Ветразі (1929)/III/Пад заходняй зарой

Ці варта сёньня быць поэтай Пад заходняй зарой
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Па сьлядох мінулага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД ЗАХОДНЯЙ ЗАРОЙ

Цяпер другія далі навакол,
Усё, усё вакол памаладзела,
Выхоўвае наш комсамол
Здаровы дух у моцным целе.

Яму далёка войстрая журба,
Яму далёкі вострыя надломы,
Яму адчай прыніжаны раба
Таксама сёньня невядомы.

Яны умеюць жыць і дагараць,
А не бяз жару й попелу засохнуць.
Спаборніцтва вам ня міраж,
А моцны пульс вялікае эпохі.

Наш комсамол сягоньня на чале
Вялікага сусьветнага імкненьня…
Вось, сапраўды, дзе моцны чалавек,
А не абстракцыя,
Не лятуценьні.

Калі у нас жывы агонь ідэй
І захапленьне творчае пануе,
Калі мы кожны,
Кожны дзень,
Расьцем, гарым і новае будуем, —

Дык там,
Вось там, пад гэнаю зарой
Вандруе сьмерць у дзікім заміраньні,
Халодны кольт на вуліцы пустой
Аледзянеў, як войстрае пытаньне.

Там дзікі гнеў прыдушана маўчыць
Жывы парыў там у скляпеньні гіне,
Там лепшы творца ганьбай ня лічыў
Удасканаліць штых і гільятыну.

Там бог і чорт за чаркаю віна
За грэшны труп расцалавацца рады,
Там заўсягды нікчэмная мана
Кумой даводзіцца асьвістанае праўды:

Любоў злачынству хіліцца чалом,
Як лебяда ў нахмураную восень…
Адно каханьне чыстае было,
І то за грошы, мабыць, прадалося.

Але там прыйдзе воін да байніц
Ускалыхнуць нямыя небасхілы,
І той аўтар з турмою раскуміць,
Дзе цень маны з каханьнем ажанілі.

Там згіне цень нікчэмнае маны
Праз барыкады, турмы і байніцы,
Там запылаюць новыя агні,
І творчы дух жывога будаўніцтва.

1929 г.