Зацьвітаюць вішні Тайга
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
З поэмы „Байкал“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тайга (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАИГА

Прывет табе, жыцьцё на воліМ. Багдановіч

І вось канец дарозе дальняй.
Нязнаны і далёкі край…
І над тайгой, як стужка сталі,
небеларуская зара.

Чамусьці моўкне сьмех і гоман:
штось прымушае разважаць —
страх перад будучыняй цёмнай
ці па пакінутаму жаль…

Суровы край. У срэбных шатах
павеяў вечар стыньню злой.
Плялі вянкі сабе дзяўчаты,
агні палілі пад тайгой.

Суровы край. Куды ні глянеш —
колёны кедраў, воўна піхт,
нябёсы з сіняй парцэляны
і зор зялёныя снапы.

І працы будзе тут багата!..
Ня стане сіл, сасмагне кроў.
Беларусы збудуюць хаты
на цаліне другіх краёў…

Мо‘ там, на бацькаўшчыне цесна —
і шмат людзей, і шмат балот.
Мо‘ тут вальней сьлязам і песьням,
тут… за птушыны пералёт…

Там шмат людзей і казак болей.
Лясы, вазёры, паплавы.
Там межы на убогім полі
палын ды быльнік аплялі…

Дык вось яно, гаротных выйсьце,
каб песьням сьветлым празьвінець…
Тут дні люцей і ледзянісьцей,
тут сны суровей і цямней.

Цямнее зірк, цямнеюць твары:
шмат трэба працы, шмат і сіл,
каб заімшэлыя абшары
інакшым цьветам ўскаласіць.

Засеюць лёнам і пшаніцай
беларусы далёкі край.
Быць можа, часам ім прысьніцца
зямлі пакінутай зара.

Забыты будзе хлеб з мякінай,
заглохнё шлях і дальні сьлед…
О, праца марна не загіне,
бо ў працы ўсё — жыцьцё і сьвет.

І ў працы бяз тугі, бяз болю
ўспаміны будуць дагараць…
Прывет табе, жыцьцё на волі!..
Прывет табе, далёкі край!..

1926 г.