Васількі (1914)/Жывы нябошчык

Раны Жывы нябошчык
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Чортава ласка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жывы нябошчык.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жывы нябошчык.


Колькі гадоў мінула с таго часу — не ўспомню. І цяпер, і тады воласы мае былі белые… толькі цяпер яны белые, як той на згон зімы брудны, прырыжэўшы сьнег, а тады яны былі белые, як добра вытрэпаны лён. Вочы мае цяпер, — як тая вада вапенная; тады былі — як васількі ў жыце. Так мне і прозвішчэ далі — Васілёк. (Хрышчонае імя маё — Максім). Паненка мяне так празвала — Васільком… Добрая была паненка… Бывала, як толькі угледзе, што нябошчык татка мой, аткінуўшы полы бравэркі, хопіцца за паясніцу, каб адперазаць дзягу, дык зараз яна — паненка — цап мяне за руку, ды на бок, да сябе прыцягне: „Ня бій, кажэ, Мацей (бацьку майго Мацеем звалі), ня бій! Малы ён, худэрлявы, — каго тут біць?!“ І бацька слухаў яе. Паненка, ня ведаю за што, любіла мяне. Учыся, бывала кажэ, Васілёк, учыся — пад старасьць як знойдзеш. Учыла яна мяне чытаць і пісаць; страху да яе ніякога ня меў, а не раз і з бядой сваей дзяліўся, — бо маткі маей ужо не было на гэтым сьвеце.

Гэтак ішлі гады за гадамі… С смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнаго дзяцюка; чытаў — як рэпу грыз; як напішу — хоць хто прачытае, і шмат ужо пацехі з мяне меў мой бацька: памагу ў гаспадарцы (бацька, мой вёў усю панскую гаспадарку) і дагледжу і запішу.

Але… зрабілася нешта такое, чаго ніхто з нас ня мог зразумець. Аднэй цёмнай ночкі разбудзіў мяне татка і кажэ: „Расчухайся, Максім, і добра слухай, што я табе буду казаць: ты ўжо, дзякаваць Богу, маленькі, да гаспадаркі прылажыўся, парадкі тутэйшые добра ведаеш, дык от што запамятай сабе добра: пан, паніч, Змітрок і я зараз едзем… куды — не пытайся і сам языка не распушчай! Глядзі, пакуль хаця адзін з нас каторы ня вернэцца сюды, — пілнуй і слухай паненкі, пілнуй двара і гаспадаркі, пілнуй і глядзі панскаго ўсяго дабра; чаго сам ведаць ня будзеш — райся старога Тадора, — ён не здрадзе; глядзі на ўсё і пілнуй, як стары сабака будкі! Не паслухаеш бацькаўскаго слова —вярнуся, — не пагляджу на твой мох пад носам, — дзьве скуры спушчу… не вярнуся — с таго сьвета пракляну!..

Бацька, сказаўшы гэта, глыбока ўздыхнуў, бытцым пасьля цяжкай работы; сьлёзы заблішчалі ў яго вачах; ён адвярнуўся ад мяне.

— Будзь здароў, сынку, шапнуў ужо на парозе. — Нехай Пан Езус мае над табой апеку. Сказаў і вышоў с хаты.

Я так спужаўся, што забыўся і языка: стаю, трасуся, нейкі жаль сьціснуў сэрцэ, а сьлёзы так і патплываюць да вачэй…

С таго часу ня відзеў болі я бацькі свайго: прышлі весьці, што недзе галаву злажыў сваю разам с панам і маладым панічом. Змітрок так сама прапаў без весьці. Я і Тадор так і асталіся жыць у дварэ пры паненцэ.

Шлі гады за гадамі… Ўжо і ў паненчыных валасах заблішчало серабро. Дзьля мяне — жыцьцё было добрае: ўся гаспадарка была на маіх руках і добра ручыла; пэнсію браў добраю; яды — па ушы і пашанаваньне меў. Не раз, бывала, паненка на гарбату, на вячэру клікне да сябе: сядзем, гаворым, раемся, а на астатак патчас доўгіх зімовых вечароў і ў карты — ў дурня паіграем. Любіла паненка гэтаго дурня і не раз сьмеху мелі з яго — аж бакі ўрывалі.

Былі дзьве дзяўчыны пры пакоях: Параска і Тэкля. Сядзем мы ў дурня гуляць с паненкай, а яна клічэ гэтых дзеўчат і кажэ: ну Васілёк, калі ты прайграеш — то будзе дурэнь Тэклі, калі я — Параскі. Пачынаем гуляць, а дзеўчата, вылупіўшы вочы, пілнуюць, каторая дурня возьме. Прайграю я — ну, кажу, Тэкля, узяла ты вялікаго дурня! прайграе паненка — ну, кажэ, Парасачка, ты дурэнь!.. Перш ціха, пасьля лічаць, каторая больш набрала дурнёў; а пасьля ўжо і сварка ў іх (а мы аж кісьнем са сьмеху), потым бачым і сьлёзы, і давай яны нас прасіць каб іграць кінулі, бо надта шмат дурнёў набраліся!

Вось гэтак жылі мы… Меж працы і клапотаў мелі часам і сьмеху і жартаў трохі. Толькі гэта аднаго дня пад вечэр прылетае, як шалёная, да мяне Тэкля ды як загалосе: па дохтара! па дохтара! Паненка памірае!!.

Як я даставіў гэтага доктара — ня помню… Шмат я іх пасьля гэтаго перэцягаў, але, дай Божэ ім доўгі век, с таго сьвету вярнулі паненку… Але якую? — і не пазнаць! Ані яна складна што скажэ, ані ў яе памяці, ані якой рупнасьці да гаспадаркі… адна толькі ахвота асталася да дурня ў карты, і то без уселякіх даўнейшых жартаў… от толькі мы ў дваёх. І то — ігра, каб ігра, а то жалься Божэ! Нічога ня помніць, толькі кідае картамі! Іншы раз у рабочы час пасылае па мяне ісьці іграць ў карты. Як тут не паслухаць? Але бачу я, што ад гэтых гульнёў гаспадарка пачынае кульгаць… Я і так, і сяк прабаваў выкручывацца — нічога не памагае! Так мне гэта надаела, — што і сказаць не патраплю!

Добра не скажу на каторым гаду паненчынай хваробы, ў самую Пятроўку, калі грукала і блыскала на небе, а на пожні сена, як шафран пахучэе, раніцай разьбілі, — прысылае паненка па мяне, каб зараз ішоў у дурня гуляць.

Не сцярпеў — грэшны я чэлавек — узлаваўся: досыць, кажу, мяне дурнем рабіць! Не мая гаспадарка, а чужая? Здаць мне яе трэба — каб людзі не сьмеяліся — не пайду! Скажы, што мяне не знайшоў.

— Паненка ўсю дворню пагоне шукаць, — кажэ зафрасаваны пасланец.

Калі так, то скажы, што я памёр! — са злосьці крыкнуў я.

Спацелы, зморэны, сярдзіты — бо шмат сена не ўхапілі і разбітае замокла — вярнуўся да дому і толькі стаў запісываць у кнізі работнікаў, як прыбегае Параска с крыкам: паненка ідзе тваё цела наведаць — Што брэшэш? вылупіўшы вочы, пытаю. — Даліпан ідзе! Гэны дурны Апанас сказу ей, што ты памёр і што мы ні наўгаварывалі — нікога ня слухае: ўсіх гоне ат сябе…

Што тут рабіць, думаю… злосць ешчэ горшая схапіла мяне: раз з гэтым скончыць!.. Выправіў Параску, высунуў серэд хаты тапчан, заслаў яго гунькай, палажыў падушку, і лёг выцягнуўшыся, а сам с-пад вока паглядаю, — што будзе.

Праўда: ўходзе паненка сама адна; глянула на мяне, ўздыхнула цяжка, на калены стала, перэжэгналася і давай пацяры гаварыць:

— За душачку змарлую… За душачку змарлую… — Забылася, відаць, як завуся, бо ўсё пра меж сябе шэпчэ: якжэ яго? якжэ яго?

А я с тапчана патсказываю: Васілёк… Не… не… не Васілёк, забыўшыся, што з нябошчыкам спор вядзе, кажэ паненка. Гэта дзьля мяне ён Васілёк, а дзьля Бога іначэй… ня ўспомню… але не Васілёк…

— Максім, ізноў патказываю с тапчана. — Ага, ага, Максім, Максім, — узрадавалася паненка, ды ізноў, — за душачку змарлую Максіма Анёл Панскі… ды давай усе гэтые пацеры атпраўляць…

І стыдна, і жутка мне неяк зрабілася, але і прыдумаць не магу, як з бяды вылезьці! Ўстаць? — горш будзе: спужаць магу… Жутка, але то так жутка стала, што здалося і напраўду ўжо я нябошчык, і першай прышла наведаць мяне тая, с каторай век свой пражыў, і ад каторай век свой крыўды не зазнаў… Не то, што жутка, але чую ўжо як рукі і ногі халадзеюць, якбы паміраю… Тымчасам паненка ўстала, перэжагналася, падайшла ешчэ бліжэй да мяне, пацалавала ў мой мокры ат поту, халодны лоб… Хутка спаткаемся, Васілёчак, — шапнула, і… ціханька — на цыпачках выйшла…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Ня злез, а зваліўся я с тапчана… толькі гэта і помню.

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Сонцэ высака ўжо ўзнялося, калі я прачнуўся і аж спужаўся, ўспомніўшы, што сена разбітае на пожні засталося; хацеў усхапіцца — куды там! Ані павярнуся… На шчасьце Тодар увайшоў… Я да яго: братка, родненькі, скажы, што са мной? устаць не магу — памажы… там сена разбітае счарнее…

— Добра, добра, кажэ, от з’еш перш што я прынёс, ды выпій, тады а сене пагаманім…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Ледзь на пяты дзень, калі ўжо я мог сядзець на ложку, даведаўся а сене: звязьлі яго… тры тыдні таму назад, а я пралежаў чатыры тыдні без памяці ў гарачцэ…

Паненка? Паненку ў дзесяць дзён, як прыходзіла па мне — нябошчыку — пацеры гаварыць, адвязьлі… на магілкі!..

Бедная, бедная, мая ты панначка! Можэ там табе німа с кім і ў карты паіграць?..

Вечны табе пакой!!

А я — нябошчык — жыву, ды жыву…

С таго часу ўжо не Васільком сталі мяне клікаць, а жывым нябошчыком…