Вершы для дзяцей (Колас, 1945)/Храбры певень
← Конь і сабака | Храбры певень Верш Аўтар: Якуб Колас 1945 год |
Восень → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Храбры певень. |
ХРАБРЫ ПЕВЕНЬ
Па надворку певень ходзіць,
За сабою куры водзіць
І крычыць: — Сюды! сюды!
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
— Хто такі там? Хто такі?.
Вось на ток ён зачасаўся.
— Кыш! — адтуль хтось адазваўся.
— А які там чорт? Які?
Певень жытам кур частуе,
Гаспадара бы й не чуе,
Кліча кур: — Сюды! сюды!
Гаспадар мятлу хапае.
Гвалт наш певень падымае:
— Хто куды! ой, хто куды!