Ядвігін Ш.
Публіцыстыка

1923 год
Бярозка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі).

Антон Лявіцкі радзіўся ў 1870 годзе ў невялікім фальварку сваіх бацькоў, Карпілаўцы, каля мяcт. Радашкавіч, Вялейскага павету.

Хаця тагачасная шляхта ўжо пачала даўно цурацца ўсяго роднага — беларускага і пераймаць польскае — „панскае“, Антон Лявіцкі з малых гадоў гадаваўся ў пашане да беларушчыны. Першай вучыцелькай яго была родная дачка вядомага беларускага песьняра, Вінцука Дунін-Марцінкевіча, дык ня дзіва, што патрыатызм апошняга перадаўся і Лявіцкаму.

Скончыўшы гімназію ў недалёкім Менску, Антон Лявіцкі ў пачатку 90-ых гадоў папаў у Маскоўскі унівэрсытэт. Тут зышоўся з другімі студэнтамі беларусамі і прыймаў чыннае ўчасьце ў іх працы. Вынікам гэнае працы быў выхад у сьвет беларускае кніжачкі „СыгналГаршына, перакладзенае з расейскае мовы пры ўчасьці Лявіцкага.

Вярнуўшыся дамоў, Лявіцкі пачаў прабаваць пісаць арыгінальныя творы па беларуску. У 1893 годзе ён напісаў драму „Злодзей“, якую віленскі губэрнатар забараніў паставіць на сцэне толькі затым, што яна была ў беларускай мове, Гэта знеахвоціла Лявіцкага настолькі, што ён блізка зусім кінуў пісаць.

Але, калі ў 900-ых гадох узьняўся шырэйшы беларускі рух, калі пачалі выходзіць беларускія газэты, — Лявіцкі йзноў узяўся за пяро і сваімі апавяданьнямі і байкамі выявіў вялікі талент.

Асабліва многа ён піша ад 1909 году, калі перабраўся ў Вільню дзеля сталай працы ў „Нашай Ніве“. У тым-жа годзе выходзіць у сьвет і яго вершаванае апавяданьне „Дзед Завала“ — адзіная рэч, напісаная вершам. А сьледам ідуць зборнікі „Бярозка“ (1912 г,) ды „Васількі“ (1914 г.). І ўсе творы Лявіцкага — гэта мастацкія абразкі народнага жыцьця, прадстаўленага ці то ў пацешных маналёгах, ці ў алегарычных байках. Мова яго заўсёды жывая, бойкая, а рысы народнае душы, народнае псыхалёгіі падгледжаны і прадстаўлены на зьдзіў праўдзіва.

Пасьля выхаду „Васількоў“ Лявіцкі ізноў замаўкае. Прычына гэтага — ваенныя выпадкі, якія прыпынілі выхад „ Нашае Нівы“ і прымусілі Лявіцкага пакінуць Вільню. І толькі ў 1921 годзе мы бачым яго на віленскім грунце ізноў. Але сілы яго ўжо вельмі падупалі, ён вельмі аслабеў, і хоць бярэцца за пяро, ды нічога выдатнага ня творыць. Апошняя яго кніжачка — гэта „Успаміны“ з студэнцкага жыцьця, якая выйшла ў сьвет у 1922 годзе.

Лявіцкі ў тым-жа годзе памер і пахаваны ў Вільні на магільніку „Росса“,


Увага. Творы Ядвігіна Ш., зьмешчаныя ў гэтай кніжачцы, друкуюцца паводле правапісу аўтара.