Васільковы россып (1929)/III/Ізноў я тут

Случчыне Ізноў я тут
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Ой, ня воранаў крык

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІЗНОЎ Я ТУТ

Ізноў я тут, у шумным горадзе,
Ня ведаю чаму і як.
І галава мая ў асеньнім золаце,
І вусны расьцьвілі, бы мак.

Вось вее вецер холадам асеньнім,
Рабіны грэюцца ля нізкага вакна,
І, мне здаецца, нечыя бадзяжаць цені,
І лісьцем крыецца маўклівая багна.

Палі мае, бярозкі і таполі,
Чаму лісты ўсё падаюць ніжэй?!
Халодны вецер так і сьвішча ў полі,
І быццам сэрцу гэтак харашэй?!

Далёкае, вясёлае… я болей мо‘ ня ўбачу,
Сяло радзімае і любых шмат дзяўчат.
Па вуліцах шырокіх вецер так-жа плача,
Кашулю трэпле на маіх плячах.

І ці я горадам іду, ці полем —
Аднолькава сінее даль,
І толькі думаеш часьцей і болей,
І ўсё напорней у шляхох хада.

Я помню травень, і вятры на тракце —
Тады яшчэ мне збылася дзесятая вясна, —
Я ведаў толькі лес ды лапці
І лепшага ніяк ня мог спазнаць.

Была вясёласьць песьняю будзіць надраньне,
х З жалейкаю йдучы ў сасновы сад.
Паіншаму тады я марыў аб сялянах,
Паіншаму зусім быў з іхніх песень рад.

Цяпер даўно ня бачыў я сяло, і поле,
А ўсё-ж у думках многа васількоў,
І часам ля вакон знаёмыя таполі
Прыймаю я сумных сваякоў.

Ах любы мой, каханы горад!
Ад песень і гудкоў тваіх каму не весялей?!
Стаю ля сьцен тваіх, і пад каменны шорах
Успамінаю аб сваім сяле.