Во зараз, во зараз, во зараз
Пабачыце казку-праўдзівасьць:
У сонечным вечным пажары
Задзівіцца дзіва.
Во драканаў дваццаць мітычных
Сталёвай сям‘ёю прыгожай
Пад стукат, пад грукат стазычны
Даль-высь заварожаць.!
Во крыльлі дрыгочуць нэрвова,
Маторы равуць, як зьвяругі;
Во клічуць вятрышчаў з заховаў
Пропэльлеры-глюгі.
Машыны аж глушаць паляну,
У вырай рой драканаў рвецца.
Чакайце, чакайце — зарана,
Стрымайце імпэт свой!
Пілоты глядзяць у бяздоньне,
Рулі абхапілі харобра.
Крылатыя борздыя коні
Закелзаны добра.
Гэй, гэй! Шарахнуліся птухі…
Заёрзалі грозна, сурова.
На полі імчыць завіруха
На колах гумовых.
Пырх-пырх — і паляна пустая.
Ляцяць. Чуць ухопіш іх вокам.
Як мара нязнаная тая.
Ой, ой, як высока…
Імчацца, імчацца, імчацца
Над пухкай, над сьнежнаю хмарай.
Сталёвыя гулкія раці
Глытаюць абшары.
Драбнее, драбнее, драбнее!
У сіняй пустэлі дружына.
Баечныя цуды-пігмеі,
У небе — крапіны.
Ў абоймы стыхіі з размаху
Кідаюцца з дзікай ахвотай.
Ня ведаюць сполаху-страху.
Гэй, слава пілотам!
То робяць круць-верці ў паветры,
Кульгаюцца ў бокі з гарачкі.
Нурцы задаюць на шмат мэтраў,
Бы дзікія качкі.
Во, во, упадуць як Ікар той,
На сьмерць разаб'юцца ў хвіліну.
Падняліся зноў. Гэта жарты —
Жартуюць машыны.
Зноў пырхаюць, глушаць бязбрэжжа,
Нясуцца блакітнай дарогай.
Нябёсам кідаюць мяцежны
Бунтарскі свой, рогат.
Менск, 1923 г.
|