Зьвініць, зьвініць. Блішчыць, блішчыць.
То молат б‘е. Іскравіць ён.
Шыпяць мяхі. Агонь гручыць.
Ня гром пяе — кавадлы стогн.
Крывавіць сталь — чырвона сталь.
О, дуж каваль. Як дуб каваль…
Ён стукне раз і два рукой.
Дзяржыць ланцуг перад сабой.
І бразь! і бразь! Бы казак бог, —
Ён з ланцугоў куе нарог.
Вуглі гараць — бы ў вочах злосьць.
Гэй, шмат работ! Гэй, працы шмат!
Аж абцугі хрыпяць, бы косьць.
Каваль пяе. Каваль багат.
Народ вакол плячо ў плячо —
Сярпы, сярпы куюць з мячоў.
О, творыць цуд узмах рукі —
Гарматы б‘юць тут на цьвякі.
А шаблю грук і стук — каса.
І зык, і бліск — касцом краса!
І круць і верць туды-сюды —
Тачыла рве луску іржы.
Няма бяды, няма жуды.
Выходзь, жняя, на ўздоўж мяжы!
Працуй, каваль, ад зор да зор!
Ты секачу наладзь тапор!
Чакае люд каля дзьвярэй.
Гэй, куй скарэй! Гартуй скарэй!
Гультайскі сон плыве ў нябыт —
Цьвіце зарой наш новы быт.
Як буралом — ля кузьні сход.
Куецца лёс. Так дзень у дзень.
Сьпяшыць, бяжыць, імчыць народ;
Над ім праменіцца прамень.
Куюць, куюць тут для грамад.
Даюць, даюць ім шмат прылад.
Бярэ малы. Бярэ стары.
Бягуць бягом на лог-шнуры.
Працуе люд — асілкаў раць
Сьпяшыць свой край адбудаваць.
Менск, 1918 г.
|