Васільковы россып (1929)/III/Коньнік

На вакацыі Коньнік
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОНЬНІК

1

Каля тыну б‘е капытам конь,
Залатое грывы зблытаны агонь
Плешча бег нязьмераных вякоў.
Каля тыну б‘е капытам конь.

Коньнік змораны прысеў на тын,
Ён адстаў ад гэтых і ад тых,
Ён ня змог угнацца бяз пуцін.
Коньнік змораны прысеў на тын.

Ай ды шырака раскінуўся зялёны вяз,
Выслаў коньніка ў дарогу князь,
Выслаў з войскам подаці зьбіраць.
Ай ды шырака раскінуўся зялёны вяз.

Так яшчэ у князя ня было ніколі.
Непакорнасьць лютасьцю ачарніла поле.
Цяжка стала коньніку у такой няволі…
Так яшчэ у князя ня было ніколі.

Ўзбунтавала ў коньніка гарача кроў, —
На каго ён едзе абіраць сыноў.
Лепей дзе загінуць ці — да казакоў.
Ўзбунтавала ў коньніка гарача кроў.

За зялёным ярам, за гарой-гарой
Чуе коньнік тупат ды ня свой,
Чуе пір казацкі каля хвой,
За зялёным ярам, за гарой-гарой.

За ракою пыжыцца туманаў бель,
І падумаў коньнік сам сабе:
Досыць княжыцкай служыць гульбе.
За ракою пыжыцца туманаў бель.

Схамянуўся коньнік, дуб схіліў рукой,
Бразнулі падковы аж па-за ракой,
Страсанулі скруху жоўтую пяскоў.
Схамянуўся коньнік, дуб схіліў рукой.

Вецер глуха сьвішча раньняю парой,
Эх, ня выдай, коніку, пранясі стралой,
Князява пагоня ўжо зусіх старон.
Вецер глуха сьвішча раньняю парой.

2

Памуцілася сьцюдзёная вада крыні,
Казаку ня езьдзіць болей на кані,
Казаку інакшы сьніцца пір
Там, дзе пеніцца глыбокі вір.

Пры высокім беразе, у крыку чаек,
Хвалі сінія яго зьвянчалі,
Павялі на дно пяністае ў церамок,
На жвіры цярністыя, на пясок.

Дзе ў бяссонным заўжды пераліве вод
Скачуць белыя русалкі ў карагод,
Скачуць, валасы заблытаўшы травой,
Што ня вернецца казак дамоў.

Ад таго ля тыну біў капытам конь,
Залатое грывы рассыпаў агонь,
Што ў няволі княжыцкай яшчэ да нас
Не адна стагнала старана.