У кузьні Кліч волі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1925 год
Хто гэта ідзе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кліч волі (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кліч волі.

Касец, касец, ідзі на луг!
Вастры касу, кляпі касу.
Абшар вакруг, трава вакруг, —
Выходзь ураньне на расу!
Гэй, скінь бяду з сваіх плячоў,
Страсі сьлязу з сваіх вачоў:
Сярод балот і туманоў
Ня косіш болей для паноў.
Гэй, скінь ярмо, адвечны зьдзек,
Бо ты ўжо вольны чалавек!
Ратай, ратай, ідзі на шнур!
Валы ў саху ты запрагай.
Стаіць пусты ўжо панскі мур.
Ня страшыць ён — сьмялей ступай!
Для самаго сябе арэш.
Пасееш сам і сам сажнеш.
Ня пойдзе хлеб твой гультаём,
Ня пойдзе хлеб тваім паном,
Бо досіць ты чужых карміў,
Бо досіць ты чужых паіў.
Выходзь з сярпом сваім, жняя!
Там каласы шумяць, гудзяць.
Гэй, паласа твая, твая —
Пара сьпяваць і жыта жаць!
Не закрычыць ганебны кат.
Ня вышле вон з радзімых хат.
І гаспадар і cipaтa,
Ўсе мужыкі, ўся бедната
Ужо ня пойдуць ў панскі двор,
Каб працаваць ад зор да зор.
Выходзь, пясьняр, выходзь, дудар,
У родны гай, у вольны гай!
Ты з курганоў на ўвесь абшар
Усім людзям сьпявай, сьпявай!
Сядзець, чакаць няма калі.
Сьпявай на звольненай ральлі;
Будзі, пясьняр, усіх людзей,
Няхай ідуць хутчэй, хутчэй
На сьветлы шлях, на шчасны шлях,
Пад вольны сьцяг, чырвоны сьцяг!

Менск, 1917 г.