Васількі (1914)/Пратэст
← Награда | Пратэст Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пратэст (Ядвігін). |
Пратэст.
(Аткрыты ліст у Рэдакцію „Н. Н.“).
Мы, ніжэйпадпісаўшыеся, аддыхаючы, ці-то грэючыся пасьля цяжкай і сумленнай працы пад лавай, або сталом у хаці, не раз чуем, як нашы гаспадары чытаюць пісаную ў іх мові газэту „Нашу Ніву“, ў каторай часта успамінаецца слова „брэхня“. Брэхнёй, як мы заўважылі, называець „Наша Ніва“ выдумкі і лгарствы, якіе прыдумываюць нейкіе там нанятые за грошы людзі. Проціў гэтаго мы пратэстуем.
„А пратэстуем вось чаму. Што іншаго — выдумка і лгарства, што іншаго — брэхня. Брэшэм толькі мы, сабакі. Дык ведайце, што наша брэхня — ня выдумка і не лгарства, бо ніводзін сумленны сабака ані за грошы, ані без дай прычыны брэхаць ня будзе; гэта могуць пасьведчыць нашы гаспадары. Дык не маеце права нас зневажаць, раўнуючы да гэных паноў, а каторых пішэце.
„Бываюць, праўда, і паміж нас (але зусім мала!) гіцлі, каторые каб убіцца ў хату, дзе чуюць яду, і пажывіцца, пачынаюць бытцым шчыра брэхаць. Гаспадар, разумеецца, выгляне праз дзьверы: што за, неспакой? А той лодыр шусь яму пад ногі і ўжо каля стала хвастом круце! — Гэткі прайдоха шмат шэльмоўства робіць, бо пакуль суседніе сабакі добра яго не распазнаюць, дык не раз і іх падвядзе: пачаўшы брэхню, і другіе падыймаюць напрасную трывогу. Гэткі гад у нас, так як і ў вас, завецца провакатарам. Розніца толькі ў тым, што ў вас гэткаму пану кланяюцца, вітаюцца з ім і грошы плацяць; а наш брат, калі свайго гэткаго спаткае, дык і хвастом не кране, а ўсей заплаты ім, калі гаспадар палкай перэцягне…
„Бываюць ешчэ паміж нас так званые ляпайлы (але не брэхуны!). Ляпайлай завуць у нас прыдуркаватаго, або патсьлепаватаго сабаку, каторы прывык таптацца толькі на адных і тых самых, змалку знаных яму сьцежках; дык калі такі бедак наткнецца на сваей дарожцы на які-колечы ражончык, ці што якое (мала хто можэ кінуць што туды?), — вось, ён, спалохаўшыся, і атскочэ ў зад, дый, не разнюхаўшы добра, ў чым справа, пачынае ляпаць ды ляпаць — дзень і ноч.
„Але з ляпайламі, а ешчэ менш с провакатарамі мы, сабакі — брэхуны, нічога супольнаго не маем“.
Лыска — Міхалкі Канцавога, з вёскі Граек;
Разбой — Тадора Серэдняка, з вёскі Булькаў;
Жук — Сьцепана Крывога, з вёскі Засільля, і другіе.
Па іх прозьбе ліст напісаў і за неграматных распісаўся
Ядвігін Ш.