Ветразі (1929)/III/Па сьлядох мінулага

Пад заходняй зарой Па сьлядох мінулага
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Пад чырвоны шлем

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПА СЬЛЯДОХ МІНУЛАГА

Бяскрайнія, бяздонныя
Парывы творчых сіл, —
Шырэй за далі сонныя
Глыбей за небасінь.
Пад сьлякацьцю,
Пад сьцюжамі,
У разьюшаныя дні, —
Мы слоту дзён адужылі
Бяду перамаглі.
Хмялелі штодзень дзеямі,
Запалам барацьбы,
Бяз роспачы, з надзеямі,
І паміралі мы…
Хмялелі нашы ворагі
Крывёю і віном, —
Было ім толькі дорага
Аджытае „даўно“.
Пад рогат гільятынавы
Сьвістаў і плакаў меч.
Найлепшымі карцінамі
Тапілі колісь печ.
Найлепшымі поэмамі
Ніхто не даражыў.
Гулялі ў жмуркі з дзеямі
Вясёлыя нажы.
Ды гойсалі,
Ды гойсалі
Па сьвеце сьмерць і золь.
...........
Чамусьці сёньня ўспомніўся
Далёкі дальні боль…
Чаму?
…А ўсё так хораша,
Навокал многа дзіў.
Ах, так,
Я ў тэй мясцовасьці,
Дзе колісьці хадзіў
З надзейнай карабінкаю,
Вось мой стары акоп.
Я чую, кулі дзінкаюць
Вакол, вакол, вакол…
А даль
Квітнее крозамі,
Так многа розных дзіў…
За рэчкаю Бярозаю
Я многа пахадзіў.
Пад воплескі асеньнія
Вось там,
У тыя дні
Мяне па тэй аселіцы
Расстрэліваць вялі.
Вялі п‘яныя ворагі…
Вакол вароньні баль…
Каму-ж
Жыцьцё ня дорага?
Кляшторны,
Стаў на банк!
Бяжы!..
А лес рубінавы
Табе падасьць руку
Пад рогат гільятынавы
Пад сьвісты дзікіх куль.
.........
І так,
Паміж акопамі
Паміж жытоў,
Паміж…
Магіла недакопана
І недакончан крыж.
А рэчка
Так-жа пеніцца
Крыштальнаю вадой
Тут цуда сёньня дзеіцца
Ў краіне маладой.
Тут ня гуляе коньніца
Ня блудзіць цемрашал.
А выйшлі на спаборніцтва:
Машына і… душа.
Трашчаць дубы авітыя
Стагодняй казкай хваль,
На лесапільні пільна тут
Падвозяць матар‘ял.
Бяскрайнія, бяздонныя
Парывы творчых сіл.
Шырэй за далі сонныя,
Глыбей за небасінь.
Сталёвай
Звонкай коньніцы
Скарыся ўвесь абшар…
Ня дарма на спаборніцтва
Паклікала душа.
Ня дарма
Між завеямі,
Пад сьцягам барацьбы
Бяз роспачы,
З надзеямі
І паміралі мы.
Мы творцы, людзі, геніі,
Нас творчы дух заве,
Мы творчымі імкненьнямі
Перабудуем сьвет.
Хай шмат,
Хай шмат загінула
На гэтым рубяжы…
Мы лепшымі карцінамі
Умеем даражыць!

Менск, 27 ліпня 1929 г.