Вершы для дзяцей (Колас, 1945)/Восень
← Храбры певень | Восень Верш Аўтар: Якуб Колас 1945 год |
Рак-вусач → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Засмуцілася, зажурылася…). |
ВОСЕНЬ
Засмуцілася,
Зажурылася
Даль шырокая,
Неаглядная.
Думкай горкаю,
Невясёлаю
Звіс туман сівы
Над балотамі.
А ў палёх даўно
Жыта звезена,
Коска, серп крывы
Працу скончылі.
Агаліўся луг,
Даўно скошаны,
Толькі вежамі
Стагі высяцца,
А зірнеш на лес —
Сэрца сціснецца:
І маркотна ў ім
І не весела!
Пажаўцеў убор,
Пышны ліст яго,
І ціхусенька
Асыпаецца.
Сціхлі песенькі
Вольных пташачак…
Глуха лес маўчыць,
Думку думае.
Знаць, ён думае
І маркоціцца
Па вясне-красе,
Залатой пары.
Эх, пануры лес!
Не журыся, брат:
Для твае вясны
Сцежка бітая —
Жыццё новае
К табе вернецца;
Зашуміш ты зноў
Гучна лісцямі,
Заспяваеш ты
Разам з пташкамі
І хвалу спяеш
Жыццю новаму.