Васількі (1914)/Чэлавек
← Дуб—Дзядуля | Чэлавек Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
З бальнічнаго жыцьця → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чалавек (Ядвігін). |
Чэлавек.
І прыйшоў чэлавек да Бога свайго і кажэ:
— Божэ! забяры ад мяне Бяду, Слязу і Хваробу, а дай мне Волю, Шчасьце і Здароўе.
Бог і кажэ:
— Добра, чэлавечэ, будзе так, як ты жадаеш.
І стаў жыць чэлавек без Бяды, без Слязы, без Хваробы, а — вольны, шчаслівы і здаровы. Ажно прыйходзе сьмерць і кажэ:
— Чэлавечэ, паміраць пара. Чэлавек, калі жыў з Бядой, Слязой і Хваробай, не раз сам жадаў і рад быў са Сьмерці, але цяпер жаль яму стала жыцьця. І пайшоў чэлавек да Бога свайго і кажэ:
— Нашто Ты, Божэ, хочэш адбіраць у мяне тое, што сам дараваў? Забяры ад мяне Сьмерць.
Бог і кажэ:
— Добра, чэлавечэ, будзе так, як ты жадаеш.
Ішлі векі, ляцеў час.
І прыходзе чэлавек да Бога свайго і кажэ:
— Божэ, усё я зведаў, ўсяго зазнаў, адна толькі рэч незнаная мне асталася.
Бог і кажэ:
— Чаго-ж ты, чэлавечэ, хочэш?
— Сьмерці, атказывае чэлавек.
І Бог даў чэлавеку Сьмерць.