Вершы (Падабед, 1926)/I/Звычайнае

Малады араты Звычайнае
Верш
Аўтар: Язэп Падабед
1926 год
Ноччу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗВЫЧАЙНАЕ

Паглядзеў на руку на гадзіньнік:
Чорны вус не паказвае шэсьць.
За вакном ‘шчэ нядаўна вятрыска так дзіўна
На клавішах лісьцяў іграў, ды сьцішэў.

∗     ∗

Нашы дні — жарабцы вараныя:
Гэтак шпарка, галёпам лятуць.
Засыхаць быльнягом, чыё сэрца ные
І хто мерае пядзей вярсту.

Не з такіх Апанасаў Нічыпар.
Не здарма-ж быў калісь у сяле пастухом,
І ня зналі яго панічы, пан, —
А сягоньня: ведае цэлы райком.

Завівалася бура калісьці вялікая,
І Нічыпар астацца ў баку не пасьмеў:
Бунт-паўстаньне у бой яго клікаў,
І прышоў ён адважна, прыняць хоць і сьмерць…

Быў ліхім і упартым паўстанцам,
А сягоньня ўжо сын іншых дзён…
І, нібы электрычная станцыя,
Правадамі чуцьця ён урос у бурлівы раён.

∗     ∗

Грудзі сьціснуў ён моцна рукамі:
Чагось мала, чагось хочацца больш.
Чалавечае сэрца ня камень,
Каб ня чуць і уласную боль.

Ах, вясна, шумным морам разьлейся,
Хай лятуць журавамі дзянькі…
Ах, Алеся! Чорнабровая ты, Алеся:
Прамяністы і шчыры свой пагляд ускінь!

Пакахаў і — гарэзіць, вядома.
Пакахаў і — у сэрцы міжвольны крык.
Вёскі. Тэзісы. Кнігі. У сходы райкому,
Ды к таму і яна.
Хай душа бязупынна іскрыць…

∗     ∗

Паглядзеў на руку на гадзіньнік:
Чорным вусам паказвае — шэсьць.
Вецер, вецер, чаму так дзіўна
Ты на клавішах-лісьцях ня граеш, сьцішэў?!

∗     ∗

Ня цікава было: ці у зорах гарыць паднябесьсе,
Не чакалі яны „ночек лунных“.
Моцна сьціснуў Нічыпар Алесю
І зьліліся ў адзін пацалунак.

Не чакалі яны „ночек лунных“,
А спаткаліся ў вечар за кручай
І зьліліся ў адзін пацалунак.
Дуб з бярозкай растуць: іх ніхто не разлучыць.

А спаткаліся ўвечар за кручай
Сакратарша ячэйкі і сябра райкому:
Дуб з бярозкай растуць: іх ніхто не разлучыць,
І ніякая бура ня зломіць!
.................