Буралом (1925)/Маладой гвардыі

З песьняў сонца Маладой гвардыі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1925 год
На руінах-папялішчах
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладой гвардыі (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Маладой гвардыі.

Агнёвыя віхоры вам песьні гучна пелі,
У музыцы баішчаў вы казачна расьлі,
Вас гадавалі грозна гарматныя капелі
На збуранай зямлі.

Вы ў рытмах вольных сьпеваў купаліся, бы дзеці,
Глыталі вокам чырвань мяцежніцкіх сьцягоў.
І выбухнулі гнеўна з вулькану ліхалецьцяў,
Бы мора з берагоў.

Вы рынулі з падвалаў мазольнага бяздольля,
Вы з полымя бароцьбаў імкнуліся гурмой.
З юнацкаю адвагай работалі ў падпольлі
І кожны з вас — гэрой!

Як вёскі ад жандараў павоўчаму завылі,
Як стрэхі зашыпелі ў жудасным агні, —
Вы мкнуліся грамадай у пушчы векавыя
Краіну бараніць.

Рука паганца пана капала вам магілы,
У бітвах партызанскіх загінула вас шмат.
А сьмерць за край, за волю загартавала сілы,
Мацнелі вы ў сто крат.

Гарматняе вясельле заціхла на абшарах,
Бандыцкія ігрышчы загінулі ў палёх.
Ваш дух юнацкі, бодры над краем запажарыў,
Вы затрубілі ў рог.

І закіпела праца на новым мірным фронце.
Куды ні глянь — усюды ваш слаўны карнавал.
Руйнуе ўсё старое ў звольненай старонцы
Ваш бурнагучны шквал.

Сяйбіты сонца вы. У вёсках перад вамі
Званічны гук магільны плыве, імкне ў нябыт;
Вы будучыну сьмела схвацілі абцугамі,
Стварылі новы быт.

Вы сядзіце начамі над строгамудрым Марксам,
А вочы ад натхненьня — гарачыя вуглі.
Палётам дум бунтарскіх узносіліся к Марсу,
А працай — ў глыб зямлі.

Менск, 1923 г.