ПЕСЬНЯ АБ КЛЁНЕ
Я вакно расчыніў раніцой
І прысьнілася радасна мне:
Клён стаіць пад зялёным вянцом,
Прыхіліўшыся ціха к сьцяне.
Гэта ён, падышоўшы здалёк,
Стукаў раніцай мне у вакно…
І хістаўся радзеючы змрок
За фіранкаю пенным віном.
Ах я знаю, зялёны мой клён;
Яна прыдзе сягоньня сюды,
Ты ёй нізкі адвесіш паклон,
Прывітаешся з ёю на „ты“.
Яна прыдзе і скіне берэт,
Косы чорныя стан абвіюць.
Ты ёй скажаш: сягоньня поэт
Песьняў тайну парушыў тваю.
Ты ёй скажаш сваім языком,
Што вядома было толькі нам…
Хай яна залатым аганьком
Усьміхнецца хоць раз ля вакна.
Я тады не закрыю вакно,
Песьню й сэрца аддам на вянкі,
Каб і песьня званіла вясной
І квітнелі ў душы васількі!
|