На руінах-папялішчах Мяцежнік
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1925 год
Арліхі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мяцежнік (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мяцежнік.

Сьмерць…
Бура…
Трывога…
Ня йдзі… Ой, ня йдзі ты, асілак-юнача!
Ляжыць прад табою страшная дарога.
Пагінеш, адважнік… Ня йначай…
Пад небам імкнуцца чырвоныя коні,
Пярун, навальніца рагочуць на гонях,
І страх і дрыготы абшар абвілі,
Віхорыцца ўсё
На зямлі…
І кроў…
І руіны…
Ой, горкая будзе, дзяцюк, твая доля! —
Сьмерць зрэжа касою, бы кветку-расьліну,
Груган зьнясе косьці па полі…

∗          ∗

«Пайду я!
«Жадаю хмялець!
«Загарэцца!
«Усім сьветам магу кіраваць я, здаецца!
«Як пушчаны некім імпэтнай стралой,
«Памчуся ў гару! Над зямлёй!
«Мне полымя!
«Крыльлі!
Я зьмераю вольным саколам абшары,
«Дзе громы ў высотах пуціну прарылі,
«Сусьветнасьць я кіну ў пажары…
«Буяюць,
«Гуляюць
«Віхровыя хвалі,
«І плачуць і скачуць — ім вольніцу далі.
«А мора мяцежнае — маткаю мне!
«А бура — ў грудзёх у мяне!
«Я — волат! паўстанец!
«Я — вольны мяцежнік!
«Я — славай кірую!
«Я — сонечны воін!
«Я — гром зоратканец!
«Я — з цемрай варожай ваюю!
«Я — волю з жалезных клыкоў вырываю!
«Я — гнеў гарапашных!
«Я — злосьць агнявая!
«Я — помста за мора няшчасьця і сьлёз!
«Мне — шаг ад зямлі да нябёс!»
.........
Памчаўся далёка…
Прапаў…
І ня вернецца сьмелы ніколі…
Яго ня ўбача ўжо матчына вока…
І грудзі парвуцца ад болі…
Яму за адвагу пахвалы ня трэба.
Яму шлях бунтарскі — зарніца у небе.
Ён — шчасьце, ён — мара адважных людзей.
Ён — песьня старых і дзяцей.

Вільня, 1914 г.