Хлеб Награда
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Пратэст
Іншыя публікацыі гэтага твора: Награда (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Награда.


Прыгнаные з усіх старон государства дактары і шаптуны ўжо лічылі, што толькі неколькі гадзін аставалася жыць іхняму цару-цароў — султану. Ніякай надзеі на ратунак не было: надыйшла апошняя ноч жыцьця яго.

Ажно пад поўнач да канаючаго Султана прыляцеў, як шалёны, с пляшкай нейкаго зельля першы яго міністэр і, прыпаўшы на адно калена перад хворым, крыкнуў!

— „Выпій, пане наш, гэтае зельле, і будзеш здароў“.

Султан выпіў, і назаўтрае устаў здаровым.

Цешыўся, але не дзівіўся народ, што першы міністэр вылечыў Султана, бо каму-ж і быць найразумнейшым, калі ня першаму міністру?

Султан, клікнуўшы да сябе збаўцы свайго ад сьмерці, міласціва кіўнуў яму галавой і кажэ:

— За тое, што выратаваў ты мяне ад сьмерці, даю табе маёнтак на поўмільёна рублёў.

— О, цар-цароў! Ласка твая вялікая — атказаў першы міністэр, — але не я заслужыў яе, бо лекарства гэтае даў мне мой памошнік!

— Памошнік? — здзівіўшыся пытае Султан. — Клікні-ж яго да мяне. Але як ты падаў мне лекарства, так і назначэная награда нехай будзе пры табе.

Прыйшоў міністроў памошнік і, сагнуўшы калені, кажэ:

— О, пане мой! Заслуга не мая: зельле даў мне мой сэкрэтар.

— Калі даў гэткаго добраго зельля твой сэкрэтар, то твая вялікая заслуга што ўмееш падбіраць сабе такіх разумных людзей, т за гэта даю табе сто тысяч рублёў, а сэкрэтару выдай 50 тысяч наградных.

За колькі гадзін убегае шчасьлівы сэкрэтар да Султана і, пакаціўшыся яму ў ногі кажэ:

— О, сонцэ маіх вачэй! За такую вялікую ласку жыцьцё я свае гатоў аддаць, але не я заслужыў яе, бо лекарства даў мне старшы мой лёкай.

— Добра, — атказаў Султан, — свае грошы вазьмі і карыстай з маей ласкі, а касіру майму прыкажы даць лёкаю твайму 10 тысяч рублёў.

У скорасьці ізноў убегае сэкрэтар да Султана і кажэ:

— Лёкай мой прызнаўся, што зельле гэнае даў яму кухар.

— Даць і кухару, — кажэ Султан, — наградных тысячу рублёў.

Кухар, атрымаўшы грошы, пабег да міністра, кінуўся яму ў ногі і, як на споведзі, прызнаўся, што лекарства ня ён зрабіў, а даў яму крамнік, дзе ён усё купляе.

Пачуўшы гэта ад міністра Султан перэслаў крамніку сто рублёў.

Да сьлёз разжалены ад такой ласкі крамнік пабег у Султанавы палац і шчыра выказаў, што лекарства гэнае даў яму знаёмы шавец, каторы прыходзіць да яго крамкі купляць цыбулю і хлеб. Зрабілі даклад Султану, а той па сваей міласьці вялікай, даў прыказ паслаць шаўцу гасьцінца: адзежу і боты.

Бяз конца цешыўся шавец з адзежыны, але боты былі старые і латаць ён іх не хацеў; апроч таго яго грызла сумленьне за незаслужэнную награду, бо лекарства тое даў яму знаёмы нэгр — жэбрак, каторы ніякае апраткі ня меў; і вось, гэты шавец аддаў жэбраку старые боты.

… І ходзіць цяпер збаўца Султанава жыцьця, хоць голы, але ў ботах…