Буралом (1925)/Чырвона-чорная жалоба

Крылатыя машыны Чырвона-чорная жалоба
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1925 год
Чырвоны каляндар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чырвона-чорная жалоба.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чырвона-чорная жалоба.

Плыў мароз па струнах драцяных
ад слупа і да слупа,
іржавым водгульлем стагнаў
ад каменна-бэтонных валатовак-скрынь вялікіх мест
да шурпатых саламяных стрэх
бабулек згорбленых —
вясковых хатак.
Ён на дарозе ўсюль сяваў па дрэвах
срыбны мох бялява-сівай шэрані.
І ноч паўзла, як вуж.
А па шкляных палёх нябёс
каціліся, зьвінелі
пругка-цьвёрдыя брусьніцы
буйных зор.
У сьвітцы сьцюжы шэрай
Беларусь Савецкая
што-хвілю размаўляла
з роднаю сваёй сястрой
з Масквою.
Гаварыць шмат аб чым было:
Зьезд Саветаў, здароўе Ільліча.
Нэрвамі і жыламі аднымі
з С.С.С.Р. наш край навекі сплецены
у арганізм адзін,
ў адну магутную і творчую машыну.

∗     ∗

Зыгзагі радыё сум-жудасьць перакінулі
З Масквы у Менск…
На раніцу ўвесь горад знаў…
Бы глюгі чорныя агідных каршуноў,
трубкі тэлефонаў клявалі вушы,
і злавяшчуньнім клёкатам
хрыпелі словы два:
«Памёр Ленін».
Смуткам-роспаччу вачэй
прарубы вуліц ажалобіліся.
Урачыста шопатна вакол.
А ён глядзіць з тысячаў портрэтаў
на тысяччу вачэй з нямою думай
з абурштыненых вітрын,
са сьцен, з вакон, з пакояў,
з часопісаў, лістовак,
з кніг на розных мовах,
абрамлены жалобнай чорнай сьцежкай.
Абрысы чэрапа так дзіўна-вялічавы,
ў ім туліцца дабро і бацькі і прарока,
сталёвы гарт бароцьбаў асілка-вялікана,
і думы гэнія, што каленай стралой
імчацца, віхрацца, пылаюць
з ушчэльляў прошласьці туманнай
у будучыны сонечную далеч.

∗     ∗

Жалобы дні плывуць у бяздоньне дзён,
бы ў каменную глотку сьфінкса.
І зморшчыны па тварах мас
ратаі смутку-роспачы
аруць у барозны.
То — сьмерць асілка.
Канчына Промэтэя:
— Памёр Ленін,
— Няма Леніна,
— Жыве Ленінізм, —
жар-птухі радыё з Масквы
Марозьліва-гарачай,
вульканіста-бунтарскай,
Вэзувію падобнай,
па сьвеце ўсім, маўляў маланку,
вестку ймчаць.

∗     ∗

Ночна-макавыя колеры,
рэволюцыйны знак жалобы,
нябыцьця ноч і пломень-кроў змаганьня
шлюбуюцца ў адно.
Палахліва-жудасны той шлюб
чырвона-чорны.
Мазольны люд сусьвету ў момант пазнае:
— Памёр Ленін,
— Няма Леніна,
— Жыве Ленінізм.
Дзень дваццаць першы пачатку году сёмага
кастрычнікавай буры
у жалобе чорнай з крэпу
адзеты на ўсім сьвеце.
І шэрагам нямых вандроўцаў
тугі сур‘ёзна-строгай
гэты дзень жалобны
вякоў кялімы
прарэжа вастрынёй сярпа,
праб‘е грымотным молатам.

∗     ∗

І кожны гарапашнік шчыры жаль
ад сэрца выяўляе пасвайму,
паводлуг звычаяў сваіх.
Усюль работніцка-сялянскія грамады
чуюць сваю страту.
Нэрвы ўсіх працягнуты, як стрэлы,
к сонцу Рэволюцыі —
к свайму Леніну,
к яго казцы, замалёванай вялікім малерам,
к грымотна-бурнаму
Чырвонаму Крамлю.
З усюль:
ад Афрыкі пякуча-шэрай,
ад вод блакітных Ганга,
ад старых сьцен Кітаю,
ал тундраў малочна-мглістага Сібіру,
ад зямель Колюмба,
да паўстанчых змрочных пушчаў Беларусі
зьліваюцца ў адзін вялікі шквал
дэмонстрацыі і мітынгі рабочых.
Бо кожны сэрцам разумее,
што Леніны ў гісторыі чалавецтва
ў тысячагодзьдзі толькі раз бываюць,
якія твораць эры на зямлі.
Кожны край пасвойму
веліч яго ставіць:
— Ленін — Конфуцы,
— Ленін — Будда,
— Ленін — Маісей,
— Ленін — Хрыстос,
— Ленін — Магамэт,
— Ленін — Наполеон,
— Ленін — Бісмарк,
— Ленін — Вашынгтон,
— Ленін — Маркс.
Так з усяго сьвету.
А беларуская кабета ў шэрай вёсцы
ад прастаты і шчырасьці сваёй
галошаньне дзядоўскае заводзіць,
пранікнутае горам,
аплеценае вобразамі старасьвецкіх дзён,
як тыя дэсаны на паясох вясковых:
— На каго-ж ты нас пакінуў, ой, татуленька!
— Асірацелі без цябе мы, ой, зязюленька!
За душу Леніна малітву шчыра шэпча,
сьвечку ставіць
і пэўна, што за любоў к гаротным
ён пападзе у рай нябёсны…


∗     ∗

Творчы дух людзей, натхненьнем поўны,
цяпер красу і мудрасьць Леніна шукае:
вучоныя філёзафы трактаты пішуць
тоўстатомныя аб Леніне.
У кожным яго слове дзівы гэнія знаходзяць.
Поэты з вобразаў і рытмаў мілагучных
вянкі плятуць яму на маўзалеі
з сотняў вершаў, нібы з незабудкаў.
Композытары ў хаосе згукаў
гармонію знаходзяць для жалобных маршаў
на яго канчыну.
Маляры, скульптары шукаюць
сакрэты ліньняў, фарбаў,
каб як-небудзь увекавечыць
для будучых сыноў зямлі
магутны воблік Леніна,
усім цяпер вядомы.
Кіно-фільмы плянэту нашу
поясам абкрылі —
адбіткам дзён жалобных.
Прамовы Леніна з грамафонных
тафляў яшчэ доўга будзе слухаць
Вызвалены люд.

∗          ∗

А яго нейлепшы твор,
найлепшы монумэнт —
С. С. С. Р.

Аб ім мастацтва —
адбітак толькі слабы,
толькі цень туманны.

Ён сам — з поэм поэма.
Не ў пэргамінах,
Не ў фоліянтах,
Ня ў маршах жалобных,
Ня у статуях,
Ня ў фарбах, —
У жыцьці.

∗     ∗

Надыйдзе час,
І ленінізм абхопіць
агнёва-сонечным штандарам
С. С. С. Р. сусьвету.

Сказы тысячалецьцяў
аб сьветлай долі чалавека,
якія выяўленьне знайшлі
ў адным магутным і прыгожым чэрапу,
спраўдзяцца ў жыцьці.
Усьціхне бура боек, спрэчак,
ня будзе ані клясаў, ні народаў,
а будзе ўсюды
вольны, творчы чалавек.
Тады,
праз стагодзьдзі,
з усіх краёў зямлі,
штогод
у дзень дваццаць першы студзеня,
памкнецца грамадою люд
у Чырвоную Мэкку —
Саркафаг той паглядзець,
дзе спачывае на Чырвонай Плошчы
вялікі правадыр працоўных мас,
якія колісь волю вырывалі
з клыкоў зьвярыных
капіталу.
Дзівіцца, будуць тыя пакаленьні
Ленінскаму гэнію,
што думкамі і дзеямі
тысячагодзьдзі пранікаў.

Менск, 1924 г.