
Туман засцілаў людзям душы і вочы,
З туманаў тарчэлі гарбатыя плечы.
І думаў — канца не дазнаць гэтай ночы,
І думаў — не зведаць шляхоў чалавечых.
Ты мудры прышоў, правадыр:
Апалі туманы, імгла,
Па свеце і ўдоўжкі і ўшыр
Шчаслівая слава пайшла.
З туманаў, з імглы, з цемнаты
Паўстала краіна мая.
А быў-жа туман той густы,
Была-ж доля — злая змяя!
Паўстала радзіма. Замок
Няволі зламала навек,
Надзела з пралесак вянок
І слёзы сагнала з павек.
Глядзіш — для яе, маладой,
Ткуць кросны, атласы, шаўкі,
Паважнаю ходзіць хадой,
Шуршаць залатыя пяскі.
Цвіце, каласіцца мой край.
Ці сонейка захад, ці ўсход,
Спявай, маё шчасце, спявай!
Спявай, беларускі народ!
Табе, правадыр, мае песні і думы
І шчырыя шчырага сэрца парывы!
Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы.
Што гэткае ўстане жыццё прада мною —
Маё і маёй раскаванай радзімы,
Што справы тваіх дум адна за адною
Так зменяць удала мне вёснамі зімы!
Глядзяць мае вочы і вокала бачаць,
Як дзіва за дзівам ідзе ў нашы хаты,
І слухаюць вушы гул песень юначых,
І цешыцца сэрца з вялікага свята.
Іскрыцца пад молатам сталь,
А молат не біў так калісь.
А гордыя сокалы ўдаль!..
А гордыя сокалы ўвысь!..
Па моры плывуць караблі,
Плывуць паміж рыфаў і скал.
А рэчкі іначай ляглі,
А лёг за каналам канал.
Дзе вечная пустка была,
Там горад паўстаў і расце,
А стужкай чыгунка лягла,
Дзе ўчора стаяў лес яшчэ.
Агні, аганькі дзе зірнеш, —
Не страшны канавы і вір…
То свецяць, не знаючы меж,
Паходні твае, правадыр.
Цвіці-ж, каласуйся, мой край,
Ці сонейка захад, ці ўсход!
Аб Сталіне песні спявай,
Спявай, беларускі народ!
Табе, правадыр, мае песні і думы
І шчырыя шчырага сэрца парывы!
Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы.
Тваіх, правадыр мой, законаў асновы,
Тваёй Канстытуцыі мудрыя сказы,
Змятуць асляпленне, пакрышаць аковы,
Аковы, дзе йшчэ звоняць трупнай заразай.
Ісці ўперад будуць вякі, пакаленні,
Законы-ж твае, нібы светыч нязгаслы,
Шляхі асвятляюць будуць светлым імкненням,
Знішчаць рабаўласніцтва трухлыя праслы.
Шчаслівы набліжыцца век,
І над чалавекам ужо
Не будзе стаяць чалавек
Гадзюкаю, п‘яўкай, смаўжом.
Не стане тых меж і граніц,
Што дзеляць народы сабой,
Заціхнуць гарматы байніц,
Не ўгнояцца нівы крывёй.
Не будзе, не будзе тады
Вайны, калатні між людзей;
Дзяўчына, юнак малады
Не зложаць без часу касцей.
На шчасце, на радасці ўзлёт
Збуцвелы разваліцца тын,
Адчыняцца дзверы варот
Да працы, да веды вышынь.
Цвіці-ж, каласуйся, мой край,
Ці сонейка захад, ці ўсход!
Аб Сталіне песні спявай,
Спявай, беларускі народ!
Табе, правадыр, мае песні і думы,
І шчырыя шчырага сэрца парывы!
Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы…
Што яваю станецца сон міліёнаў,
Цудоўныя казкі ў жыццё ператворыш,
Абсееш пасевам жывучым загоны
І сцежкі намеціш да сонца і зораў.
На небе — шлях млечны, на небе — вясёлкі,
На гонях красуе пшаніца і жыта…
Бягуць, не спыняюцца думкі-саколкі
К табе, правадыр мой, у сонцы спавіты!
На сход, незвычайны свой сход,
Да новых нявіданых дзён
Ідзе наш совецкі народ
З далёкіх і блізкіх старон.
Ідзе, ўвекавечыць ідзе
І долю і праўду сваю,
Каб воля жыла ў грамадзе
І цешыла вольных сям'ю.
Засядзе народ у Крэмлі
Кліч кінуць на цэлы бел-свет
Пацвердзіць для роднай зямлі
Свой сталінскі вечны завет.
Кліч пойдзе аб сходзе да хат,
За тыя капцы, рубяжы,
Дзе путы валочыць мой брат,
Дзе значаць дарогу крыжы.
Цвіці-ж, каласуйся, мой край,
Ці сонейка захад, ці ўсход!
Аб Сталіне песні спявай,
Спявай, беларускі народ!
20/XI-36 г.
|