Звычайнае Ноччу
Верш
Аўтар: Язэп Падабед
1926 год
Перад раніцаю
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноччу (Падабед).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧЧУ

Узмахвае вятрыска вольны пухкай хусткай.
Скрыла ноч і сёлы і палёў разоры.
Узвышша глыбіня ўжо стала сіня-хрусткай,
І дно усеялі гарохам срэбным зоры.

Іду. Іду па сьценцы. Ў сівыя туманы
Ціш мачае-мочыць сьвіты сваёй крысься…
Ша!.. Воддаль сьвіст няждана пікай вострай раніў
І змоўк, як-бы прад ноччу гордаю скарыўся…

Плыве насустрач мая вёска цёмным кустам;
Сьпіць даўно; чуваць, як дышуць яе грудзі,
Вярстовы слуп, як вартаўнік той, у баку стаў
І сочыць, по-начы дарогамі хто блудзіць?..

Іду павольным крокам. Думкі-жа няспынна
Дню патрэбы закілзаць імкнуцца ў цуглі.
Але — жыцьцё сваю работу ўпарта пыніць
І больш ня будзе абшарпаным шляцца валацугай…

І ты, мая гарбатая бабулька, вёска —
Піць ня будзеш коўшам палыновых зельляў:
Убачыш — амалодзяць комсамолкай вёсны,
Інакш ад сёньняга палі узросьцяць зелень…

Іду. Іду ў раздум‘і. Ў сівыя туманы
Ціш мачае-мочыць сьвіты сваёй крысься.
Далёка дзесь сьмяецца аганёк рахмана.
Далёка дзесь касьцёр комэтай заіскрыўся…