Васільковы россып (1929)/III/На вакацыі

Да дому На вакацыі
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Коньнік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ВАКАЦЫІ

I

Сьнежань.
Вячорні час.
Круціць мяцеліца дзесьці,
Быццам тысяча скрыпак ураз
Загаласілі песьню.

Вечар. А гэтак іскрыста,
Круціцца белы сьнег.
Вербы у срэбных маністах,
Водаль і каля мяне.

Еду. Паскрыпваюць сані,
Звонка усхліпваюць бомы.
Вёрст дзесятак яшчэ лясамі
І ізноўку я госьцем дома.

І ізноў я такі, як раней…
Маладыя дзяўчаты, хлопцы,
Кожны з іх усьміхаецца мне,
Кожны радасьцю п‘яны бясконца.

Зноў лятуць саламяныя весьці:
Комсамол, піонэры, клюб…
Толькі круціць мяцеліца дзесьці,
Верставы засыпаючы слуп.

Толькі вецер шугае бяздомны,
Дзе-ні-дзе усплыве чорны куст,
І ізноў
Рассыпаюцца бомы
Ды сьняжысты дарогаю хруст.

2

Вось і дома я,
Схілены плот,
Пах саломы і мяккага сена,
І залочаны ў далях усход
На бярозавых вісьне дасэнях.

Усё такое звычайнае быццам,
А як гляну, ускіпвае кроў.
.............
Апусьцела старая званіца
І вароны на цэркві старой.

З ціхай ласкаю стрэла матуля, —
Ня відаліся цэлы год,
Нават кот на прымурку сутулым
Белай лапаю мые рот.

А старыя расказваюць нешта,
Быццам дзіва гавораць камусь.
Старадаўнасьць вось гэткая, прэч ты,
Не такая цяпер Беларусь.

3

Ледзь управіўся я з дарогі,
А ужо навіна бяжыць:
— Ты нам свой брат, а ну, Сярога,
Папарадку усё раскажы.

Мы звычайныя, вершаў ня пішам,
Кожны рады пасеву свайму,
Раскажы нам бяз словаў лішніх,
З кім кітаец вядзе вайну.

Як жывуць гарадзкія рабочыя,
B пачым сёньня цэніцца крам?
Дым табачны саквы
Акурваў іх вочы,
Слова кожнае перабіраў.

І да поўначы гэткія весьці:
Збудавалі чытальню ў сяле…
Толькі плача мяцеліца дзесьці
Засыпаючы воўчы сьлед.

4

А сёстры, якая зьмена, —
Толькі ўцеха адна, —
Расказвай ты ім пра Леніна
З вечару хоць да відна.

Ім усё роўна дзецям,
Колькі мінула год,
Толькі былі-б на сьвеце
Санкі ды сьлізкі лёд.

Радасьці іх ніколі
Нельга нічым супыніць.
Сьнежань.
Маўклівае поле.
Вёска і зімнія дні.