Васількі (1914)/Хлеб
← Што сказаў певень | Хлеб Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
Награда → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хлеб (Ядвігін). |
Хлеб.
(З народнаго апаведаньня).
Стаў ганяць стараста Пранука ажно ў паветовы горад адбываць там нейкіе павіннасьці. — „Ах каб з вас духі павыганяла!“ — замармытаў пад нос Пранук, але-ткі, хоцькі-няхоцькі, закінуўшы на плечы торбу с хлебам, пацягнуўся.
Раніцай — халадком — ісьці было нішто, але пад паўдня стала прыпекаць, ногі пачалі млець, а тут ешчэ вяровачка ад торбы с хлебам муляе плечы Пранука. А ў дарозі, вядомая рэч: зразу зусім ня чутно ціжару, а прайдзі толькі далей, дык і хунт пудам здаецца!
Перэкідываў Пранук торбачку з аднаго плеча на другое, перакідываў, дый так нічога: рэжа!
— „Вось, каб цябе ліха!“ — стаў нарэкаць Пранук, — „сам чуць цягнуся, а тут ешчэ і хлеб нясі“…
— „Ня ты мяне нясеш, а я цябе нясу“, — адзываецца хлеб с торбы.
Забыўся Пранук і на дзіва, што хлеб загаварыў, толькі ешчэ горш узлаваўся:
— „Дык ты гэтак?! Мала таго, што на плячох маіх ляжыш, — ешчэ агрызацца ўздумаў? Вось-жэ паглядзім, хто каго нясе!“ — дый бразь торбу с хлебам аб зямлю, а сам ажно ходу са злосьці падбавіў.
Ішоў Пранук, ішоў доўга; але што-раз часьцей садзіўся спачываць, што раз часьцей уздыхаў, што раз часьцей сплёвываў і, не прыждаўшы ешчэ вечэра, вельмі усьцешыўся, угледзіўшы здалёку па дарозе карчму.
Зайшоў, дастаў капшук, вытрас з яго апошнюю залатоўку, што з дому ўзяў, каб было чым хлеб свой паткрасіць у дарозе, ды аддаў яе цяпер на хлеб і, ласа сухі яго грызучы, дагадаўся ўрэшці, хто каго нёс: ці ён — хлеб, ці хлеб — яго?