Васількі (1914)/Чортава ласка

Жывы нябошчык Чортава ласка
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Дуб—Дзядуля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чортава ласка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чортава ласка.


На ўсю нашу вёску (а вёска — хат 60) не было набажнейшаго чэлавека за Пранука Агорчыка. Ніводнаго сьвята, бывала, не прапусьце, каб не схадзіў Богу памаліцца; да споведзі не то што раз — а разы два-тры ў год дападзе; кут хатні — ўвесь образамі залеплен; а што лаянкі, дык хоць-бы як там яму дапякло, — ніколі ніякай ад яго не пачуеш! Аж дзіва, бо вядома: ў нашай прастаце бяз чорта, паралюша, ці ешчэ там як — абыйсціся трудна. Шэпталі людзі, што наш Пранук не заўсягды гэтакі быў: слова, бывала, не скажэ, каб брыдка не вылаяцца; але як і што там гэтак яго перэрабіла, — ніхто дабра ня вядаў. Маўчаў і я, бо абецаўся да пары маўчаць, — але цяпер, калі ўжо пад зямлёй ляжыць Агорчык, — раскажу.

У цёплую, відную летнюю ночку паехалі мы аднаго разу с Прануком на начлег. Ніхто больш не прыехаў да нас, — спаць не было як класьціся, дык сталі то аб тым, то аб сім гутарыць.

— Дзядзенька, — пытаю, — што гэта пра цябе людзі выдумляюць?

— На тое людзі, — махнуўшы рукой, кажэ Пранук.

— Раскажы, дзядзенька! — стаў я прыставаць, — родненькі, я нікому не скажу! — ды ў адну руку цмок, у другую…

— Ну, добра ўжо, добра, — раздабрухаўшыся, кажэ стары. — Ідзі толькі коні перэвяжы.

Скокнуў я, агнём справіўся, прыбег, прысеў каля Пранука і аж трасуся с цікавасьці. А ён пачаў баяць:

„Быў я тады, як гэта зрабілася, за лясьніка і жыў на адзіноце каля Чорнай Лужы. Жэнаты ўжо быў і двое дзетак меў. Любіў сваю Агату так, як вы цяпер і не патрапіце; а дзетак? — прападаў за імі! Жылося нішто. Дабытак меў: і сьвінку, і авечкі, і каня, тры каровы…

„Надумалі мы з жонкай каня прагандляваць: ціхават быў, і дыхавіца прычапілася. Даў я такога-сякога зельля, каб не было знаку дыхавіцы, і павёў на кірмаш; там каню ўліў ешчэ кручкі са два гарэлкі, каб развейшы быў, і паставіў на рынак. Як слова сказаць, падбегае да майго каня нейкі чорны, худэрлявы, малады ешчэ хлопец, чыста ў крамнае адзеты. Палядзеў на каня. на мяне і пытае: „Колькі хочаш?“ — Пяцьдзесят, кажу (— а яму ўсей цаны 30!) „А шустры?“ — ізноў пытаецца. — Як вецер! — кажу. Ускочыў ён на каня, праехаўся (а конь, ведама, апьянеўшы — рвецца на ўсе бакі), пад’ехаў да мяне, ды ізноў: „Браку ніякога німа?“ — Які брак? — кажу, — німа! — „Можэ ўступіш хоць на барыш?“ пытае. — Не хачу, — кажу, — ні барыша, і ўступаць ня думаю! Так ён, не злазючы с каня, зараз шасць у кішэнь, дастаў грошы, адлічыў 50 рублёў, даў мне, зарагатаў, па кані сьцёбануў і прапаў…

„Стаю, як дурны, і сам сабе ня веру: за гэтакую падлу 50 рублёў! Варьят, думаю, нейкі — і пайшоў шукаць сабе каня. Прайшоў раз, другі рынак, бачу: стаіць чорны жарэбчык; падыйшоў, абгледзіў — аж вока рве: сыт, складзен, малады… — Можна папрабаваць?- пытаю. — „Чаму не, — кажэ прадавец, — толькі чы ўседзіш? — Э-э, дам рады, — думаю, і, ўскочыўшы на каня, пакаціў. Ну, хлопчэ, і конь-жэ быў: агонь, а ня конь! Вярнуўся; торг у торг — перэбіваю руку, на 75 рублёў. Дастаю грошы плаціць… — „Пачэкай, — кажэ прадавец, — конь ня мой, гаспадар прыйдзе — яму і заплаціш, а то гатоў не паверыць“. — Аж як раз надбегае той самы чорны… Ну, думаю, можэ агледзіўся — будзе беда! Тут ён да мяне: „Купіў майго коніка?“ — Купіў, кажу. — „Маладзец! але я не такі скупы, — кажэ, — як ты: ідзём у карчму на барыш, там і заплаціш“. — Пайшлі. Чаго мы там не пілі?! І гарэлку, і піва, і віно, — і за ўсё ён сам плаце. — „Ну, кажэ нарэшце, ўзяўшы за каня грошы, — годзе піць! Дзякую табе за кампанію і дзякую за коніка: заслугу, вялікаю заслугу будзеш мець…“ — Перад кім? — здзівіўшыся, пытаю. — „Перад чартом! — кажэ. — Прадаў ты каня за здароваго, а ён і дыхавічны, і выпіць кручок, другі можэ, — такіх мне і трэба! Удружыў ты мне! Так слухай—жэ: ласка за ласку: чаго толькі зажадаеш да дзевяці разоў, — помні — ня больш дзевяці, — скажы: зараз тое споўніцца…“ — Згінь ты, прападзі, нячыстая сіла! — крыкнуў я, — чаго ты да мяне прычапіўся?!. Зарагатала нешта… „Гэта раз!“ толькі пачуў я; гляджу — нікога німа!

„Кепска, думаю я; скарэй на воз: Як па кані, так па кані, і не агледзіўся, калі да хаты прыляцеў, ды скарэй да жонкі: так і так, кажу, прыгода якая вышла — Дурэнь ты, — кажэ Агата, — выпіў цераз меру; але маладзец, што каня добраго выгандляваў; кладзіся спаць!“ Злосць нейкая мяне ўзяла, а і барыш разабраў; давай я крычаць: Спаць?! выпіў многа?! Лжэш!! Капейкі на гарэлку: не страціў — па грошах глянь! На што плаціць за гарэлку? Крыкну толькі: давай чорт гарэлкі! — і будзе гарэлка зараз!.. — Але гарэлка, на стале не паказывалася, і жонка стала кпіць з мяне. Аж тут убегае ў хату старшы сынок і пытае мяне: „тата, тата, чы гарэлку сюды несьці?“ — Якую гарэлку? — пытаю вылупіўшы вочы. — „Я ў драбінцэ шукаў абаранкаў, — атказывае, — а знайшоў чатыры пляшкі гарэлкі“. — Здзівіўся я, бо помню, што не купляў. Збялела і жонка: „Можэ хто памыліўшыся ўлажыў пляшкі ня ў свой воз? — кажэ, глядзючы на мяне, — а можэ і праўда то што́ нячыстае: — цераз лад ужо с коньмі пашэнціла!.. Засні, Пранук, крыху; як схаладае, каровы выпусьці, а я зьежджу з дзяцьмі да таткі: ён стары — хітры, — можэ што параіць“. — Едзь, — кажу.

„Астаўшыся адзін, стаў я думаць: а нуж і праўда, што ўсякае жаданьне маё споўніцца? Дзевяць жаданьнёў! Праўда, два ўжо прапалі: чорта гэнаго с карчмы выгнаў і гарэлкі набраў; але ешчэ сем! Чагож думаю, зажадаць? Зямелькі-бы? бо хоць у вёсцэ і ёсць трэціна, дык што-ж гэта значыць? Валоку, дзьве, а то і ўсе пяць! Будынкі мураваные… Немаведама толькі, раздумляю, чы на кожны будынак пойдзе па аднаму жаданьню, чы адно — на ўсе?.. А коні, коні! якіх і ў пана німа — буду мець!.. Скацінку, сьвіней, зерна — а грошы, грошы!.. Гэтую самую пустош, чуў, прадае пан; от аткупіць-бы!.. Дай, думаю, прайдуся, пагляджу, як граніцу правясьці, дзе запусьціць, дзе ўдзерці, бо ўжо калі карыстаць с чортавай ласкі, дык карыстаць!..

„Толькі гэта вышоў я, гляджу: куры ў пшаніцы, сьвіньня ў бульбе, авечкі найлепшы мурог дратуюць! От, думаю, бабскі дагляд! Узлаваўся, забыўся ўжо а сваіх думках, схапіў нейкі сук, ды ціханька ззаду падкраўшыся, хлясь свіньню па спіне (а свіньня вялізная — пудоў 12, ды на апарасеньні). Тая са страху не па сухапуцьці, а цераз трасучую балоціну сморг — ўцекаць! Але куды, там — гэтакая туша! Як віш і асела, храпе, сапе, ды ваду усё цямкае… Я і за вушы, я і за хвост, а яна ўсё глыбей едзе… Бачу: адзін не дам рады; можэ, думаю, як дам ей спакой, сама як выбярэцца. — Чорт цябе бяры, тапіся! — крыкнуў, я і бягу да авечэк, па дарозе закруціў сукам над галавой, ды пусьціў ім у пшаніцу па курах: каб вас ястрэб гэтак дзёр, як вы маю пшанічку дзерыцё! — кажу і бягу далей. Авечкі, згледзіўшы мяне, ходу пад лес на дзірван! — Ну, і воўк вас зарэж! — закрычаў я, — там шкоды ня зробіце!.. Гляджу: як добрые патцёлкі, выскачылі два ваўкі, занялі авечкі і гоняць іх перад сабой у гушчар! —Ага — тю! Ага — тю! нарабіў я гвалту, а яны і не зважаюць: гоняць! Я назад — ляту, як мага́, да хаты па стрэльбу. Ажно бачу: на мяжы каля пшаніцы дзярэ ястрэб кур, толькі перья ў гару лецяць, а на балоціне свіньня ўжо і сапсьці перэстала, — толькі спіна відаць… Уляцеў я ў хату, схапіў с калка стрэльбу, ды ў ногі, а тут калі трэснуся аб вушак лбом! — толькі ў вушах зазьвінела. — Нехай цябе агонь! — застагнаў я і паляцеў авечэк бараніць. Дабегаю да лесу, — чую: трашчыць нешта. Аглянуўся: гвалт! хата гарыць! Кідаю стрэльбу аб зямлю, дзяру ва ўсе лапаткі кароў выганяць, бо хлеў пры самай хаце! Але куды там! — Раве скаціна, аж на сьцену лезе, а с хлева ані руш! Тузаўся я, тузаўся — хоць вас нехай павыцягіваюць! — зароў я сам нема, ды кінуўся цягаць с хаты, што папала… Каб хоць жонка, ды дзеці дома былі: памаглі-б… А тут і бэлькі трэшчаць сталі… Згіньце, прападзіце вы ўсе разам! — як шалёны крыкнуў я, выскачыў с хаты, ды ізноў у хлеў. Аж тут пасярод яго ляжаць мае кароўкі: вочы вылупіла, языкі павыпірала!.. Як непрытомны выскачыў на двор, ды давай у адзін голас выць: Гвалт!! ратуйце! Гвалт!! ратуйце! Гвалт!!.. аж пакуль не ахрып, не асунуўся, не абамлеў…

„Як праз сон стаў я разбіраць, што тут парабілася, ды як успомніў, — аж валасы дыбам сталі! Гэта-ж я сам усяму вінават! сам! Гэтаж мае жаданьня споўніліся!.. Гэта тая чортава ласка! Ласка чортава!! „Дзевяць жаданьнёў, казаў — дзевяць!“ А колькі споўнілася? Стаў лічыць с пачатку: чорта прагнаў, гарэлкі ўзяў, перавёў куры, свіньню, авечэк, кароў, хату спаліў і жонку з дзяцьмі запрапасьціў, — значыць восем! Добрые жаданьня — німа чаго казаць! Скарыстаў! От, дурэнь, от, дурэнь! — стаў я сам сябе лаяць… Ну, але ешчэ адно — дзевятае жаданьне асталося! — Каб тут не прамахнуцца… Чаго жадаць? — Грошы! што найбольш грошы! — усё адабью!.. Але тут успомніў жонку з дзеткамі… Якжэ з імі будзе? Іх за грошы ня выкупіш!.. Такая схапіла мяне жаласць, што і сказаць не магу… Давай прасіцца: чарточэк, міленькі, даражэнькі! аддай жонку, дзетак, скацінку!.. Не, думаю, так нічога: жаданьне адно мусіць быць, а тут іх шмат набярэцца… Круціў я мазгамі, круціў, аж злосць забрала, ды як крыкну: чорт лазаты! аддай ўсё, што забраў у мяне! Аддай, рагаты, не то і рогі табе павыкручываю! — Усё, што забраў, — гэта дзевятае і апошняе мае жаданьне!..

„… Пранук, Пранук! расчухайся — устань, жэрабца німа!..“ Усхапіўся я, разглядаюся, як непрытомны, — бачу: жонка нада мной стаіць, хата цэлая; дзеткі, ўвесь дабытак на мейсцу — ўсё, як было, толькі, значыцца, жэрабца не хватае. І ведаеш, хлопчэ: што нашукаліся, — як у ваду упаў!

„Чорт-чортам! Праўда, слова здзержаў: дзевяць жаданьнёў маіх споўнілася, але жэрабцу гутаркі не было, і чы я, чы чорт у гэтым дзеле вінават — сам добра не разбяру. Вось, с таго часу лаянку кінуў“.