Васількі (1914)/Зарабляюць

З бальнічнаго жыцьця Зарабляюць
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Зарабіў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зарабляюць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зарабляюць.


Мамку — дык закапалі на магілках — пры горадзі; не на самых, праўда, магілках, але так — крышку з боку — за плотам, бо казалі, што яна неяк не зусім так, як трэба для могілак, памірала.

Татку не давялося ўбачыць. Ганулька — сястрычка, значыцца, мая, — казала, што як была маленькая, а мяне ешчэ на сьвеці зусім не было, — дык разы са два бачыла. Нішто, казала, хоць старэнькі, але добры быў: грошы, а то і цукеркаў, бывала, прыносіў і надта пекную пахучую адзежыну меў на сабе. Але я так і не бачыў яго: на пахавунак мамкі ён не прыйшоў. Чаму? Ня ведаю.

Як мамку хавалі, мне было гадоў восем; Ганулька бралася пад чатырнаццаць.

Пры мамцы жылі мы ў пекным мураваным домі, дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька — бытцым у зямлі. Так, бывала, сьмешна глядзець праз ваконцэ: толькі ногі міг-міг, а то іншые — шлэп, шлэп, але толькі і відаць ногі, якбы людзям галоў і ня трэба было…

Жыць было добра, спакойна, і гульні свае з Ганулькай мелі. Зімой, напрыклад, у вялікі мароз на вакне (адно яно было ў нас) такіе бывалі пекные кветкі, што так і глядзеў-бы цэлы дзень на іх, а Ганулька возьме вугольчык, дый ім на сьцяне такіе самые кветкі навядзе, — як раз такіе самые, толькі тые былі белые, а гэтые чорные… Або — іншым разам — з вакна вада стане капаць, — вось, як раз як часта бывала з вачэй мамчыных; такая перш маленькая капелька, а пасьля яна неяк пухне пухне, і зробіцца вялізарная, бліскучая і… кап; а потым другая, трэцьцяя, але так сама памаленьку: кап… кап… кап… Толькі, помню я, раз мамчына капелька упала мне на твар, дык такая цёплая была, ажно гарачая, а тые, што з вакна капалі, дык іншым разам замерзалі ў доўгіе, доўгіе сасулькі; тады мы з Ганулькай аддзіралі іх і гулялі ў крамніка што цукеркі прадае.

Здаралося не раз, што есьці надта хацелося, а мамка не прыносіла (мусіць, часу ня мела), дык за тое яна як пачне нам гаварыць, як пачне, а так умела пекна гаварыць: як птушачкі Божые — такіе маленькіе, бедненькіе, а страхі над сабой не маюць, а мы маем; як іх вецер праймае, а да нас не дабіраецца; як яны галодные спаць садзяцца, — і ўсё гэта так пекна, так жаласьліва нагаворыць, што аж нам захочэцца быць падобнымі да гэтых птушачак Божых, каб і нам халодна было, каб і нам, як гэтые Божые птушачкі, галоднымі класьціся спаць у халодны кут. І кладземся. А мамка доўга ешчэ сядзіць і шые, шые, шые…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .
.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Сперша, як асталіся мы толькі ў дваёчку, — вельмі маркотна было… Скуліўшыся, — як каткі у клубочкі, дрэмем, не раздзеваючыся ўсю ноч, хліпаючы ад часу, да часу, на мамчыным ложку… Галоднымі не былі: хлеб ешчэ цягнуўся; два злоты ў мамчынай апратцы знайшлі, а як праелі іх, — Ганулька і кажэ да мяне: „ты, Адамка, не дурэй, сядзі ў хаці, ды лемэнтар, як мамка паказывала, грызі, а я пайду грошы зарабляць і на сябе, і на цябе“. І праўда: заработкі яна дастала ў скорасьці: то на пабягушкі, то падлогі мыць, то вады прынесьці, ці так што якое, — але зарабляла, і год за годам ішлі роўна, спакойна… Ганулька вырасла на сталую ўжо дзяўчыну, а і я, хоць тонкі і худы, але так сама ў верх выцягнуўся, і мы нераз ужо памеж сябе раіліся, каб убіцца мне да якаго майстэрства, але… але зрабілася нешта такое, чаго мы самі не маглі зразумець: заработкі Ганульчыны неяк зразу урваліся…

Чаму? — не разумеў я. Чуў толькі ад дворнічыхі, што такіх ганарыстых, як мая Ганулька, — паны ня любяць… Жыць стала цяжка: мала таго, што ціснуў голад, але і апрануць не было чаго — сядзім цэлы дзень у хаці, як тые мышы ў нарэ, і толькі, як добра сьцямнее, Ганулька ў сваіх лахманах выпоўзала да аднэй старэнькай пані, каторая адна і асталася, што ешчэ мела літасьць над намі, і то тое, то сёе перэпадала ад яе нам з яды. Але цягнуцца гэтак доўга не магло. Ганулька кідалася ўсюды, шукаючы працы, і зморэная прыбегала позна вечэрам да хаты, ламала свае ручкі і плакала, плакала… Гледзючы на яе, скавытаў я з жалю, як тое шчанё…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

— „Адамка, — вярнуўшыся знекуль, кажэ да мяне Ганулька, — „нема рады: каб адна я была — ведала-б, што зрабіць, але цябе шкода! Ідзем разам на службу: нам дадуць апраткі, кватэру і есьці, колькі захочэм“.

Я цешыўся, аж скакаў, і дзівіўся, што Ганулька была вельмі маркотная: амаль ня ўсю ноч пракленчыла яна пры мамчыным ложку, — малілася і плакала, плакала і малілася…

Назаўтра пайшлі мы на службу: гэта быў вялікі, пекны, чысты рэстаран. Далі мне чыстую цэлую адзежыну і паставілі за лёкая; Ганульку адзелі, як кралю якую, але работы не назначылі ніякай…

І служым мы. Што дня, а найбольш вечэрам, находзяць дзесяткі і сотні чыста і багата адзетых паноў, бяруць смачную, дарагую яду, купляюць заморскіе водкі і віны, кідаюць грашыма, як трэскамі; пьюць ядуць, крычаць на лякаёў, — бо такіх як я, ёсьць тут ешчэ с пяток і такіх, як Ганулька, ёсць апроч яе тры. І! ўсе яны нічога ня робяць: ходзяць ад стала да стала, госьці іх адны перэд другімі просяць да сябе, кормяць, пояць, ды ешчэ гасьцінцы даюць…

Мая служба вельмі цяжкая, — найгорш, калі Ганулька — мая родная, каханая сястрычка, седзючы пры адным стале с панамі, — крыкне: „Адам! ешчэ бутэльку віна!“ — Ляту, нясу, атпечатываю, неяк ногі і рукі мае трасуцца, і мест у шклянкі лію віно на белы чысты абрус, бо не на віно гляджу; гляджу, як зачараваны, ў сініе, сініе вочкі сваей Ганулькі, і хочэцца мне крыкнуць на ўвесь гэты рэстаран, не — не рэстаран, а крыкнуць так, каб ўвесь сьвет пачуў: „кідай, сестра, безработную службу! кідай, дарагая мая!“