Васільковы россып (1929)/III/Случчыне

Краіне Случчыне
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Ізноў я тут

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЛУЧЧЫНЕ

1

Песьні любыя, колькі ў іх праўды
Расьцьвіце, як пялёсткавы мак.
Ці туга на вачох, ці радасьць —
Анішто ня мінецца так.

Ўсё шасьцістаю песьняй падкована,
Словы сеюць рассыпчаты звон.
Я ня знаў, што зусім выпадкова
Можна смутак разьвеяць свой.

2

Учора было ці сягоньня,
Толькі словы як быццам ярчэй…
Зноўку клічу яе дарагою,
Што з вазёрамі сініх вачэй.

Зноўку клічу яе, зноў гарнуся…
Вуснаў палкі агонь на шчаку,
Сэрца к сэрцу — вянок Беларусі
а Скрыжавалі вятры на пяску.

3

У дваццаць год, колькі я ні кахаў,
Колькі знаў я дзяўчат прыгожых,
А туліла заўсёды страха,
Нявыразныя думкі-рожы.

Мо затым і люблю гэту простасьць
У прыгожасьці нашых дзяўчат,
Калі з песьняй схіляюцца постаці
Залацістае жыта жаць.

Штосьці роднае, штосьці наскае
Нагадуе мне кожная хустка,
Мо‘ за тым, што іх сінія ласкі
Сьняцца мне каля кожнага куста.

Я ня змог, дарагая случчанка,
Ня схіліцца краіне тваёй,
Бо ня бачыў такіх воч-заранак
‘Шчэ ні ў якай краіне другой.

4

Гаварылі і сёньня гавораць,
Прыгажэй ня было і ня будзе,
Толькі я ўсё глядзеў у прасторы
І думаў, якія людзі…

Але дні, быццам сонечнай збруяй,
Адзванілі інакшую рань,
І я постаць яе дарагую
Распазнаў над карункамі траў.

З тэй пары, што ні дзень то болей,
Словы музыкай льлюцца крыніц…
І туга, смутак шэры у полі
Больш ня схіліць галоў маю ніц.

Дык павейце-жа, песьні, павейце,
Галасіце усплёскамі слоў,
Каб разьнёс над курганамі вецер
Любай случчыне нізкі паклон!